Заўсёды ў памяці ваша мужнасць і гераізм

_DSC7798 _DSC7852 _DSC7921 IMG_9640 image (14) image (15) IMG_96400

9 Мая – свята, якое аб’ядноўвае розныя пакаленні. Убеленыя сівізной ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, іх дзеці, унукі і праўнукі прыходзяць да мармуровых пліт, каб нізка схіліць галовы перад памяццю загінулых у суровых баях за Радзіму, успомніць імёны тых, хто працягвае жыць у мірны час, і сказаць: “Мы заўсёды будзем памятаць грозныя падзеі фашысцкага ліхалецця, расказваць нашчадкам пра вашу мужнасць і гераізм, праяўленыя за свабоду і незалежнасць роднай зямлі”.

Нягледзячы на пранізлівы вецер, зусім не майскае надвор’е, цэнтральная вуліца Жабінкі раніцай 9 мая стала шматлюднай, выстройваўся “Бессмяротны полк” нашчадкаў з партрэтамі бацькоў, братоў, дзядоў загінулых ці тых франтавікоў, што пайшлі ў іншы свет ужо ў мірны час. Іх родныя разам з імі хацелі раздзяліць радасць светлага Дня Перамогі. Дарэчы, сёлета тых, каму дарагая памяць пра свайго франтавіка, было значна больш, чым летась –
у першы год шэсця гэтага палка. Знаёмімся з некаторымі, у каго ў руках партрэты.
Аня нясе партрэт прадзядулі Мікалая Сяргеевіча Падарэўскага, які ваяваў на ІІІ Беларускім фронце ў 83-ай стралковай дывізіі, быў кулямётчыкам. Пад Кёнігсбергам яго раніла. За бой пад гэтым горадам атрымаў узнагароду. Меў яшчэ адно раненне, але вярнуўся з фронту здаровым, а на грудзях зіхацелі два ордэны – Вялікай Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі. У мірным жыцці працаваў у сельскай гаспадарцы і таксама быў узнагароджаны – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ад другой дзяўчынкі Лізы даведалася, што ў яе руках фотаздымак прадзядулі Тагіра Закірава – конніка чацвёртага кавалерыйскага палка сёмай кавалерыйскай дывізіі. Крывавай восенню 1941-га быў накіраваны на савецка-іранскую мяжу г. Кушка, дзе знаходзіўся да 1942 года. Калі фашысты рушылі на Каўказ, у Паволжа, коннікаў адправілі насустрач ворагу, каб стрымлівалі наступленне немцаў на Сталінград. Летам 1943-га прадзядуля прымаў удзел у баях на Курскай дузе. Затым ён вызваляў Беларусь, Украіну, Польшчу, а закончыў свой ратны паход у Берліне.
У руках Вольгі Цвыд быў партрэт прадзядулі Рыгора Мікіціча Прыхожкі. Ваяваў ён на І Беларускім фронце ў восьмай гвардзейскай дывізіі, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна. З фронту вярнуўся з ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, з медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”. Пасля вайны працаваў трактарыстам у Стрыганцы.
А вось дружная сям’я Шымко. У руках Мікалая Васільевіча партрэт яго таты-франтавіка Васіля Міхайлавіча, які быў прызваны ў войска ў 1941 годзе. Закончыў танкавае вучылішча і атрымаў званне лейтэнанта. Трапіў на Волхаўскі фронт, у бой хадзіў на англійскім танку, які тройчы быў падбіты. Васіль Міхайлавіч быў паранены, з-за чаго не мог больш ваяваць танкістам.
Васіль Шымко быў пераведзены камандзірам аўтамабільнага ўзвода, байцы якога падвозілі на перадавую боепрыпасы і харчаванне. Дайшоў да Берліна. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за своечасовую дастаўку боепрыпасаў, што забяспечыла поспех наступлення, і медалямі “За вызваленне Кёнігсберга” і “За Перамогу над Германіяй”. Мірнае жыццё прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы, разам з жонкай выгадаваў пяцярых дзяцей.
Калона сфарміравана і рухаецца да помніка загінулым воінам і партызанам. Яе адкрывае моладзь Жабінкаўшчыны з “Палотнішчам Перамогі” ў руках, на якім пажаданні ўдзельнікаў вайны нашчадкам, і “Бессмяротны полк”, за імі крочыць кіраўніцтва раёна, ветэраны і прадстаўнікі працоўных калектываў.
Пачынаецца мітынг, прысвечаны 72-ой гадавіне Вялікай Перамогі. Да мікрафона падыходзіць старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, віншуе ўсіх са святам і ўзгадвае, якім коштам дасталася перамога над фашызмам: “Шлях да Перамогі быў вельмі цяжкім. Галоўны ўдар фашыстаў прыняла на сябе наша зямля, але беларусы ніколі не падзялялі перамогу паміж народамі і дзяржавамі.
