Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
На здымку: кормаўборачны атрад у складзе Пятра Зозана, Аляксандра Аўсяніка і Уладзіміра Федсюка ў дзень закладваюць звыш 50 тон сенажу ў рулонах.
Жывёлаводам ААТ “Жабінкаўскі” паводле бізнес-плана, на зімоўку, каб пракарміць дойны статак, неабходна нарыхтаваць 10700 тон сенажу, 1300 тон сена. Скасіць травы першым укосам неабходна было з 1130 гектараў.
– Мы першымі ў раёне прыступілі да касавіцы, – расказвае Ганна Плытнік, намеснік дырэктара па вытворчасці. – Папрацавалі няблага і з першага ўкосу “ўзялі” 605 тон сена, 4770 тон сенажу, у тым ліку 505 тон – у рулонах. Наперадзе яшчэ другі ўкос.
У гэтыя дні працягваем нарыхтоўваць сянаж у рулоны. Гэтая тэхналогія нятанная, бо спецыяльная плёнка для абгортвання цюкаў дарагая, аднак мы маем перавагу менавіта ў якасці – корм атрымліваецца больш сакавітым і спажыўным. Асабліва зручна закладваць яго ў рулоны на палях, не шчодрых на ўраджай травастою. Вось, напрыклад, ва ўрочышчы “Бярэзінка”, які займае 82 гектары і летась быў перазалужаны, беднаваты на травы. Закладваць іх у траншэю – нявыгадна, а ў малых аб’ёмах у плёнку – аптымальны варыянт.
У той дзень, калі мы наведалі ААТ “Жабінкаўскі”, кормаўборачны атрад, у які ўваходзяць граблі, прэс-падборшчык і абмотчык, шчыраваў на сенажацях участка
№ 1, пры неабходнасці яго накіруюць на ўчастак № 2 “Якаўчыцы”. Агранамічная служба сельгаставарыства ўпэўнена: кармоў на зімоўку хопіць, бо ужо зараз план нарыхтоўкі выкананы амаль на 50 працэнтаў.
Паклапаціліся, каб травы густымі раслі – падкармілі ранняй вясной KASSам і карбамідам, пасеялі 75 гектараў траў (пры плане 220).
– Вельмі паспрыяў дожджык: травы, цукровыя буракі, кукуруза прыкметна ўзяліся ў рост, – кажа Ганна Іванаўна. – Думаю, і з другога ўкосау нарыхтуем корму. Дарэчы, пераходзячага фонду маем звыш 17 тысяч тон кукурузнага сіласу. Калі ў “нябеснай канцылярыі” своечасова будуць чаргавацца сонейка і дождж, то кармоў назапасім дастаткова.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%