Тут працуюць прафесіяналы

Тут працуюць прафесіяналы

прокурор

Пракуратура – наглядны орган. Праўда, калектыў жабінкаўскіх работнікаў невялікі, але функцыі выконвае шматлікія і вельмі сур’ёзныя. Цяпер яго ўзначальвае Уладзімір Кірылюк, нараджэнец зямлі жабінкаўскай. Зрабіць выбар на карысць гэтай прафесіі яму дапамог выпадак.
Уладзімір Кірылюк пасля школы (а скончыў ён СШ № 1 г. Жабінка) адпрацаваў у калгасе імя Куйбышава (цяпер ААТ “Маціевічы”), потым праходзіў тэрміновую службу ў Маскве. Быў ён намеснікам камандзіра ўзвода аўтамабільнай роты.  Тады ў пачатку 1980-ых выбіраліся грамадскія абвінаваўцы і абаронцы. Калі аднойчы адзін з салдат здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, Уладзімір выступаў у судзе ў якасці абаронцы. Пасля гэтага праз камандзіра роты суддзя паклікаў яго да сябе і сказаў, што яму трэба пасля службы паспрабаваць паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і звязаць сваё жыццё з юрыспрудэнцыяй.

Пасля службы ў арміі, зноў працуючы ў калгасе, на працягу года рыхтаваўся да ўступных экзаменаў: усё-такі пасля школы прайшло чатыры гады, і ў 1982-ім паступіў у Харкаўскі юрыдычны інстытут на спецыяльнасць “Правазнаўства”.
Дзейнасць у органах пракуратуры пачаў 1 жніўня 1986 года. Спачатку быў стажорам на пасадзе следчага, а потым і самім следчым у Жабінкаўскай пракуратуры да 1993 года. У яго абавязкі ўваходзіла расследаванне найбольш складаных крымінальных спраў, такіх як забойства, згвалтаванне, іншыя. Як расследаваў справы, разбіраўся не толькі ў сутнасці праблемы, але і самога чалавека, таму што за літарай закона, агульнага для ўсіх, разумеў, стаіць канкрэтная асоба.
Потым была пасада пракурора, адпрацаваў на ёй 14 гадоў. У маі 2007-га перайшоў на працу старшым памочнікам пракурора Брэсцкай вобласці па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю. Ажыццяўляў нагляд за законнасцю ў дзеянні органаў унутраных спраў. Было цікава, але прапанова зноў узначаліць Жабінкаўскую раённую пракуратуру супала з яго жаданнем. І на ранейшую пасаду ён вярнуўся пяць гадоў таму.
Адстойваць інтарэсы людзей, не дапускаць, каб асудзілі невінаватага, сачыць за строгім выкананнем заканадаўства – дзеля гэтага Уладзімір Фёдаравіч і стаў юрыстам. У гэтым і заключаецца асноўная задача пракурора.

У сілавых структурах працуюць і яго сыны: Аляксандр – следчы Брэсцкага міжраённага РАСК, Мікалай – оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС, жонка Тамара Васільеўна – старшы інспектар групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Жабінкаўскага РАУС.

А цяпер колькі слоў пра намесніка пракурора Алену Міхайлаўну Сідарук. Яна карэнная жыхарка Жабінкі. Словам, дзе нарадзілася, там і згадзілася. У адрозненне ад свайго калегі, Алена з выбарам сваёй прафесіі вызначылася яшчэ ў школе. Пайшла на правазнаўства ў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, які закончыла з адзнакай. Пасля вучобы вярнулася ў родны горад, дзе працавала сакратаром-машыністкай, а затым інспектарам прававой і кадравай работы ў ІМПЗ Жабінкаўскага раёна.
Працуючы, завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы па спецыяльнасці “Правазнаўства”.
Восем гадоў Алена Міхайлаўна адпрацавала памочнікам пракурора раёна. Была ў яе біяграфіі і служба на пасадзе пракурора аддзела па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах у пракуратуры Брэсцкай вобласці. Амаль год яна займалася гэтым. У кастрычніку 2008-га ёй прапанавалі пасаду намесніка пракурора ў родным горадзе. Яна ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўстваў і законнасцю прававых актаў, аб прафілактыцы правапарушэнняў, за дазнаннем.
Сямнаццаць гадоў у службах органаў пракуратуры не прайшлі дарма. Алена Сідарук стала сапраўдным прафесіяналам. Яе заўважылі. Праца кваліфікаванага, вопытнага і ініцыятыўнага работніка адзначана медалём “За бездакорную службу III ступені”.
Таццяна Валер’еўна Жарынава нарадзілася ў 1985 годзе ў Нівах, што на Бярозаўшчыне, у сям’і паштальёна Вольгі Мікалаеўны і зваршчыка Валерыя Яўгенавіча. Ужо з 12 гадоў марыла стаць юрыстам. Пасля заканчэння Белаазёрскай гімназіі паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на юрыдычны факультэт. Як вучылася ва ўніверсітэце, пасля другога курса і на пятым праходзіла практыку ў Гродзенскай раённай пракуратуры, што дапамагло канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі. Пасля вучобы ва ўніверсітэце здала экзамен у Генеральнай пракуратуры Беларусі і ў снежні 2007 года прыехала ў Жабінку, з 2008-га і па сённяшні дзень Таццяна Валер’еўна памочнік пракурора.
Яна ажыццяўляе нагляд за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах, падтрымлівае дзяржаўныя абвінавачванні ў судзе, наглядае за законнасцю судовых пастаноў па грамадзянскіх справах, за выкананнем заканадаўства крымінальна-выканаўчай інспекцыяй Жабінкаўскага РАУС і аб непаўнагадовых і моладзі, рыхтуе іскавыя заявы ў суд.
Прыярытэтным для органаў пракуратуры з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека і грамадзяніна як найвышэйшай каштоўнасці і мэтаў грамадства і дзяржавы. Да гэтага ў сваёй прафесійнай дзейнасці імкнецца і памочнік пракурора раёна Таццяна Валер’еўна Жарынава.
Акрамя пракурорскіх работнікаў, сёння тут працуюць загадчык канцылярыі Жанна Каралюк, вадзіцель Уладзімір Ціванчук, уборшчык службовых памяшканняў Святлана Каспярук. Яны ствараюць усе ўмовы для сур’ёзнай эфектыўнай працы пракурорскага штату. І ўтульнасць, і мікраклімат у калектыве ўплываюць на выніковасць работы.
Валерыя МІХАЙЛЮЧЫК.

Фота Святланы КІСЛАЙ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*