Анатоль БЕНЗЯРУК.
Восенню 1942 года незабыўны крывава-попельны след пакінуў на нашай зямлі ІІІ батальён 15-га нямецкага ахоўнага паліцэйскага палка. Пра ягоны зладзейскі шлях – наш расповед, заснаваны на архіўных дакументах, што захоўваюцца ў Беларусі, Расіі, Германіі.
Праца, што робіць “свабодным”
Месца нараджэння батальёна – Араніенбург, што ў зямлі Брандэнбург.
Гэты горад займеў змрочную славу як месца, дзе ў 1936 годзе Генрых Гімлер загадаў заснаваць “узорны” канцлагер Заксенхаўзен. У KZ (“кацэце”), уваход у які ўпрыгожваў знакаміты надпіс “Арбайт махт фрай” – “Праца робіць свабодным”, знішчылі да сотні тысяч чалавек (у іх ліку быў і старшы лейтэнант Якаў Джугашвілі – сын Сталіна).
У Араніенбурзе былі і іншыя “працаўнікі”, якім з пачаткам Другой сусветнай вайны не цярпелася атрымаць справу адпаведна сваім здольнасцям і густу. Здольнасці былі катаўскія, густы – людажэрныя. Хутка ў іх узнікла магчымасць ва ўсёй красе праявіць іх.
…А пакуль на двары канец лета – пачатак восені 1940 года. 17 жніўня начальнік вучэбных батальёнаў выдае распараджэнне: “на работу за мяжу” пасылаецца 12 паліцэйскіх батальёнаў. Адзін з іх, той самы вучэбны батальён “Араніенбург”, пераймяноўваецца ў 310-ы паліцэйскі. Адпаведна распараджэнню рэйхсфюрэра ён накіроўваецца ў Польшчу, дзе павінен замяніць у Чанстахове 7-ы паліцэйскі батальён.
“Хоць нашыя надзеі трапіць на фронт развеяліся, – скрушна пазначыць пазней пісарчук, – усё ж мы сустрэлі вестку аб працы, што нас чакае, узнёсла. Нарэшце наступіў момант, калі мы здолеем прыняць дзейсны ўдзел у падзеях эпохі, замест таго, каб сядзець на радзіме…”
У поўдзень 14 верасня, пасля завяршэння пагрузкі, паліцаяў наведваюць сваякі. Душэўнае расстанне, з кветкамі, смехам, “фотасесіяй”. “Настрой добры, усе поўныя спадзяванняў, – працягвае “летапісец”. – Перад выхадам батальён яшчэ раз шыхтуецца. Камандзір звяртаецца з апошняй яснай і дакладнай прамовай. Ён падкрэслівае, што будучыя задачы як для ўсяго батальёна ў цэлым, так і для кожнага, хто ўваходзіць у ягоны склад, няпростыя і цяжкія. Тым больш, выконваць іх давядзецца ў атачэнні чужога народа. Таму ён разлічвае, што кожны з нас як нацыянал-сацыяліст і верны салдат Адольфа Гітлера аддасць усяго сябе будучай працы і што нашыя паводзіны і манера трымаць сябе будуць служыць лішнім пацверджаннем дамаганняў Германіі на кіруючую ролю на ўсходняй прасторы. Пасля абвяшчэння славы фюрэру роты накіроўваюцца адна за адной з інтэрваламі ў пяць хвілін на араніенбургскую таварную станцыю…”
22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна з СССР. “Працаўнікі” з Араніенбурга сустрэлі яе ўдалечыні ад месцаў, дзе разварочваліся “падзеі эпохі”.
Аднак набліжаўся час, калі яны спатрэбіліся для “вялікіх спраў”. Гэта было выклікана контрнаступленнем Чырвонай Арміі пад Масквой. Тады ў раёне Пскова і Апочкі актыўна ваяваў паліцэйскі полк “Норд”. Затым ён выкарыстоўваецца ў жорсткіх баях за Старую Русу. У ліпені сорак другога “нордаўцы”, усеяўшы сваімі касцямі і крыжамі “ўсходнюю прастору”, былі знятыя з фронту, каб адпачыць “ад ратнай працы”.
9 ліпеня 1942 года загадам шэфа германскай паліцыі полк “Норд” быў перайменаваны з наданнем парадкавага нумару 15. З гэтага часу ён меў тры батальёны – 305-ы, 306-ы і знаёмы нам 310-ы, якія былі ўключаны ў склад палка ў якасці І, ІІ і ІІІ батальёнаў. Акрамя таго, 15-ы ахоўны паліцэйскі полк узмацняўся трыма артылерыйскімі батарэямі, а калі патрабавалася і жандарскім мотаўзводам і бронеаўтамабільным падраздзяленнем. Уся гэтая моц павінна была неўзабаве скіравацца на фронт. Але ж была выкарыстана зусім для іншых спраў.
Нас, вядома, найбольш цікавіць дзейнасць ІІІ батальёна, які падзяляўся на 9-ю, 10-ю і 11-ю роты. Менавіта яны чынілі бясчынствы на Палессі. Ад Брэста і да Пінска шчодра сеялі гора, жах і смерць.
