Святло духоўнасці і веры



Дзве царквы – два лёсы

Ёсць на Палессі і Падляшшы два Божыя Дамы, падобныя нібыта блізняты. Вось толькі лёсы склаліся ў іх зусім розныя. Сёння наш аповед пра гісторыю храмаў у Чыжэўшчыне і Белавежы.

БелавежаІ. Храм цудоўны ў Белавежы

СВЯТА-УЛАДЗІМІРСКАЯ царква ў вёсцы Крупчыцы (сённяшняя Чыжэўшчына) пабудавана ў юбілейным 1894 годзе, калі святкаваліся сотыя ўгодкі Крупчыцкай бітвы паміж паўстанцамі Касцюшкі і дывізіяй генерала Суворава. Праект храма распрацавалі пецярбургскія архітэктары Жубер і Бенуа.
Такая ж царква была ўзведзена ў 1897-м
у мястэчку Белавежа паводле загаду імператара Аляксандра ІІІ. У некаторых гістарычных згадках паведамляецца, што гэты Божы Дом не захаваўся. Аднак гэта зусім не так. Белавежская царква не толькі захавалася, але і дзейнічае дасюль. Святар Свята-Уладзіміраўскага храма айцец Анатоль Пучынскі неяк пабываў там на Богаслужэнні. Царква ў Белавежы ўзводзілася за кошт прадстаўнікоў царскага роду Раманавых, каштарыс складаў 54 тысячы рублёў. Яна будавалася з чырвонай цэглы, а іканастас упрыгожыў кітайскі фарфор, прывезены з Санкт-Пецярбурга. Пры асвячэнні Белавежскі храм названы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы, епіскапа Мір Лікійскага.
1 верасня 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, нямецкія самалёты скідвалі бомбы на Белавежу. Адна трапіла непасрэдна ў царкву, другая лягла каля яе паўночнай сцяны, ад выбухаў пабудова была моцна пашкоджана. Прынамсі, разбурана сцяна са скляпеннем, што прымыкаў да яе. У іншых скляпеннях узніклі трэшчыны. Выбуховая хваля выбіла вокны і дзверы, асколкамі пашкодзіла іканастас. З купала і прытвора ўпалі крыжы. Святар Свята-Мікалаеўскай царквы Клаўдзій Пушкарскі, які пачаў служыць у гэтым храме з 1 мая 1939 года, паклапаціўся пра аднаўленне парушанага. Дэлегаты, апранутыя ў народныя даматканыя строі, па ягонай просьбе скіраваліся ў Берлін, і германскія ўлады прыслухаліся да хадакоў – аказалі дапамогу ў адраджэнні царквы. Быў складзены каштарыс на суму ў 33 300 нямецкіх марак. Аднаўленне пачалося 1 чэрвеня 1943 года. На будоўлі працавалі каля 70 мясцовых жыхароў, калі не лічыць школьнікаў, якія шчыравалі на расчыстцы завалаў. Апроч грошай, выдзеленых нямецкай уладай, збіраліся ахвяраванні з Белавежскага і іншых прыходаў. Пералічваліся грошы з усёй Гродзенскай епархіі. У выніку царкоўная скарбонка папоўнілася на 8500 марак. Рамонтныя работы доўжыліся чатыры з паловай месяцы. 17 кастрычніка 1943 года адбылося ўрачыстае асвячэнне адноўленага храма. Гэтая царква ніколі не зачынялася. У першыя пасляваенныя гады пачалі ўпрыгожваць роспісам сцены і скляпенні. Айцец Клаўдзій служыў у царкве да 1979 года, стаў мітрафорным протаіерэем. З 9 чэрвеня 1979 года ў ёй служыць святар Сергій Корч. Зараз ён мітрафорны протаіерэй. Царква час ад часу аднаўляецца, мае вельмі прывабны выгляд.

