З такім пытаннем звярнулася да вучняў, бацькоў і настаўнікаў нашага райцэнтра.
Дзмітрый КАМІНСКІ, адзінаццацікласнік трэцяй гарадской школы:
– На працягу дзесяці гадоў у школу хадзіў на 8 гадзін раніцы. За гэты час выпрацаваўся свой пэўны рэжым, які б не хацелася парушаць. Навошта нешта мяняць на адзін год нам, выпускнікам? Пасля ўрокаў у нас факультатывы, многія наведваюць рэпетытараў. Перанясуць пачатак урокаў на больш позні час – адпаведна і са школы мы будзем вяртацца пазней. Менш застанецца часу для дадатковых заняткаў, адпачынку, зносінаў з сябрамі. А як жа вучні малодшых класаў? Звычайна бацькі, ідучы на працу, адводзяць іх у школу, а цяпер? Прыйдзецца заводзіць іх за гадзіну да пачатку заняткаў, а то і яшчэ раней. Лічу, што ўрокі ў школах павінны пачынацца ў восем, як і раней.
Ангеліна ПАНАСІК, вучаніца пятага класа сярэдняй школы № 2:
– Пачатак заняткаў у 9 гадзін раніцы дасць магчымасць школьнікам на гадзінку больш паспаць. Гэта зразумела. А потым? Бацькі пайшлі на працу, і мы самі збіраемся ў школу. Уяўляеце, пра што ў гэты час будуць думаць нашы мамы і таты ў сваіх кабінетах і на вытворчасці? Ці выключаны ў кватэры газ, чайнік, ці зачынены дзверы, што мы там апранулі і як выглядаем. Бацькі будуць перажываць за нас і нервавацца. Калі ўрокі пачнуцца пазней, то і пазней закончацца. Як тады паспяваць на музыку, танцы, гурткі? Дый ці зможам няспешна паесці, калі перапынкі скароцяцца? І яшчэ. У нашым класе сярод бацькоў праводзілі анкетаване наконт пачатку заняткаў. З 14 апытаных 13 катэгарычна супраць, каб яны пачыналіся пазней чым у 8 гадзін.
Марына ХАМІЧУК, мама другакласніцы першай гарадской школы Ангеліны:
– Нягледзячы на тое, што мая працоўная змена пачынаецца ў 13 гадзін, дачушку зручней вадзіць у школу на 8 раніцы. Спачатку адводжу малодшую ў дзіцячы сад, а потым са старэйшай накіроўваемся ў школу. За год Ангеліна прывыкла да пэўнага рэжыму: кладзецца спаць пасля “Калыханкі” і без праблем устае раніцай. Нават і летам не здрадзіла звычцы – падымаецца ў 7 гадзін. Калі існуе рэжым, то часу хапае і на сон, і на падрыхтоўку ўрокаў, і на гульні. Бацькам патрэбна сачыць за гэтым. Наконт пачатку заняткаў хацелася б, каб званок, як і раней, паклікаў дзетак на ўрок у 8 гадзін раніцы.
Аляксандра НАГАР, вучаніца восьмага класа сярэдняй школы № 3:
– Сёлета мы пераходзім у кагорту старшакласнікаў, а значыць, што ўрокаў у раскладзе і факультатываў дабавіцца. Пачнем заняткі з васьмі – не так позна яны закончацца, застанецца больш часу для сваіх спраў і захапленняў. Я за тое, каб урокі пачыналіся з 8 гадзін.
Таццяна КАЗЕЙ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 Жабінкі:
– Прытрымліваюся меркавання, што заняткі павінны пачынацца ў 8 гадзін раніцы. Прывяду аргументы, характэрныя для нашай установы. Многія бацькі вучняў першай школы ездзяць на працу ў Брэст, таму дзяцей прыводзяць на заняткі вельмі рана: у 7.15-7.20. Яны і так доўга чакаюць званка на ўрок, а калі гэты час яшчэ павялічыцца? Школа наша перагружана, працуе ў дзве змены, таму змяшчэнне па часе першай паўплывае на заканчэнне другой. У нас няма магчымасці праводзіць інфармацыйныя і класныя гадзіны, факультатывы для другой змены да пачатку асноўных заняткаў – усе кабінеты занятыя. Дый працоўны дзень у бацькоў пачынаецца з васьмі, таму і дзеці павінны прыступаць да вучобы таксама ў восем.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%