З наступленнем цёплага надвор’я ўсё больш людзей адпачываюць ля вадаёмаў. У разгар пляжнага сезона да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў паступаюць паведамленні ад людзей, якія сталі ахвярамі злачынстваў на пляжы. Сотавыя тэлефоны, кашалькі, ювелірныя вырабы, гадзіннікі, адзенне і абутак – няпоўны спіс таго, чаго пазбаўляюцца адпачываючыя ля вадаёма. Пазбегнуць пляжных злодзеяў можна няхітрымі спосабамі.
Калі накіроўваецеся на адпачынак да вады, не бярыце каштоўныя рэчы, а калі прынеслі іх, не пакідайце без нагляду. Не кладзіце рэчы ў сябе за спіною, а пакідайце іх навідавоку. Перад тым як пайсці купацца, сумку і асабістыя рэчы лепш за ўсё прыкрыць зверху ручніком ці адзеннем. Не спіце на пляжы, бо часта ахвярамі злодзеяў з’яўляюцца менавіта такія адпачываючыя. Лепш за ўсё наведваць вадаёмы з сям’ёй ці з сябрамі. У такім выпадку ў час купання будзе каму прыглядзець за рэчамі, якія нельга пакідаць пад наглядам незнаёмых. Не ўжывайце алкагольныя напоі ці піва, бо пад уздзеяннем іх вы станеце лёгкай ахвярай для зламыснікаў.
Калі вы ўсё-такі сталі ахвярай пляжных злодзеяў, то звярніцеся ў міліцыю. Беспакаранасць толькі стымулюе правапарушальнікаў да новых дзеянняў, пацярпець могуць і іншыя адпачываючыя.
Нагадаю, што за дробны крадзеж маёмасці заканадаўствам прадугледжана адказнасць у выглядзе накладання штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў ці да адміністрацыйнага арышту. Крадзеж караецца грамадскімі ці выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, штрафам, арыштам да шасці месяцаў, абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Ілья ХВАЛЬКО, першы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%