Сын трэці, партызанскі

Марыя Зяленіна (злева)

Было перадзім’е 1942 года – шэрая часіна, калі то сыпле дождж-імжа, то неба засцілаюць чорныя хмары. Зямля чакала снегу, калі па Стрыганцы, што зараз завецца хутарамі Стрыганецкія Бусні, пайшла гуляць вестка: нехта ноччу Андраюкам падкінуў маленькае дзіця.
Дайшла вестка і да немцаў. З’явіліся яны ў доме, трэслі пісталетамі, крычалі: “Партызан!”, пагражалі расстраляць, але Даніла і Ганна катэгарычна даказвалі, што не ведаюць, чыё дзіця. Прыйшлося запісаць на сваё прозвішча. У доме Андраюкоў побач з Толікам і Юрыкам з’явіўся трэці сын – Вадзімка.
Даніла з Ганнай, канечне, ведалі, чый ён. Сувязным партызанскага атрада імя Чарнака быў родны брат Данілы – Мікалай. Ён знаў пра вяселле камісара атрада Леаніда Пятровіча Зяленіна з Марыяй Іванаўнай. Калі ж нарадзіўся хлопчык, умоў для яго выхавання ў лесе не было, і камандзір Шыканаў прапанаваў сувязному забраць малога ў вёску.
Мікалай Андраюк быў яшчэ не жанаты, не ўмеў абыходзіцца з такімі дзецьмі і прапанаў аддаць брату, у якога растуць два сыны, ёсць карова і нават вуллі. Па заданні камандзіра ён перагаварыў з Данілам, і Вадзімку прынеслі позна вечарам, пастукалі ў акно. Калі пераканаліся, што малога забралі, партызаны пайшлі.
У новай сям’і хлопчыка палюбілі ўсе, хаця ведалі, што скончыцца вайна і яго забяруць. Але ў сорак трэцім трапіў у акружэнне і загінуў камісар Зяленін, а незадоўга да вызвалення і яго жонка. Вадзім застаўся ў прыёмных бацькоў.
Леанід Зяленін (стаіць)Андраюкі жылі не бедна, былі адукаваныя і прыкметныя ў Стрыганцы людзі. Даніла Нічыпаравіч яшчэ пры Польшчы працаваў землеўпарадчыкам, а зараз, як у Стрыганцы адчыніла дзверы сямігадовая школа, вёў урокі ў пачатковых класах і геаграфію.
Пачалася калектывізацыя. Гаспадарка, дзе налічылі “лішнія” хлявы, у якой меліся вуллі (дарэчы, гэта быў адзіны пчальнік у Стрыганцы), трапіла пад раскулачванне, а гаспадар, названы “ворагам народа”, на дзесяць гадоў паехаў у Сібір валіць лес.
Вадзім вучыўся ў чацвёртым класе, калі нехта “наверсе” разабраўся, што ў сям’і “ворага народа” выхоўваецца партызанскі сын. Хлопца сілком забралі і завезлі ў Казань у сувораўскае вучылішча. Ганна Піліпаўна, якая душой прыкіпела да Вадзіка, некалькі разоў ездзіла праведваць сувораўца.
Тым часам памёр Сталін, і недзе праз год-паўтара дабраўся дадому Даніла Нічыпаравіч. Як пасля ён расказваў, пісьмо ў Маскву пісалі ўсім баракам і адпусцілі – “за адсутнасцю віны” – усіх разам, у адзін дзень.
Вадзім Зяленін з’явіўся ў Стрыганцы, калі я вучыўся ўжо ў дзявятым класе. Перш-наперш ён з’ездзіў у Маскву, дзе адшукаліся бацькавы сёстры. Але яны прынялі Вадзіка даволі-такі холадна:
– Леанід нам нічога не пісаў, што быў жанаты і меў сына!
Быццам можна было паслаць вестачку са Старасельскага лесу ў Маскву? Вадзім зразумеў, што радней людзей, чым Андраюкі, у яго няма, і вярнуўся да іх. Неўзабаве ён сядзеў з намі за партай у дзявятым класе. Бо калі афармлялі яго ў сувораўскае вучылішча, дык узялі не ў чацвёрты, а трэці клас, так што дагналі яго тыя, хто займаўся класам ніжэй.
Нас цікавіла, чаму ён не давучыўся ў Казані, а вярнуўся ў Стрыганец. Вадзім расказаў, як усё сталася. У той час сярод моладзі было вельмі распаўсюджана рабіць пісталеты. Змайстраваў і суворавец Вадзім, але дырэктар знайшоў і адабраў. Зяленін бачыў, куды той схаваў, і, высачыўшы, што нікога няма ў кабінеце, забраўся, каб вярнуць пісталет. Толькі адчыніў шуфляду стала, як зайшоў дырэктар. Адразу ж з’явіўся загад аб адлічэнні Вадзіма з вучылішча.
Зяленін з намі закончыў толькі дзявяты клас. У пачатку 1960-х моладзь актыўна агітавалі ехаць у Данбас на здабычу вугалю. Паехаў і Вадзім Зяленін, але ненадоўга. Там, праўда, атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, а пасля вярнуўся ў горад над Бугам і паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут.
Пасля некалькі разоў мне выпадала сустракацца з Вадзімам Леанідавічам Зяленіным у Стрыганцы, калі ён прыязджаў праведаць прыёмных бацькоў, памагчы ім, пакуль былі жывыя. Андраюкі для Вадзіка заставаліся самымі дарагімі людзьмі, яго сям’ёй. Аднойчы ён сказаў:
– Мы з татам у ямку бульбу засыпалі і закапалі!
Я ведаў, што Вадзім працуе на будоўлях у Брэсце, у сям’і падрастаюць двое дзетак. Мы верылі, што іх пакаленне будзе шчаслівым. І не толькі таму, што не сцёрся з памяці лозунг, які яшчэ нядаўна можна было прачытаць ледзь не на кожным вугле: “Сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме!” Дарэчы, паэт Уладзімір Караткевіч у той час напісаў: “Трагедыі не знікнуць пры Камуне!..”
Мы ж верылі, што наступным пакаленням выпадзе жыць, не ведаючы, што такое вайна. Маладым жанчынам не давядзецца нараджаць дзетак у партызанскіх зямлянках ці на перадавой пад выбухі бомбаў ды снарадаў. Маладыя будуць ісці наперад і ўпэўнена глядзець у заўтра.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках: партызанкі (злева – Марыя Зяленіна); нарада кіраўніцтва атрада імя Чарнака (стаіць Леанід Зяленін).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.