Жывёлагадоўчая галіна патрабуе значных укладанняў і пільнай увагі

IMG_0364Алёна НІКАНЧУК.
Пачатак года для сельскіх працаўнікоў – час падвядзення вынікаў. Чаго дасягнулі гаспадаркі на сённяшні дзень, як будуць развівацца заўтра і ў бліжэйшай будучыні? Гэтыя пытанні абмяркоўваюцца на справаздачных і справаздачна-выбарных сходах, на якіх прысутнічаюць кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя спецыялісты, сённяшнія працаўнікі, ветэраны. Сходы – своеасаблівы экзамен як для кіраўнікоў, так і работнікаў.
Сёлетнюю справаздачна-выбарную кампанію ў раёне распачалі сходы ў ААТ “Жабінкаўскі” і СВК “Вазнясенскі”, якія праведзены 18 лютага. У мінулую сераду справаздачны сход адбыўся ў ААТ “Азяты Агра”. У яго рабоце прыняў удзел старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Дырэктар таварыства Уладзімір Пашкевіч расказаў аб выніках работы гаспадаркі за 2016 год і акрэсліў задачы на сёлетні. У сваім выступленні ён зазначыў, што мінулы год быў няпростым для гаспадаркі, але пэўныя дасягненні ёсць. Так, летась вырабілі валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах на 5 мільёнаў 431 тысячу рублёў, або на 30 працэнтаў больш, чым у 2015 годзе. Нягледзячы на недаатрыманне збожжа, прадукцыі раслінаводства атрымана больш на 82,4 працэнта да ўзроўню 2015 года. У цэлым у сельгаспрадпрыемстве за справаздачны год на 8,7 працэнта павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі, а гэта 3 мільёны 488 тысяч рублёў.
Уладзімір Уладзіміравіч прааналізаваў вынікі работы ў раслінаводстве. Так, летась ураджайнасць зерневых культур была ніжэй, чым у 2015 годзе, аднак сітуацыю выправіла кукуруза. Ад рэалізацыі яе на зерне і насенне гаспадарка атрымала прыбытак у памеры 235 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці кукурузы на зерне склала 66 працэнтаў, на насенне – 107,5.
Стратнымі для таварыства сталі дзве культуры: авёс і рапс. Для прыкладу, атрымалі рапсу 62 тоны, а страты ад яго вырошчвання склалі 39 тысяч рублёў.
Нягледзячы на недабор збожжа, ААТ “Азяты Агра” выканала план яго продажу дзяржаве, забяспечыла сябе насеннем і поўнасцю разлічылася са сваімі работнікамі.
Лепшая сітуацыя склалася летась і са стварэннем кармавой базы ў параўнанні з 2015 годам. Травяных кармоў і сіласу ўдалося нарыхтаваць практычна паўтарагадовы запас, што дазволіла значна ўмацаваць кармавую базу і скараціць сабекошт кармоў. У цэлым прыбытак па раслінаводчай галіне склаў 240 тысяч рублёў, што на 174,9 працэнта больш за ўзровень 2015 года.
Гаварылася і пра жывёлагадоўлю, сітуацыя ў якой далёка не зайздросная. Падзенне вытворчасці прадукцыі ў гэтай галіне летась склала тры працэнты. Малака атрымалі на 0,8 працэнта менш і прадалі на 3,2 працэнта менш, чым у 2015 годзе. Удой на адну карову зменшыўся на 1,8 працэнта. Таварнасць малака знізілася на 2,2 працэнта. Затое расход на выпайку цялят павялічыўся летась на 44,8 тоны, ці на 8,6 працэнта, пры тым, што атрымана прыплоду ўсяго на адну галаву больш, чым у 2015 годзе.
З вырошчваннем мясной прадукцыі сітуацыя таксама складаная. Падзенне вытворчасці яе склала 10,8 працэнта, што прывяло да росту сабекошту і павелічэння страт. Не дапусцілі зніжэння валавых прыбаўленняў у вазе БРЖ і сярэднесутачных толькі жывёлаводы Галіна Бухоўская і Надзея Сахарчук. У цэлым у таварыстве сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе знізіліся на 13,5 працэнта і склалі 551 грам.
