У цэнтры ўвагі – бяспечная праца

IMG_4165 IMG_4251 IMG_4260 IMG_4270 IMG_4295

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Стварэнне спрыяльных і бяспечных умоў працы для сваіх работнікаў – адна з асноўных задач кіраўнікоў арганізацый, бо жыццё і здароўе чалавека – самае галоўнае багацце, і яго трэба берагчы. Пра гэта гаварыў, адкрываючы раённы Дзень аховы працы, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін, галоўны дзяржаўны інспектар Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Алег Жмінько, вядучы дзяржаўны інспектар Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Яўген Колчын, а таксама кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Пачаўся Дзень аховы працы з наведвання Жабінкаўскай ПМК-10. Яе начальнік Мікалай Шпакоўскі пазнаёміў удзельнікаў семінара з прадпрыемствам, яго вытворчай базай, працоўным калектывам, расказаў аб стварэнні спрыяльных і бяспечных умоў працы для работнікаў арганізацыі. Пра выкананне норм і патрабаванняў аховы працы, вытворчай санітарыі пры выкананні работ у вытворчых памяшканнях паведаміў інжынер па ахове працы Жабінкаўскай ПМК-10 Мікалай Гацкевіч.
Мікалай Рыгоравіч адзначыў, што ў арганізацыі працуюць 136 чалавек, з іх 56 ажыццяўляюць работу ў шкодных і цяжкіх умовах, за што атрымліваюць розныя віды кампенсацый. З
1 жніўня 2008 года на прадпрыемстве распрацавана і дзейнічае сістэма кіравання аховай працы, у 2014-м яна была адкарэкціравана ў адпаведнасці з патрабаваннем СТБ 18001-2009. У арганізацыі пастаянна праводзіцца мадэрнізацыя вытворчых цэхаў, абнаўляецца тэхніка і абсталяванне. Ва ўсіх санітарна-бытавых памяшканнях, а таксама месцах прыёму ежы ёсць халадзільнікі, мікрахвалевыя печы. Працуючыя навучаюцца бяспечным метадам выканання работ, усе яны забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, спецадзеннем і спецабуткам. На прадпрыемстве праводзяцца папярэднія і перыядычныя медагляды, атэстацыя і сертыфікацыя працоўных месцаў, створана сістэма інфармавання работнікаў. Пасля стажыроўкі і навучання на рабочым месцы веды маладых працаўнікоў правяраюцца з дапамогай праграмы “Экзамен” ТАА “Інавацыйны цэнтр Надзеі Бандарэнка”, якая закуплена ў арганізацыю.
Госці пабывалі на экскурсіі ў вытворчых цэхах: бляшаных вырабаў, дрэваапрацоўкі і арматурным, мехмайстэрні і кабінеце па ахове працы. Да іх увагі была прадстаўлена выстава сродкаў індывідуальнай аховы, арганізаваная работнікамі камбіната бытавога абслугоўвання.
Затым удзельнікі семінара наведалі фермерскую гаспадарку “Ева-лэнд”. Яе кіраўнік Настасся Кухарчук паведаміла, што сёлета гаспадарцы спаўняецца дзесяць гадоў, у яе штаце дзевяць работнікаў, з лютага па май працуюць часовыя рабочыя. Настасся Паўлаўна правяла экскурсію па тэрыторыі. Госці пазнаёміліся з умовамі працы работнікаў, пабывалі ў цяпліцах, гаспадарчых пабудовах, падсобных памяшканнях для рабочых, адміністрацыйна-бытавым будынку. Убачылі прадукцыю, якая вырошчваецца ў гаспадарцы, а гэта небывалай прыгажосці дэкаратыўныя кветкавыя культуры і дрэвы.
