Закончылася вясёлая змена фізкультурна-аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Асілак”, арганізаванага на базе першай гарадской школы. Яго наведвалі 57 навучэнцаў ад 8 да 11 гадоў. Пры наборы ў лагер перавага аддавалася дзецям з малазабяспечаных, няпоўных сем’яў, тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама сем’ям, у якіх бацькі пенсіянеры.
Прыярытэтнымі накі-рункамі ў рабоце лагера былі аздараўленчая, адукацыйная і забаўляльная дзейнасці: знаходжанне на свежым паветры, правядзенне спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў, арганізацыя экскурсій і заняткаў па інтарэсах.
Пад час змены выхаванцаў чакаў калейдаскоп розных падзей. Кожны наступны дзень быў непадобны на папярэдні, напоўнены новымі ўражаннямі ад мерапрыемстваў і сустрэч з цікавымі людзьмі і меў пэўны тэматычны накірунак. У сувязі з гэтым лагерныя дні прысвячаліся спорту і турызму, культуры, ахове навакольнага асяроддзя, навуцы і творчасці, іншым тэмам. Са шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзіліся для дзяцей, хочацца вылучыць гульнёвую праграму “Сонечны настрой”, турыстычную эстафету “На спартыўнай сцежцы”, танцавальны флэшмоб, прымеркаваны да Дня здароўя, квэст-гульню “Знайдзі залаты ключык”, Дзень імянінніка. З задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў лінгвістычных гульнях і віктарынах, розных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, наведвалі гурткі. Незабыўныя ўражанні ў выхаванцаў засталіся ад экскурсій у раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах, Дом народнай творчасці ў Залуззі, музей прыроды ў Белавежскай пушчы.
За дзевяць дзён лагернага жыцця дзеці добра адпачылі і атрымалі мора пазітыўных эмоцый. Лагер дапамог хлопчыкам і дзяўчынкам знайсці новых сяброў, адкрыць у сабе творчыя здольнасці і таленты, навучыў не засмучацца пры паражэннях і няўдачах, даў магчымасць цікава і весела правесці час.
Алена ФІЛІМАНЮК, старшы выхавальнік фізкультурна-аздараўленчага лагера “Асілак” СШ № 1 Жабінкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%