Летась у ААТ “Азяты Агра” атрымана 1083 галавы прыплоду, 89 галоў на 100 кароў і цялушак і 90 галоў на 100 кароў ад кароў. Адзіным станоўчым момантам стаў рост прыбытку ад рэалізацыі малака, аднак ён з лёгкасцю перакрыўся каласальнымі стратамі ад рэалізацыі мяса, у выніку чаго жывёлагадоўчая галіна завяршыла справаздачны год са стратамі ў 149 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці малака склала 22,7 працэнта, мяса – мінус 47,5. Выручка ад рэалізацыі малака летась павялічылася на 8,5 працэнта і была 1 мільён 740 тысяч рублёў. Рост адбыўся выключна за кошт павышэння закупачных цэн і якасці малака. Удзельная вага сорту “экстра” ў аб’ёме рэалізацыі склала 11 працэнтаў.
Уладзімір Уладзіміравіч агучыў сёлетнія задачы, якія стаяць перад жывёлагадоўчай галіной гаспадаркі – рацыянальнае выкарыстанне кармоў, стварэнне належных умоў утрымання жывёл, дзеля забеспячэння запланаванай вытворчасці прадукцыі і росту выручкі ад яе рэалізацыі. Да слова, амаль 71 працэнт выручкі, атрыманай летась, таварыству прынесла рэалізацыя жывёлагадоўчай прадукцыі.
Вядома, што рашаючую ролю ў любой справе адыгрываюць людзі. Уладзімір Пашкевіч выказаў словы ўдзячнасці за добрасумленную працу трактарыстам-машыністам гаспадаркі В.В. Платонаву, П.П. Шкуралю, С.І. Андрасюку, Ю.А. Лысковічу, В.В. Петрыку, В.Г. Яворскаму, вадзіцелям – М.А. Шкарупе, П.А. Міхалюку, М.В. Платонаву, В.С. Андрасюку.
Гаварыў дырэктар таварыства, што на сённяшні дзень у недастатковай колькасці набываюцца запасныя часткі, будаўнічыя матэрыялы, мінеральныя ўгнаенні і іншае. Разлікі паказваюць, што атрыманых грошай ад рэалізацыі прадукцыі не заўсёды дастаткова для таго, каб паспяхова правесці пасяўную кампанію і вырашыць іншыя неадкладныя задачы. Ён падкрэсліў, што разлічваць перш за ўсё патрэбна на саміх сябе, вырабляць больш сельскагаспадарчай прадукцыі, якая карыстаецца попытам і найбольш эканамічна выгадная, беражліва адносіцца да ўсяго, што створана сумеснай працай, эканоміць на вялікім і малым, вучыцца гандляваць сваёй прадукцыяй.
Падкрэсліў Уладзімір Пашкевіч, што сярэднемесячная заработная плата па выніках мінулага года вырасла ў гаспадарцы на 5,3 працэнта і склала 454 рублі 70 капеек. Паказчык далёка не самы высокі ў раёне, але і не самы нізкі. Пры ўмове выканання планаў вытворчасці, рэалізацыі прадукцыі і захаванні занятасці ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы сёлета можа быць павялічаны на 22,9 працэнта і дасягнуць 558 рублёў 83 капейкі.
Дакладчыка дапоўнілі спецыялісты гаспадаркі намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі А.А. Лайчук, галоўны аграном С.М. Зінкевіч, галоўны інжынер Д.М. Лось і галоўны эканаміст Д.Ю. Гузарэвіч. Яны не толькі аналізавалі вынікі работы таварыства за мінулы год, агучылі праблемы, існуючыя ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, але і расказалі ўдзельнікам сходу, што робіцца і будзе яшчэ зроблена для таго, каб сёлета атрымаць большую аддачу ад ферм і палёў.
Так, Аляксандр Лайчук леташняе зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі патлумачыў недахопам бялковага корму, мінеральных падкормак і дабавак. А як карову накорміш, так, зразумела, і надоіш, такія і прыбаўленні ў вазе атрымаеш.