ІІ. Храм-помнік у Чыжэўшчыне

ЧыжэўшчынаКРУПЧЫЦКАЯ Свята-Уладзімірская царква пад час Першай сусветнай вайны не працавала. Урон ад баявых дзеянняў панесла не вельмі значны. Былі выбіты вокны на званіцы і ў некаторых месцах дах працяты кулямі. Службы пачаліся ў царкве з лета 1918 года, калі з бежанцаў вярнуўся яе заснавальнік і настаяцель Міканор Катовіч. У 1927-м у царкве адбыўся нязначны рамонт. На большае не ставала сродкаў. У 1936 годзе святаром Міканорам быў зроблены спіс таго, што патрэбна зрабіць: “1. Замяніць стары праржавелы дах. 2. Устанавіць новыя вокны на званіцы. 3. Паднавіць тынкоўку сцен. 4. Пабяліць іх звонку і ў сярэдзіне. 5. Адрамантаваць у некаторых месцах падлогу. 6. Устанавіць царкоўную агароджу. 7. Прыдбаць хаця б адзін звон”.
Але ж гэты рамонт не быў праведзены, паколькі ў 1936 годзе Міканора Катовіча адправілі на адпачынак, а за тры наступныя гады на прыходзе змянілася чатыры святары.
Пад час Велікоднага Богаслужэння 1939 года ў царкву наведалася моладзь. Яны стаялі ў прытворы, курылі, смяяліся і голасна размаўлялі. Настаяцель Уладзімір Анціпаровіч, прыпыніў служэнне і з дапамогай вернікаў выправіў парушальнікаў з храма. А ў верасні прадстаўнікі гэтай моладзі апынуліся пры ўладзе. Яны здзекваліся са святара. Аднойчы сярод ночы ўварваліся ў яго кватэру, пагражаючы зброяй ды арыштам, здзейснілі вобыск. Усё суправаджалася брыдкай лаянкай і пагрозамі. У выніку забралі ўраджай і сена, а ў кватэру падсялілі яшчэ дзве сям’і. Айцец Уладзімір вымушаны быў пакінуць прыход.
У хуткасці пачалася Вялікая Айчынная вайна, што прынесла новыя пакуты храму і вернікам. 4 мая 1943 года невядомымі бандытамі быў забіты з двума дзецьмі святар Іаан Сярветнік.
8 мая 1945 года паміж Жабінкаўскім райвыканкамам і царкоўнай абшчынай быў складзены дагавор, першы пункт якога сцвярджаў: будынак храма перадаецца прыхаджанам у бязвыплатнае і бестэрміновае карыстанне. У пасляваенныя гады за царкоўныя сродкі і ахвяраванні прыхаджан праводзіліся невялікія рамонтныя работы, набывалася царкоўнае начынне. Але ў 1969 годзе Жабінкаўскі райвыканкам прыняў рашэнне зачыніць Крупчыцкую царкву. Яе маёмасць была разрабавана. Для гэтай правы прыцягвалі нават вучняў. Будынак перадалі мясцоваму калгасу пад зернясховішча. Ніхто ніякі рамонт, зразумела, не праводзіў, таму храм пакрысе разбураўся.
Нарэшце, у 1988 годзе знайшліся неабыякавыя людзі, якія намагаліся вярнуць царкву вернікам. Такім стаў Уладзімір Яўфімавіч Ярашук, які дасылаў лісты ў розныя інстанцыі, нават вельмі паважанаму акадэміку Дзмітрыю Ліхачову ў Маскву. Намаганнямі вернікаў У. Ярашука, У. Карпінчыка, Г. Кулічыка, Ф. Андраюка ды іншых пад кіраўніцтвам святара Іаана Паддубнага (на прыход быў прызначаны ў 1990 годзе) у 1992-м Свята-Уладзімірская царква аднавілася, але не хапала абразоў, царкоўнага начыння. Ацяпленне храма доўгі час ажыццяўлялася печкай-“буржуйкай”. Пры сённяшнім настаяцелю Анатолю Пучынскім упрыгожваецца царква і яе тэрыторыя. Храм і ягоны прыход жыве поўнавартасным духоўным жыццём.
Міхаіл КУЗІЧ.
На здымках: храмы-блізнюкі ў Белавежы і Чыжэўшчыне.

