Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Юбілейны, 25-ы па ліку, рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” прынёс заслужаную ўзнагароду жабінкаўскім бібліятэкарам. Не першы раз яны спрабавалі ўзняцца на п’едэстал гэтага прэстыжнага конкурсу, але менавіта 2017 год, які праходзіць пад зоркаю 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, стаў паспяховым.
8 чэрвеня Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў падпісаў загад № 128 “Аб выніках ХХV Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. У намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” жабінкаўцы атрымалі трэцюю прэмію.
Якім быў шлях да гэтай вяршыні?
Канцэпцыя, што не першы год распрацоўваецца ў раённай бібліятэцы, прысвечана тэме, якая дасюль у многіх думках і сэрцах адгукаецца ўспамінамі і болем. Лёсы землякоў, што служылі ў Афганістане ў тое трывожнае дзесяцігоддзе, паміж 1979-м і 1989 гадамі, калі свет зноў апынуўся на парозе вялікай вайны, даўно хвалююць творчы калектыў, у складзе якога Ірына Ганчар, Галіна Дулевіч і Марына Карпішчук (тэхнічную дапамогу ім аказваюць Юлія Ліпская і Дзмітрый Андрасюк).
Для конкурсу былі падрыхтаваны электронная база “Афганістан: наша памяць і боль”, куды ўключаны да 40 былых воінаў-інтэрнацыяналістаў (прычым, база папаўняецца амаль штомесяц і на сённяшні дзень уключае ў сябе ўжо 55 асобаў, што прайшлі ваеннымі дарогамі той неабвешчанай вайны). Матэрыялы згрупаваны па раз-дзелах: “Адкрываючы старонкі Афганскай вайны”, “Вярнуліся хлопцы з Афгана”, “Яны не вярнуліся з бою”, “Славу салдатам спяваем…” Ніхто не забыты. Побач з жывымі – партрэты загінулых сярод гарачых паўднёвых гор і пяскоў, на вайне, пра якую не любілі згадваць афіцыйныя ўлады, а яшчэ тых, хто памёр пасля яе заканчэння.
Акрамя электроннай базы, на суд журы былі вынесены відэапрэзентацыя “Воіны-афганцы Жабінкаўшчыны”, ролік з паказам мемарыяльнага кутка ў бібліятэцы “Подзвіг і памяць Афганістана” – своеасаблівае віртуальнае падарожжа па матэрыялах, з беражлівасцю сабраных бібліятэчнымі работнікамі. За гэты час выдадзены брашуры, пры-свечаныя заяўленай тэме: “Афганістан не выкрасліць з памяці: успаміны воінаў-інтэрнацыяналістаў” і “Афганістан – наша памяць і боль”.
Перад сабою бібліятэкары паставілі высакародную і няпростую мэту: выказаць даніну павагі ветэранам Афганскай вайны, што з гонарам выканалі свой воінскі абавязак.
– Мінуць гады, і мы зразумеем, якія парасткі ў душах і думках маладога пакалення пакідае памяць пра воінаў-афганцаў, жыццё якіх з’яўляецца прыкладам у патрыятычным выхаванні моладзі Жабінкаўшчыны, – упэўнена Галіна Дулевіч, для якой як дачкі воіна-інтэрнацыяналіста, што загінуў у Афганістане, гэтая тэма – частка ўласнай біяграфіі.
Супрацоўнікі Жабінкаў-скай цэнтральнай раённай бібліятэкі выказваюць шчырую падзяку старшыні раённага аддзялення ГА “БСВВА” Аляксандру Яўстратаву і ўсім ветэранам Афганскай вайны, іх родным, блізкім, што дапамаглі ў зборы інфармацыі. Разам з тым пошук яшчэ далёка не завершаны. Таму ёсць вялікая просьба да ўсіх, хто мае каштоўныя ўспаміны, матэрыялы, адгукнуцца і падзяліцца імі. Ваша памяць – неацэнная. Пра яе павінны ведаць новыя пакаленні, каб не было паўтору войнаў, што забіраюць маладыя жыцці.
На здымку: бібліятэкары каля мемарыяльнага кутка, прысвечанага Афганскай вайне.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%