У 1987 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла гэты дзень Міжнародным днём барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў, тым самым вызначыла ўсю важнасць праблемы і мэту – сусветная супольнасць, свабодная ад наркаманіі. Сёння гэтая залежнасць ахапіла ўсе краіны свету. Колькасць тых, хто ўжывае наркотыкі, перавышае 200 мільёнаў чалавек.
На тэрыторыі нашага раёна на канец мінулага года зарэгістравана 15 асоб (з іх двое непаўнагадовых), якія ўжываюць наркатычныя сродкі ў немедыцынскіх мэтах. А яны, як вядома, здольныя сфарміраваць наркатычную залежнасць літаральна за некалькі прыёмаў.
Наступствы гэтага захворвання надзвычай небяспечныя, бо адбываюцца грубыя парушэнні функцый унутраных органаў, нервовай сістэмы і дэградацыя асобы. Наркаманы ў зоне рызыкі заражэння ВІЧ-інфекцыяй, вірусным гепатытам, венерычнымі хваробамі, іншымі небяспечнымі інфекцыйнымі захворваннямі і спрыяюць іх распаўсюджванню. Калі чалавек не лечыцца, то хвароба прагрэсіруе вельмі хутка і на фоне выяўленых псіхічных і саматычных расстройстваў настае поўнае разбурэнне асобы. Вынік у гэтым выпадку адзін – заўчасная смерць.
Смяротнасць дыспансерных пацыентаў з наркаманіяй штогод павялічваецца – за апошнія 5 гадоў на 65,8 працэнта. Апроч таго, яна прыводзіць да фізічнай, маральнай і сацыяльнай дэградацыі асобы і штурхае людзей, якія страцілі сябе, на злачынствы. Наркаманію варта разглядаць як бедства, супраць якога грамадства павінна ўзвесці непераадольны бар’ер. Праблема яе распаўсюджвання займае не апошняе месца і ў ліку прычын высокай смяротнасці, нізкай нараджальнасці і недапушчальна нізкай сярэдняй працягласці жыцця ў рэспубліцы.
Толькі маючы выразную і актыўную пазіцыю, грамадства здольна вырашыць праблему нарказалежнасці.
Калі вы адчуваеце, што не можаце самастойна справіцца з існуючай праблемай і вам патрэбна дапамога, то па кансультацыю можна звярнуцца да ўрача псіхіятра-нарколага ў паліклініку Жабінкаўскай ЦРБ у кабінет № 36, з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00, акрамя выхадных, або патэлефанаваць на нумар 60-8-11.
Аліна МІСЮРА, урач псіхіятр-нарколаг паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%