Іх падворак усім да душы

1 2 3 4 5 6Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

У двары дома Уладзіміра і Святланы Дудчанкаў з Чыжэўшчыны мяне перш-наперш сустрэлі вялікія чырвоныя макі. Побач з імі заўважыла ландышы, што схілілі долу свае галоўкі. А вось і беласнежныя рамонкі расправілі пялёсткі насутрач сонейку, і каралеве кветак – ружы – знайшлося тут ганаровае месца. Усю гэтую прыгажосць і многае іншае гаспадары стварылі… З чаго б вы думалі? Са звычайных пластыкавых бутэлек ды аднаразовага посуду.
Сваю сядзібу Уладзімір і Святлана пачалі ўпрыгожваць такімі вырабамі пяць гадоў таму. А пачалося ўсё з цуда-пальмы. Паўднёвае дрэва з бутэлек Святлана Мікалаеўна заўважыла на адным з падворкаў аграгарадка Ленінскі. Убачыла – і захацела займець такое ў сябе. Паехалі Дудчанкі да гэтых гаспадароў, агледзелі дрэва, а праз некаторы час такое ж “вырасла” і ў іх у двары і атрымалася як сапраўднае. Вунь бананы на ім, какаду ды вясёлая малпачка. У размове Уладзімір Іванавіч паведаміў, што на выраб пальмы пайшло 550 бутэлек. Іх збіралі паступова, таму паўднёвая прыгажуня з’явілася толькі праз месяц. Калі ж матэрыял ёсць, то зрабіць дрэва ён можа за тры дні.
З цягам часу на падворку Дудчанкаў пачалі расцвітаць розныя кветкі і дрэвы. З’явілася во-зера з белымі гарлачыкамі, чаротам, чапляй ды царэўнай-жабай. Тут вам вясёлыя парсючкі, кот-мурлыка, цягнічок з вагончыкамі, якія адначасова і гаршчкі для петуній. Яны ўпрыгожваюць і чайнік, зроблены з аўтамабільных шынаў. Ёсць тут арэлі і пясочніца, у якой любяць гуляць унукі Святланы і Уладзіміра. Гаспадары і іх аздобілі рукатворнымі вырабамі.
Як расказаў Уладзімір Іванавіч, ідэйным натхняльнікам у сумеснай працы выступае жонка Святлана. Ідэі і падказкі наконт будучых вырабаў яна бярэ з інтэрнэта, нешта дадумвае сама, пераймае штосьці цікавае і з іншых падворкаў, а потым разам з мужам усё задуманае ажыццяўляюць. І разумеюць адзін аднаго з паўслова, і падтрымліваюць, а як жа інакш?! У шлюбе разам амаль 30 гадоў (у кастрычніку адзначаць юбілей сумеснага жыцця – жамчужнае вяселле). Лічыцца, што сімвалам сямейнага дабрабыту, кахання і шчасця з’яўляецца бусел. Дэкаратыўную буслянку з птушкамі змайстравалі ля сваёй хаты і мае героі, якая ахоўвае гэты гасцінны дом і яго жыхароў.
Любяць бываць у Дудчанкаў шматлікія сябры, якія ў асноўным людзі гарадскія: жывуць у абласным цэнтры і Кобрыне. Тут адпачываюць, разам святы адзначаюць – іх падворак усім да душы. У планах Святланы і Уладзіміра і надалей упрыгожваць яго новымі вырабамі. А што гэта будзе? Пажывем – пабачым. Ведаю адно: нешта цікавае і арыгінальнае, што будзе радаваць людское вока і падымаць настрой.
На здымках: гаспадар Уладзімір Іванавіч на падворку з цуда-пальмай; вырабы Дудчанкаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.