Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Камбайнеры Уладзімір Канцэвіч і Аляксандр Здзярук з ААТ “Рагазнянскі” ў мінулую суботу першымі ў раёне пераадолелі планку ў намалочаныя тысячу тон збожжа. Зразумела, што такі поспех не мог застацца незаўважаным. Прама ў поле, што непадалёку ад вёскі Вулька, “тысячнікаў” у панядзелак прыехалі павіншаваць старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Наталля Карпук, дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына, а таксама начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Канстанцін Шаршуновіч.
Дзмітрый Мікалаевіч вельмі цёпла павіншаваў герояў жніва і падкрэсліў, што на Жабінкаўшчыне хлеб убраны на 67 працэнтах плошчаў, а ў ААТ “Рагазнянскі” гэтая лічба складае ўжо 76 працэнтаў.
– Высокія тэмпы ўборкі забяспечваюць нашы рупліўцы, – падкрэсліў Дзмітрый Мікалаевіч. – Дзякуючы іх самаадданай працы штодня з палёў убіраецца па 5-6 працэнтаў плошчаў ураджаю. Аляксандр і Уладзімір – сапраўдныя героі. Яны становяцца першымі не ўпершыню. Яны – выдатны прыклад для астатніх хлебаробаў. Мяркуючы па налітых зярнятах, “тысячнікаў” прыбавіцца.
Ягоныя словы пацвердзіў і Аляксандр Семянюк, дырэктар гаспадаркі.
– Ураджай нас радуе – на некаторых участках малацілі 50-60 цэнтнераў з гектара, асабліва парадавалі азімыя і рапс. Хлеб маем неблагі, лічу, збяром не менш, чым у мінулым го-
дзе, а гэта звыш шасці тысяч тон збожжа. Зерневыя ў нас трэба абмалаціць на плошчы 1775 гектараў. Улічваючы, што абмалацілі дзве трэція палёў, работы застанецца на 4-5 дзён. А такім работнікам, як Уладзімір і Аляксандр, усялякая работа па плячы…
Аляксандр Васільевіч са словамі шчырай падзякі ўручыў першым “тысячнікам” грашовыя прэміі.
Перадавікоў жніва таксама павіншаваў госць з вобласці – Канстанцін Шаршуновіч – і ўручыў Аляксандру Здзеруку Грамату Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь “За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, актыўную дапамогу сельгас-прадпрыемствам у выкананні дзяржаўна значнай задачы па ўборцы ўраджаю зерневых 2017 года”.
– Нам вельмі прыемна, што сярод герояў жніва ёсць і работнікі МНС, якія ў гарачую пару садзяцца ў кабіну зернеўборачнай тэхнікі, каб дапамагчы аграрыям сабраць хлеб з палёў хутка і без страт. Такіх на Брэстчыне налічваецца 32 чалавекі. І вельмі радуе, што менавіта супрацоўнік Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Здзярук стаў першым “тысячнікам”-камбайнерам. Хочацца сказаць вялікі дзякуй рупліўцам за ўраджай.
Да віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Наталля Карпук. За высокія дасягненні на жніве перадавікам былі ўручаны Лісты падзякі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, а таксама грашовыя прэміі і падарункі. Віншаванні дапоўнілі песні ў выкананні калектыву Ракітніцкага СДК “Вярбічанька”.
Да працоўных перамог экіпажу камбайнераў не прывыкаць. Хаця Аляксандр і Уладзімір разам працуюць другі год, яны паспелі зарэкамендаваць сябе ў гаспадарцы і раёне з лепшага боку. Так, Уладзімір Канцэвіч вось ужо 17 гадоў працуе ў “Рагазнянскім”, з якіх восем – убірае хлеб. Адзін сезон у памочніках была ягоная жонка.
– У чым сакрэт поспеху? – цікавімся ў экіпажа камбайнераў-“тысячнікаў”.
– Трэба тэхніку рыхтаваць своечасова, сачыць за яе станам. Надвор’е нам спрыяе. Ну і вопыт – без яго нікуды. А яшчэ трэба любіць сваю справу, адносіцца да яе з душою. Тады будзе і хлеб, і да хлеба.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%