Яны “намалявалі” “Драйек”
Як давядзецца пабываць на радзіме батальёна, не прамініце пазнаёміцца з экспазіцыяй музея былога канцлагера Заксенхаўзен. У колішняга “кацэта” ёсць асаблівасць: паводле задумы архітэктара, ён запланаваны і ўзведзены ў выглядзе “драйека” – трохкутніка. Падаецца, невыпадкова злачынцы з Араніенбурга карнай аперацыі, разгорнутай на Брэстчыне, далі назву “Драйек”. І ў чужой краіне, і на далёкай радзіме заплечных спраў майстры снілі і бачылі дакладную сіметрыю вынішчэння. Без лішніх слоў – паболей “працы”! Не шкадаваць патронаў і агню! Пры гэтым – не забыць галантныя паводзіны, манеры, як фюрэр іх вучыў. Каб пацвярджаць штодня: сюды мы завіталі на тысячу гадоў…
Зноў слова – “хранікёру” тых падзей:
“5 верасня 1942 г. З аператыўнага штаба начальніка паліцыі аховы парадку “Валынь–Падолія” паступіў загад: для выканання аперацыі “Трохкутнік” батальён накіроўваецца паўзводна ў пункты на поўдні і захадзе ад Кобрына. У распараджэнні батальёна маюцца: матарызаваны ўзвод супрацьтанкавых гармат, матарызаваны жандарскі ўзвод, 70-ватавая ўстаноўка, 30-ватавая ўстаноўка і яшчэ 2 ранцавыя радыёапараты. Батальённы камандны пункт застаецца ў Кобрыне. Там будзе таксама стаяць у якасці рэзерву матарызаваны жандарскі ўзвод.
9-я рота размяшчаецца ў пунктах: Чарняны, Навасёлкі і Азяты; 10-я рота ў пунктах Жабінка, Старое Сяло і Забалацце; 11-я рота – у пуктах: Вялікарыта, Падлессе і Радванічы.
9-й роце прыдадзены ўзвод супрацьтанкавых гармат, 10-й роце – танкавы ўзвод…”
Хвіліну! Упершыню з’яўляецца рота, якая знішчыла Драмлёва, аказваецца, яна (адзіная) мела… танкі.
А цяпер – увага! – яшчэ адна істотная акалічнасць: язык не павернецца назваць паліцаяў з 9-й і 11-й рот “гуманістамі”. Аднак на фоне “дзясяткі” нават яны выглядаюць “ягняткамі”. З пачатку верасня да канца лістапада 1942 года 9-я рота знішчыла больш за 400 чалавек, 11-я – больш за тысячу, 10-я – звыш дзвюх тысяч. Калі ў канцы кастрычніка ўзнікла патрэба адкамандзіраваць якую-небудзь з рот у Пінск на знішчэнне гета, зноў жа выбар паў на “дзясятку”. У выніку Пінскае гета было цалкам ліквідавана, а з ім і 17 тысяч яўрэяў.
А цяпер ад гэтых красамоўных выніковых лічбаў вернемся ў 11 верасня, у пачатак “Трохкутніка”. І тут нас чакае неспадзяваная карціна. У той дзень, калі верыць “Журналу баявых дзеянняў 310-га (ІІІ) батальёна”, “працавалі” ўсе… акрамя 10-й роты.
“Дзявятка” ў Чарнянах знішчыла “групу ў 60 чалавек, што рэгулярна дапамагалі бандытам”.
“Адзінаццатка” спаліла два падворкі ў Радванічах і расстраляла жанчыну, якая “шпегавала для бандытаў”.
І толькі пра дзеянні “дзясяткі” – маўчанне.
Між тым, крывавая рота не сядзела без справы. На світанку яна пакінула Жабінку і скіравалася на поўнач, у Драмлёва…
Чаму ж пісарчук “забыўся” пазначыць пра гэтую знішчальную акцыю? На гэта можа быць толькі адзін лагічны адказ. Драмлёва знаходзілася за межамі “Трохкутніка”, “расчэрчанага” карнікамі на нашай зямлі і абмежаванага чыгункамі Брэст–Кобрын–Пінск і Брэст–Маларыта–Ковель. “Паход на поўнач” не быў санкцыянаваны (у адрозненне ад іншых “вогненных” і “расстрэльных” спраў “Драйека”). Калі ІІІ батальён знішчаў Боркі, Забалацце, Барысаўку, Хмелішчы…, папярэдне абавязкова выдаваўся аператыўны загад, дзе педантычна распісвалася ўсё, нават форма адзежы, у якой паліцаі выязджалі на “заданне”. Гэтыя паперы пазней, на працэсе ў Нюрнбергу, сталі сведчаннем нечалавечай лютасці фашызму.
І толькі загаду на знішчэнне Драмлёва не адшукалася.
Бо яго ніколі не існавала ў прыродзе…
Р.S. Восенню саракавога яны, як на свята, рваліся на фронт. У снежні 1942-га іх мара збылася: батальён быў перакінуты з Брэстчыны пад Варонеж і Сталінград. Аднак “ваяваць” паліцаі маглі толькі з мірнымі жыхарамі. Праз месяц, у студзені 43-га, не тое што батальён – увесь 15-ы полк быў знішчаны.
Аднак толькі ў пачвары адсеклі адну галаву, адразу пачала расці другая. 24 лютага 1943 года полк быў сфарміраваны наноў, цяпер ужо ў складзе войск СС. У жніўні яго перакінулі на поўдзень – у Турын, Мілан, Трыест, дзе батальёны заняліся звыклай для сябе справай: забойствамі, здзекамі, катаваннем мірных людзей. Пакуль не вымушаныя былі скласці зброю ў Аўстрыі перад англічанамі. Аднак гэта, як гаворыцца, ужо зусім іншая гісторыя…
На здымку: Генрых Гімлер аглядае паліцэйскі батальён перад адпраўкай
на Усход.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%