Пасля ўдзельнікі семінара пераехалі ў санаторый “Буг”. Галоўны ўрач здраўніцы Уладзімір Жук пазнаёміў з яе лячэбнай базай, якая пастаянна мадэрнізуецца і абнаўляецца (яе аснашчанасць дае магчымасць адпускаць больш за 200 працэдур), колькасным складам медыцынскага персаналу, умовамі працы, якія створаны тут для працуючых. Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што са 187 работнікаў санаторыя 126 маюць даплаты за шкодныя ўмовы працы і дадатковы водпуск. Ён правёў экскурсію па тэрыторыі, пад час якой госці пабывалі ў лячэбным корпусе, водалячэбніцы, сталоўцы, актавай і танцавальнай залах; пазнаёміліся з умовамі пражывання адпачываючых: двухпакаёвыя нумары другога жылога корпуса прыемна ўразілі сваім інтэр’ерам і ўтульнасцю.
Інжынер па ахове працы санаторыя Тамара Мартынчык расказала, як у арганізацыі праводзіцца падрыхтоўка, навучанне і праверка ведаў працуючых у пытаннях аховы працы. Так, пры прыёме на працу з работнікамі праводзіцца ўводны інструктаж. У санаторыі ёсць камісіі, якія правяраюць веды па ахове працы. Супрацоўнікі, якія ўваходзяць у іх, адзін раз у тры гады праходзяць праверку сваіх ведаў у райвыканкаме. У здраўніцы распрацаваны праграмы па навучанні і білеты па праверцы ведаў у ахове працы для кіраўнікоў і спецыялістаў (яны яе праходзяць адзін раз у тры гады), а таксама для рабочых прафесій (іх веды правяраюць адзін раз у год). Таксама ёсць камісія, якая правярае веды па прамысловай бяспецы. У яе ўваходзяць адказныя за газавую гаспадарку і бяспечную эксплуатацыю, а таксама інжынер па ахове працы. Супрацоўнікі, што складаюць гэтую камісію, прайшлі адпаведнае навучанне і праверку ведаў у Дзяржпрамнаглядзе. Усе віды перыядычнага кантролю ў ахове працы праводзяцца ў санаторыі сумесна з грамадскімі інспектарамі, якія ёсць у кожным структурным падраздзяленні, усяго іх дзесяць. Існуе праграма іх навучання. Усе заўвагі, што выяўляюцца пад час праверак, прымаюцца да ўвагі і выконваюцца ў тэрмін. У кожны апошні аўторак месяца праходзяць Дні аховы працы, да іх прымеркаваны штомесячны кантроль.
Пленарнае пасяджэнне прайшло ў актавай зале санаторыя-суседкі “Надзея”. Пра работу раённага выканаўчага камітэта ў прафілактыцы вытворчага траўматызму на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна расказаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Гардзееў.
Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін гаварыў пра ажыццяўленне грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы.
Па пытанні ўстанаўлення патрабаванняў да ажыццяўлення вытворчага кантролю ў вобласці прамысловай бяспекі выступіў вядучы дзяржаўны інспектар Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Яўген Колчын.
Галоўны дзяржаўны інспектар Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Алег Жмінько расказаў аб мерах па папярэджанні вытворчага траўматызму, спыніўся на забеспячэнні аховы працы работадаўцамі.
Пра магчымасці навучання, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых прадпрыемстваў і арганізацый раёна па пытаннях аховы працы з дапамогай сучасных тэхналогій расказаў начальнік Брэсцкага аддзялення Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Міхаіл Семянчук.
Рэгіянальны прадстаўнік у Брэсце ТДА “Экспертцэнтр” Яўгенія Раманчыкава пазнаёміла прысутных з інфармацыйна-прававой сістэмай “Эксперт “Ахова працы”. Праграму магчыма набыць на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна і карыстацца ёю.
Вынікі раённага Дня аховы працы падвёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч яшчэ раз падкрэсліў, што бяспека жыцця і здароўя працуючых, а таксама бяспечныя ўмовы працы на вытворчасці, у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, іншых галінах павінны быць у цэнтры ўвагі работадаўцаў і заставацца ў прыярытэце.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*