75 Драмлёва

IMG_1816

ЗГАДВАЕМ  ДРАМЛЁВА

Мы згарэлі жывымі ў агні… Наша просьба да ўсіх:
няхай смутак і жалоба ператворацца ў мужнасць Вашу
і сілу, каб… з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры
пажараў жыццё не памірала!

Хатынь. Вянец Памяці.

Калі чытаем у Евангеллі, як у дзень нараджэння Ірада загінуў Хрысціцель, згадваем Драмлёва…
Калі гаворым пра звярынае аблічча і сутнасць фашызму, згадваем Драмлёва…
Калі думаем пра непамерную цану, заплачаную за Перамогу, згадваем Драмлёва…
НАЗВА. Вёска Драмлёва (у польскіх і расійскіх пісьмовых крыніцах, на даваенных картах – Dremliowo, Дремлева, Дремлиово, Дримліово, Дрымлево, Дрымли).
КААРДЫНАТЫ. 52°16′12″ пн. ш. 23°59′40″ усх. д.
УЗНІКНЕННЕ. Першая пісьмовая згадка ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага пра Драмлёва адносіцца да 27 мая 1529 года. Імёны першых драмлёўцаў, названых у 1589 годзе, – Зянон Федаровіч і Грыц Мікуліч.
ЖЫХАРЫ. У 1811 годзе ў вёсцы жыло 76 чалавек, у 1877-ым – 168, у 1935-ым – 152. На час знішчэння ў Драмлёве мелася каля дзвюх соцень жыхароў.
ГІБЕЛЬ. Трагедыя адбылася ў пятніцу 11 верасня 1942 года, на царкоўнае свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля, якое ў народзе завуць Галавасекам, Калінавікам, Крываўнікам, Галаварэзам, Сцянцелем.
АХВЯРЫ. Загінулі 184 чалавекі. Сярод ахвяраў – 104 ва ўзросце ад 0 да 30 гадоў.
1942-ы – год нараджэння і смерці Надзейкі Алізарка і Людачкі Антанюк, самых маленькіх жыхароў “вогненнай вёскі”. Не справілі свой першы год жыцця таксама Жэнечка Ляўчук, На-дзейка і Аня Юрасікі.
У тым агні і дыме захлынуліся і найстарэйшыя вяскоўцы – 88-гадовая Марыя Данілюк і 82-гадовыя Фёдар Ярмашук ды Макрана Данілюк.
СВЕДКІ. У час жорсткай расправы выжылі ўсяго чацвёра раненых падлеткаў: Коля Ярмашук, Міша Данілюк, Міця Юрасік і Віталь Чахлоў. Сярод дарослых драмлёўцаў, што цудам уратаваліся, бо адсутнічалі пад час кары ў вёсцы, пра зладзейства сведчыў перад раённай камісіяй, якая займалася выяўленнем ў 1944-1945 гадах шкоды, нанесенай нашай зямлі гітлераўцамі і іх памагатымі, Павел Варфаламеевіч Ляўчук.
Акрамя яго, жывымі засталіся драмлёўцы, якія ў трагічны дзень апынуліся ў іншых месцах: Валянціна Агараднічук (у замужжы Ялангава), Іосіф Агараднічук, Іван (Хуан) Агараднічук, Ефрасіння Агараднічук (Гаўрысюк), Антаніна Гудка, Матрона Данілюк (Алізарук), Ніна Алясюк (Канючка), Аксіння Дзенісюк (Мацкевіч), Вера Кіслая, Вера Юрасік (Кулінчык), Вера Юрасік (Купіч), Еўдакія Разумнік (Кобец), Любоў Алізарка (Іванюковіч), Таццяна Тайка, Вольга Юрасік (Новік), Ефрасіння Юрасік, Вера Данілюк (Крывец), Домна Шаўчук, Марыя Ганчук, Пелагея Ярмашук (Магер).
КАТЫ. У знішчэнні Драмлёва “пашчыравалі” байцы 10-ай роты ІІІ батальёна 15-га нямецкага паліцэйскага ахоўнага палка пад кіраўніцтвам капітана Заўра і обер-лейтэнанта Мюлера. Прыкладная колькасць удзельнікаў “акцыі” – да сотні чалавек.
УШАНАВАННЕ. Драмлёва ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. 30 чэрвеня 1969 года туды прыбылі дэлегацыі з раёнаў. Яны прывезлі зямлю са 185 вёсак, што пасля вызвалення не вярнуліся да жыцця. На хатынскіх “Могілках вёсак” ушанавана і Драмлёва (памятны знак па ёй месціцца з правага боку: гэта – трэцяя вёска ў дзявятым радзе).
На тым месцы, дзе да верасня 1942-га жыло Драмлёва, роўна праз сорак год узведзены мемарыяльны комплекс. У цэнтры яго – курган (насыпаны ў 1967-ым) і фігуры трох самотных жанчын (аўтар праекта – выкладчык кафедры архітэктуры будаўнічага факультэта Мінскага політэхнічнага інстытута Юрый Казакоў, скульптар – Уладзімір Вараб’ёў, на той час аспірант акадэмічнай майстэрні народнага мастака БССР, правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР Заіра Азгура). Ініцыятарам увекавечання пакутнікаў Драмлёва стала праўленне калгаса “Усход” (старшыня гаспадаркі Аляксей Дошчык).
Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Драмлёва” адбылося 12 верасня 1982 года.
Увесну 2009-га абноўлена пахаванне драмлёўцаў на Сцяпанкаўскіх вясковых могілках. Ужо паўстагоддзя ў трагічную дату на месцы “вогненнай вёскі” ладзіцца жалобны мітынг-рэквіем.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: карціна “Драмлёва” (1978 год), выкананы мастаком Міхаілам Паўлавічам КАРНЕЕВЫМ, экспануецца ў музейным пакоі СШ № 1 г. Жабінка.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*