Дзяржаўная падтрымка шматдзетных сем’яў
Як паведаміла ў рэдакцыю начальнік аддзела быту ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Святлана Трафімчук, да новага навучальнага года аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, у памеры 40 рублёў на кожнага школьніка. Яе атрымалі 398 сем’яў на 787 дзяцей.
Для малазабяспечаных сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, прадугледжана аднаразовая дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. У нашым раёне яна аказана 19 сем’ям на 22 дзяцей.
Зніжкі для ўладальнікаў картак
З 1 жніўня ва ўсіх аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя” ўладальнікам банкаўскай разліковай карты “Моцная картка” прадастаўляюцца зніжкі да 5 працэнтаў ад кошту тавара, які набываецца за поўны кошт. Іх памеры: 5 працэнтаў на айчынныя тавары і 2 – на тавары замежнай вытворчасці. Зніжкі не распаўсюджваюцца на лекавыя сродкі, прыгатаваныя па індывідуальных назначэннях (рэцэптах) урачоў і ў якіх памер гандлёвай надбаўкі роўны ці меншы за памер зніжкі. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя”, якія знаходзяцца ў нашым горадзе, аграгарадках Ленінскі і Крыўляны, а таксама ў санаторыі “Буг”.
Музей сустракаў гасцей
У мінулую суботу ў Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей завітала дачка першага краязнаўца нашага краю Паўла Філіпука Алена Цыбуля. Алена Паўлаўна сустрэлася з супрацоўнікамі ўстановы, пад час размовы з якімі расказала пра новыя цікавыя факты з жыцця Тадэвуша Касцюшкі, гісторыі Малых Сяхновічаў, лёсу драмлёўцаў, а таксама перадала ў фонды музея новыя экспанаты.
На наступны дзень установа поўнілася галасамі дзетак, якія завіталі сюды на музейныя заняткі “Звычкі добрыя і дрэнныя”. У час іх адбылася інтэрактыўная гутарка, дзеці праслухалі міні-лекцыю “У палоне шкодных звычак”, прайшлі тэст на супрацьстаянне ім, паўдзельнічалі ў ролевай гульні “Умей сказаць “не”. У канцы заняткаў зрабілі вывад: трэба сябраваць з добрымі звычкамі, каб быць здаровымі і ўпэўненымі ў сабе.
Названы лепшыя чытачы
23 жніўня ў дзіцячай гарадской бібліятэцы падвялі вынікі летніх чытанняў “Кніжная палітра лета”. У гэты дзень супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для юных чытачоў сапраўднае свята: правялі цікавую забаўляльную праграму, пад час якой хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і віктарынах па творах дзіцячых пісьменнікаў. У розных намінацыях былі названы свае пераможцы. Так, самымі актыўнымі чытачамі лета прызнаны Лізавета Афінская і Варвара Рамашка, цікаўнымі – Эліна Бялецкая, Ева Дзераўнюк, Максім Жмайлік, Раман Макарэвіч, Мацвей Ляшчына і Юрый Міхайлюк. Самай маленькай удзельніцай летніх чытанняў стала пяцігадовая Арына Бічук. Пераможцаў узнагародзілі граматамі і кнігамі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%