Гаварыў ён і пра нездавальняючы стан тэхнічных сродкаў у жывёлагадоўлі, іх вялікую зношанасць, пра вытворчую дысцыпліну. Спыніўся і на станоўчых момантах леташняга года: павелічэнні пагалоўя статка, а таксама продажы малака гатункам “экстра”. Сяргей Зінкевіч выказаў свае меркаванні наконт паляпшэння паказчыкаў у галіне раслінаводства. Трэба больш увагі надаваць новым перспектыўным тэхналогіям, рабоце з арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін. Адказней адносіцца да апрацоўкі глебы, сяўбы і ўборкі сельскагаспадарчых культур.
Дзмітрый Лось падкрэсліў, што тэхналагічныя працэсы ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве патрабуюць высокага ўзроўню механізацыі і бесперабойнай работы тэхнікі. Так, летась на рамонт і тэхнічнае абслугоўванне машынна-трактарнага парку гаспадаркі было выдзелена 223 тысячы рублёў, на закупку запасных частак – 198 тысяч. На цяперашні час першачарговая задача ў механізацыі – падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной кампаніі.
Дзмітрый Гузарэвіч агучыў тыя задачы, якія стаяць перад жывёлагадоўчай і раслінаводчай галінамі гаспадаркі, а таксама непасрэдна перад калектывам ААТ “Азяты Агра”. Яго выступленне складалася ў асноўным з лічбаў, якіх, паводле меркавання галоўнага эканаміста, можна дасягнуць агульнымі намаганнямі.
Аб выкананні калектыўнага дагавору за мінулы год расказала старшыня прафкама ААТ “Азяты Агра” Іна Шкарупа. Яна спынілася на аплаце працы, парадку прадастаўлення працоўных адпачынкаў і дадатковых кампенсацый і ўзнагарод работнікам, пераводзе іх на кантрактную форму найму, аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, даплатах да заработнай платы маладым спецыялістам і іншым.
Вынікі сходу падвёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч падкрэсліў, што справаздачны сход – не проста падвядзенне вынікаў. Ён дапамагае разгледзець упушчаныя магчымасці: што летась аб’ектыўна не дало дасягнуць гаспадарцы лепшых паказчыкаў і што патрэбна намеціць сёлета, якія задачы рэалізаваць, каб палепшыць сітуацыю. У ААТ “Азяты Агра” ёсць пэўныя дасягненні ў раслінаводстве, заклапочанасць выклікае жывёлагадоўчая галіна, якая патрабуе значных укладанняў і пільнай увагі. Цяпер магчымасці падтрымкі гаспадарак дзяржавай змяншаюцца, трэба самім думаць, як зарабляць грошы і як іх эфектыўна траціць. Сельгасарганізацыі раёна маюць добры патэнцыял як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, валодаюць у дастатковай ступені працоўнымі і зямельнымі рэсурсамі, матэрыяльна-тэхнічнай базай, у іх ліку і ААТ “Азяты Агра”. Ліквідаваць мінусы і выканаць пастаўленыя задачы дапаможа добрасумленная праца кожнага, якая прынясе карысць агульнай справе.
Кіраўнік раёна разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталляй Карпук уручылі працаўнікам ААТ “Азяты Агра” Лісты падзякі ад раённай арганізацыі галіновага прафсаюза і сертыфікаты на набыццё тавараў Жабінкаўскага камбікормавага завода. Іх атрымалі Н.Н. Утко, Т.А. Даманская, Ю.У. Кузьміч, М.В. Платонаў і В.А. Храмцоў.
Уручаць падарункі прадоўжылі дырэктар таварыства Уладзімір Пашкевіч і старшыня прафкама ААТ “Азяты Агра” Іна Шкарупа. Іх атрымалі пенсіянеры сельгаспрадпрыемства, якія летась пайшлі на заслужаны адпачынак па ўзросце: В.У. Дземідовіч, П.А. Міхалюк, В.С. Андрасюк, І.Ф. Мароз і І.А. Шпока.
Адышоў у гісторыю чарговы няпросты для таварыства сельскагаспадарчы год. Наперадзе адказная пара – пасяўная кампанія. У бліжэйшых планах працаўнікоў ААТ “Азяты Агра” своечасова і якасна закласці падмурак для новага ўраджаю, падрыхтаваць тэхніку, насенне да веснавых палявых работ.

На здымку: Уладзімір Пашкевіч.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.