“Жабінцы – 200”

квакенбургЯк высветлілася, пытанні трэцяга тура нашай віктарыны, прысвечанай юбілею Жабінкі, аказаліся не такімі ўжо складанымі для ўдзельнікаў. Хто пажадаў паспаборнічаць, набраў адпаведную колькасць балаў.
Па выніках трох тураў памяняўся лідар. Цяпер гэта Жанна Казак з 24 баламі, за ёй ідзе Ганна Андрасюк (23), следам – з 20 баламі Таня Смеракоўская, Таццяна Семянюк, Хрысціна Семянюк. Наступнымі крочаць Міхаіл Кузіч, які мае ў сваёй скарбонцы 19 балаў, і Галіна Пасюк з 18-цю.

* * *

Прыводзім правільныя адказы на пытанні другога тура:
1. – б.
Гістарычны факт, зафіксаваны на фотаздымках і кінахроніцы тых часоў: першы жабінкаўскі цукар вырабілі 25 снежня 1963 года.
2. – в.
Аўтар прыведзенага гарэзлівага вершыка, прысвечанага Жабінцы, – нараджэнка Лунінца, а цяпер жыхарка сталіцы Аксана Спрынчан. Дарэчы, прыхільнасць да Жабінкі ў яе, відаць, невыпадковая. Пра Аксану яшчэ вядома, што шмат гадоў яна калекцыяніруе жабак (па-руску – лягушек), вырабленых з дрэва, шкла, паперы і г.д.
3. – а, в.
Як і на сённяшнім гербе Жабінкі, на праекце 1991 года, вырабленым мастаком Міхаілам Паўлавічам Карнеевым, прысутнічалі рака і кветка.
4. – б.
Як ні дзіўна, але дробненькая рэчка Жабінка існуе ў расійскай сталіцы. Праўда, некалькі гадоў таму (пры пашырэнні Вялікай Акадэмічнай вуліцы) маскоўскую Жабінку “схавалі” пад асфальт, але яна існуе па-ранейшаму, хоць і пад зямлёй.
5. – г.
Сярод пералічаных гарадоў-спадарожнікаў маладзейшы па часе ўзнікнення за нашу Жабінку – Фаніпаль.

* * *

Сёння – апошні тур віктарыны. Свае адказы, як і раней, дасылайце на адрасы рэдакцыі: паштовы (вул. Будзённага, д. 8) ці электронны (selsk_prav@tut.by).
І не забывайце пазначыць свае імя, прозвішча і кантактны тэлефон. Уганараванне пераможцаў віктарыны адбудзецца на юбілеі роднага горада.
А зараз – завяршаем!!!

 

Тур ІV, фінальны
(у ім ужо падказак няма, затое і кошт кожнага правільнага адказу – 5 балаў).

1. Зараз у Жабінцы больш за 40 “імянных” вуліц (гэта значыць тых, што названы ў гонар нейкага палітычнага, вайсковага ці грамадскага дзеяча, выбітнога прадстаўніка навукі і культуры). У чый гонар атрымала імя апошняя па часе “імянная” вуліца нашага горада?

2. На падмурках якога будынка, знішчанага больш за 70 гадоў таму, стаіць цяпер кінатэатр “Юбілейны”?

3. Сёлетні год багаты на юбілейныя даты. Сярод многіх такія значныя, як 500-ыя ўгодкі беларускага кнігадрукавання. Адначасова ЮНЕСКА 2017-ы абвясціла Годам памяці нашага знакамітага земляка, чыё імя ўшанавана ў назве адной з жабінкаўскіх вуліц. Хто ён, калі памёр (назавіце, калі ласка, дзень, месяц і год)?

4. Якім па ліку старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама з’яўляецца Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі, калі лічыць з 1940 года, калі быў утвораны наш раён?

5. Гэта фотапытанне. На старым архіўным здымку – выява будынка ў Жабінцы. Ён пабудаваны ў 20-я гады мінулага стагоддзя і існуе дасюль. Што зараз размяшчаецца ў гэтым доме?IMG_5971

Калі здагадаліся ды адказалі на ўсе пытанні, не марудзьце – дасылайце іх на адрас рэдакцыі, паштовы ці электронны.
Чакаем вашы адказы да 14 ліпеня. Поспехаў!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*