На франтах ваявала каля аднаго мільёна трохсот тысяч нараджэнцаў нашай зямлі. Звыш паўмільёна беларускіх партызан і пад-польшчыкаў у цяжкіх умовах акупацыі вялі ўсенародную барацьбу з захопнікамі. Больш як паўтара мільёна беларусаў добрасумленна з самааддачай працавалі ў савецкім тыле. Унеслі ўклад у агульную перамогу і нашы землякі. Ужо ў першыя дні вайны актыўнае супраціўленне акупантам аказалі партызанскія атрады, у тым ліку і атрад, што быў арганізаваны на трэці дзень вайны ў старасельскім лесе. За мірнае свабоднае жыццё наша краіна заплаціла страшную цану. У агні вайны згарэлі жыцці і лёсы кожнага трэцяга беларуса, больш за 800 тысяч салдат і афіцэраў загінулі на фронце, гітлераўцы знішчылі больш як 2 мільёны 200 тысяч жыхароў, больш як 380 тысяч чалавек былі выгнаны ў рабства. Акупанты поўнасцю разбурылі больш як 5 тысяч населеных пунктаў, звыш 600 беларускіх вёсак былі спалены разам з жыхарамі, у іх ліку і Драмлёва. Толькі ў нашым раёне за тры гады загінулі каля дзвюх тысяч мірных жыхароў, сотні былі выгнаны на прымусовыя работы, у тым ліку і дзеці. Мы ніколі не забудзем, якімі ахвярамі аплачана наша Перамога.
На жаль, усё менш і менш застаецца сярод нас тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы. Сёння ў раёне пражывае ўсяго 18 удзельнікаў Вялікай Айчыннай. І наша задача праяўляць максімальны клопат аб гэтых людзях, захоўваць гістарычную праўду пра вайну”.
Кіраўніка раёна змяняе ля мікрафона дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Яна гаворыць, што на жабінкаўскую зямлю фашысцкая акупацыя прыйшла з першых дзён вайны і доўжылася чатыры гады, гэта было цяжкае выпрабаванне для народа, гінулі людзі за сувязь з партызанамі, згарэлі бязвінныя драмлёўцы, многіх расстралялі без прычыны. Але беларусы выстаялі і перамаглі ворага. Той гераізм, які праявілі жабінкаўцы, – гэта прыклад беззапаветнай любові да сваёй Радзімы, на якім выхоўваецца сённяшняе пакаленне пераможцаў, аб’яднанае памяццю, што надае яму сілы і ўпэўненасць.
Дзякуй ветэранам за Перамогу, за мірнае жыццё сказаў таксама старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер, які паабяцаў, што пакаленне пераможцаў будзе вечна памятаць імёны байцоў і працаўнікоў тылу, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам у суверэннай і квітнеючай краіне, а беларуская армія заўсёды гатова абараняць мірную працу нашых людзей.
Слова сваё сказала і моладзь Жабінкаўшчыны. Ліцэістка Настасся Калячка гаварыла: “У гэтае свята мы, маладое пакаленне, схіляем галовы перад ветэранамі. Дзень Перамогі назаўсёды ўпісаны ў гісторыю краіны, у лёс кожнай беларускай сям’і, кожнага чалавека. Аб вайне мы ведаем толькі па кінафільмах, з расказаў франтавікоў. Дарагія нашы ветэраны! Менавіта вашы гонар і адвага больш як 70 гадоў назад далі права на жыццё наступным пакаленням. Прыміце наш нізкі паклон у знак вялікай прызнанасці вашых мужнасці і гераізму ў гады Вялікай Айчыннай”.
Хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак, вянкоў да помніка загінулым воінам і партызанам была ўшанавана памяць пра тых, хто змагаўся з ворагам на фронце, ваяваў у партызанскіх атрадах, без сну і адпачынку працаваў у тыле, хто з баямі дайшоў да Берліна і Прагі, і каго няма сёння з намі.
Гэтая памяць патрэбна і мёртвым, і жывым, каб над нашай Радзімай ніколі не ўзнялося полымя вайны.
Святкаванне Дня Перамогі прадоўжылася ў ГДК канцэртнай праграмай “Адна на ўсіх Перамога”, паэтычным марафонам “Перамозе прысвячаецца: чытаем вершы ра-зам” і іншымі мерапрыемствамі.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

 

http://www.zhabinka.by/?page_id=11167

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.