 

“Дзівен Бог ва святых сваіх”:

Да дня памяцi Сабора ўсіх Беларускіх Святых

“Велічаем вас, святыя беларускай зямлі,Икона
і шануем святую памяць вашу,
вы бо моліце за нас Хрыста Бога нашага”
Кожны год, у 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы, Святая Царква шануе памяць усіх святых зямлі беларускай. У гэтым годзе менавіта 25 чэрвеня адбылося агульнацаркоўнае святкаванне памяці святых, што ажыццяўлялі свой подзвіг на беларускай зямлі.
Дзень аса-блiвага шанавання беларускix святых быў усталяваны 3 красавіка 1984 года паводле ініцыятывы мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта (Вахрамеева) з блаславення Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена.
У той час на беларускай зямлі налічвалася не больш трох з паловай соцень праваслаўных прыходаў і быў толькі адзін Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Час пераменаў тады яшчэ не наступіў, і адзінай надзеяй і радасцю царкоўнага народа было святкаванне 1000-годдзя Хрышчэння Русі, якое адбывалася ў 1988 годзе. Менавіта гэтае вялікае свята і стала для Маці-Царквы пачаткам адраджэння веры, новага этапу заснавання Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Усе святыя, якіх Царква заклікала ў малітвах, нябачна ўсталі побач, каб штодзень і штогадзіны дапамагаць роду хрысціянскаму.
Сабор ўсіх Беларускіх Святых складаецца сёння больш чым з 80 імёнаў, з іх каля 30 – імёны новапакутнікаў, якія пацярпелі за свае рэлігійныя перакананні і дзейнасць у недалёкія часы.
За апошнія пяць гадоў да імёнаў такіх агульнавядомых беларускіх святых, як прападобная Еўфрасіння Полацкая, свяціцель Кірыла Тураўскі, княгіня Сафія Слуцкая, прападобны пакутнік Афанасій Брэсцкі, праведная Іўліанія Альшанская, свяціцель Сімяон Полацкі, пакутнік-дзіця Гаўрыіл Беластоцкі, свяшчэннапакутнік Паўлін Магілёўскі дадаліся новыя імёны. У незлічоны сонм святых “прыйшлі” героі бацькоўскай веры – свяшчэннапакутнік Мікалай і спавядальнік Уладзімір Віцебскія, прападобная Манефа Гомельская, блажэнная Валянціна Мінская. У 2011 годзе кананізаваны прападобны Лявонцій, архімандрыт Віленскі, і свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў.
Духоўнае прызванне кожнага хрысціянскага народа найбольш бачна ўвасабляецца ў жыцці і подзвігу святых. На працягу тысячагадовай гісторыі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ў розныя часы праславіліся сваім жыццём угоднікі Божыя, якія сталі дастойнымі ўдзельнікамі Яго нябеснай славы. Для нас, нашчадкаў, святыя пакінулі ў спадчыну свой духоўны вопыт і шлях служэння, свае павучанні і кнігі.
У гэты дзень спявалася ў трапары: “Ушанаваў Гасподзь беларускі край святымі, што добра дагадзілі Яму”. Сапраўды, вялікай міласцю Божай для беларускага народа з’яўляецца праслаўленне святых, якія падзвізаліся на служэнне Госпаду ў зямлі нашай. Святыя паказваюць нам узор служэння, і ўзор гэты блізкі і даступны для нас, бо здзяйснялі служэнне блізкія і дарагія нам людзі – нашы святыя продкі: “свяціцелі, мучанікі, прападобныя і праведныя”.
Імёны беларускіх святых залатымі літарамі пазначаны ў гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы і нашай Айчыны. Сабор ўсіх Беларускіх Святых – гэта заступнікі і малітвеннікі ў Прастола Божыя за нас, праваслаўных хрысціян. Дзякуючы іх вялікаму подзвігу сёння мы маем магчымасць станавіцца ўдзельнікамі адраджэння і росквіту царкоўнага жыцця. А таксама па малітвах усіх беларускіх святых атрымліваць мір і спакой нашай зямлі.
Дай Божа нам дастойна і з годнасцю ўшаноўваць святасць, яўленую нашаму народу! Будзем жа малітоўна звяртацца да тых, каго Гасподзь даў нам у дапамогу і заступніцтва: “Усе святыя зямлі беларускай, маліце Бога за нас!”
У жніўні 2000 года Архірэйскім Саборам 23 беларускія новамучанікі Мінскай епархіі былі прылучаны да ліку святых для агульнацаркоўнага шанавання.
15 снежня 2009 годы на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне далучыць да Сабораў Беларускіх святых 14 асобаў, кананізаваных іншымі епархіямі Рускай Праваслаўнай Царквы, але якія нарадзіліся, жылі, неслі служэнне на тэрыторыі Беларусі.
Свяшчэннік Андрэй ПЕТРУСЕВІЧ.

 Старонку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЕРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.