Пра дарожнае пытанне і крэдытаванне

IMG_1393

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
На мінулым тыдні асабісты прыём грамадзян у Жабінкаўскім раённым выканаўчым камітэце правёў у прысутнасці кіраўніка раёна Дзмітрыя Гарадзецкага намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Калінін.
Пытанні, з якімі жабінкаўцы звярнуліся да прадстаўнікоў улады, тычыліся развіцця мясцовай дарожнай інфраструктуры і крэдытавання будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў.
Два першыя звароты, з якімі жыхары раёна прыйшлі да віцэ-прэм’ера, закраналі тэму добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў, у прыватнасці – асфальтавання дарог. Так, стараста вёскі Сакалова Наталля Абібок паскардзілася, IMG_1397што пад’езд да населенага пункта і вуліца Цэнтральная ў Сакалове, якія маюць гравійнае пакрыццё, знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Дрэнныя, незаасфальтаваныя дарогі, на яе погляд, перашкаджаюць развіццю вёскі. Наталля Іосіфаўна заўважыла, што Сакалова знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Жабінкі (усяго за два кіламетры), тут цудоўная расліннасць, рыбгас “Сакалоўскі Гусак” з зарыбленымі сажалкамі. Да таго ж у 2015 годзе ў вёсцы была праведзена газіфікацыя. Таму попыт на зямельныя ўчасткі ў Сакалове ёсць (іх купляюць нават брастаўчане). Але ў дрэннае надвор’е гравійныя дарогі ствараюць пэўную праблему і, безумоўна, патрабуюць цвёрдага пакрыцця.
Анатоль Калінін выказаў меркаванне, што ў першачарговай падтрымцы і паляпшэнні інфраструктуры маюць патрэбу перспектыўныя вёскі (такія, як Сакалова), дзе праведзены газ і селяцца людзі. Таму ён падтрымаў старасту, якая прыйшла на прыём ад імя ўсіх сакалоўцаў, у жаданні развіваць сваю вёску і пагадзіўся, што неабходна заасфальтаваць вуліцу Цэнтральную ў Сакалове.
– У населеным пункце павінна быць праезная частка з цвёрдым пакрыццём, – рэзюмаваў віцэ-прэм’ер. – Што датычыцца дарог паміж населенымі пунктамі або ўчасткаў да рэгіянальнай ці магістральнай транспартных артэрый, то трэба разумець, што ахапіць іх усе цяжка і асфальтаванне павінна весціся рацыянальна.
Дарожнае пытанне ўжо не адзін год хвалюе і жыхароў вёскі Рачкі, якія прыйшлі на сустрэчу з Анатолем Калініным з просьбай пасадзейнічаць у асфальтаванні ўчастка аўтадарогі Жабінка–Рачкі–Тэльмы. Вяскоўцы расказалі, што амаль пяць кіламетраў гравійнай дарогі да іх вёскі разбіты вялікагрузным транспартам, які курсіруе да Жабінкаўскага цукровага завода. Мясцовыя органы ўлады ведаюць аб гэтай праблеме: у прыватнасці, Дзмітрый Гарадзецкі паведаміў, што дадзены дарожны ўчастак прапанаваны райвыканкамам для ўключэння ў плануемы Пералік аб’ектаў рамонту па мясцовых аўтамабільных дарогах на 2018-2020 гады з выкананнем работ у наступным годзе.
У абодвух выпадках Анатоль Мікалаевіч патлумачыў наведвальнікам, што Прэзідэнтам нашай краіны пастаўлена задача на працягу трох гадоў, з 2018-га па 2020-ы, прывесці ў парадак дарогі мясцовага значэння.
– У папярэднюю пяцігодку больш увагі ўдзялялася будаўніцтву магістральных дарог і ў меншай ступені – добраўпарадкаванню і ўтрыманню мясцовых, – сказаў намеснік прэм’ер-міністра. – Зараз аблвыканкамы вызначаюць участкі дарог, іх працягласць і патрэбныя сумы. У дадзенай праграмы дзве крыніцы фінансавання: пошліны ўдзельнікаў дарожнага руху і крэдыт Банка рэканструкцыі і развіцця.
Яшчэ адну актуальную тэму на сустрэчы з віцэ-прэм’ерам падняла жыхарка аграгарадка Ракітніца Ірына Разановіч. Шматдзетная мама пацікавілася, на якую дзяржаўную падтрымку можа разлічваць яе сям’я пры будаўніцтве жылля. Зямельны ўчастак на вуліцы Нізкай у аграгарадку Ракітніца выдзелены Ірыне Паўлаўне ў 2010 годзе. На сённяшні дзень закладзены фундамент. Жанчына расказала, што на далейшае будаўніцтва ў яе сям’і з пяці чалавек няма сродкаў. Разановічы стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з 2009 года, але статус шматдзетнай сям’я набыла толькі ў студзені 2016-га.
Уважліва выслухаўшы, Анатоль Калінін прапанаваў у якасці аднаго з варыянтаў адраснае субсідзіраванне, якое ўвядуць па Указе № 240, падпісаным кіраўніком нашай дзяржавы 4 ліпеня.
Пад час гутаркі з журналістамі па заканчэнні асабістага прыёму намеснік прэм’ер-міністра вярнуўся да гэтага пытання і патлумачыў, што ствараецца новы механізм крэдытавання, пры якім у большай ступені будуць прыцягнуты рэсурсы камерцыйных, а не дзяржаўных банкаў і дзе акцэнт робіцца на забеспячэнні жыллём шматдзетных сем’яў і дзяцей-сірот.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.