“Жабінцы – 200”

квакенбург

Прыемна, што нашы чытачы праявілі зацікаўленасць да віктарыны, абвешчанай нядаўна “Сельскай праўдай” (глядзіце “СП” ад 22 сакавіка г. г.). 20 жабінкаўцаў паказалі сваю эрудыцыю, адказваючы на пытанні. Што прыемна, удзельнікі розных узростаў (найбольш моладзі). Па 3 балы набралі Марыя Мацвяюк, Арцём Тамашэнка і Дзіма Клімук. “Чацвёрка” – у Жанны Казак, Ганны Мухі, Аліны Котыш, Марыны Андрайчук, Кацярыны Самасюк, Дзімы Кіслага і Святланы Кіслай. Найвышэйшы бал (5) па выніках першага тура маюць Ганна Андрасюк, Міхаіл Кузіч, Валерыя Дзмітрук, Арцём Серада, Іван Лаўранюк, Кацярына Гаўрылковіч, Таня Смеракоўская, Таццяна Семянюк, Настасся Мацвяюк і Хрысціна Семянюк.
Да ўдзелу ў наступных турах запрашаюцца і тыя, хто ўжо паспрабаваў свае сілы ў першым, і тыя, хто хацеў, ды не паспеў. Удачы ўсім!

* * *

Прыводзім правільныя адказы (з тлумачэннямі) на пытанні першага тура:
1. – а.
Насамрэч, на гербе – геральдычным сімвале Жабінкі і Жабінкаўскага раёна, зацверджаным кіраўніком дзяржавы, знайшлі ўвасабленне тры кветкі жабніка, размешчаныя вакол Y-абразнай фігуры, сімвалізуючай сутоку рэк Мухавец і Жабінка.
2. – б.
Заснаваная 29 кастрычніка 1944 года жабінкаўская раённая газета “Ленинский путь”, якая з 1 студзеня 1967 года носіць імя “Сельская праўда”, сёлета будзе святкаваць 73-ія ўгодкі.
3. – б.
Ужо дзясяты год наш райцэнтр вызначаецца станоўчым натуральным прыростам насельніцтва. Аднак яно пакуль не дасягнула планкі ў 14 тысяч чалавек.
4. – б.
За сваё жыццё Аляксандр Паўлавіч Раманаў (ён жа – імператар расійскі Аляксандр І) шмат падарожнічаў, двойчы праязджаў і праз жабінкаўскія землі (у 1823 годзе нават начаваў са сваёй світаю ў Крупчыцах, сённяшняй Чыжэўшчыне). А вось у Жабінцы самадзержцу бываць не давялося. Надта маленькім быў той хутарок у баку ад галоўных дарог, каб зацікавіць “гаспадара зямлі рускай”.
5. – б.
На сённяшні дзень колькасць вуліц і завулкаў у Жабінцы перавысіла лічбу 170. Аднак узнікненне 200-ай вуліцы яшчэ наперадзе.

* * *

Сёння – другі тур, які зноў запатрабуе ведаў і кемлівасці ад удзельнікаў. Свае адказы дасылайце на адрасы рэдакцыі:
паштовы (вул. Будзённага, д. 8)
ці электронны (selsk_prav@tut.by).
Шаноўныя чытачы! Не забывайцеся пазначыць свае імя і прозвішча, а таксама кантактны тэлефон. Вынікі віктарыны будуць падведзены ў ліпені, на вялікім свяце.
А зараз – працягваем!!!

Тур ІІ

(Умовы крыху ўскладняюцца: цяпер варыянтаў адказаў стала больш, а правільны з іх па-ранейшаму толькі адзін. Затое і вага правільных адказаў у гэтым туры падвойваецца).
1. Як вядома, за стагоддзі свайго існавання Жабінка ўвабрала ў свае межы некалькі навакольных населеных пунктаў. Якое з паселішчаў, што знаходзяцца зараз у гарадскіх мяжах, самае старажытнае?
а) Абрамавічы;
б) Галінова;
в) Жабіначка;
г) Мышчыцы.
2. Хто з вядомых жабінкаўцаў непасрэдна нарадзіўся ў Жабінцы?
а) паэтка Алена Жабінкаўская;
б) іераманах Серафім;
в) акадэмік Андрэй Трафімук;
г) камкор Маркіян Германовіч.
3. Якая самая працяглая вуліца ў нашым райцэнтры?
а) Леніна;
б) Кірава;
в) Камуністычная;
г) Калгасная.
4. У якім годзе Жабінка ўпершыню набыла статус адміністрацыйнага цэнтра?
а) у 1928 г.;
б) у 1940 г.;
в) у 1966 г.;
г) у 2014 г.
5. Наш горад – буйны чыгуначны вузел, адкуль можна дабрацца да многіх гарадоў Еўропы і Азіі. Адлегласць да якой еўрапейскай сталіцы найкарацейшая, калі рухацца ад станцыі Жабінка?
а) Мінск;
б) Масква;
в) Варшава;
г) Рыга.

Чакаем вашы адказы да 14 мая. Поспехаў!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.