
Такое і Вялікаму камбінатару не снілася
Каб абудзіўся Астап Бэндэр, ён, напэўна, пасаромеўся б сёння назваць сябе Вялікім камбінатарам, бо яго прадаўжальнікі, якіх завялася незлічоная колькасць, узброіліся сучаснай тэхнікай ды прыдумалі столькі розных метадаў адабраць у давелівых грошы, што Астапу Ібрагімавічу і не снілася.
Напрыклад, нехта пад маркай продажу абутку ў сацыяльнай сетцы “Теlеgrаm” “здабыў” у Яніны Я. (імёны тут і далей зменены) больш за 1800 рублёў. Другі махляр, назваўшыся супрацоўнікам ААТ “АСБ Беларусбанк”, прынёс гора Ягору В., якога пераканаў пад прыдуманай прычынай аб неабходнасці перавесці грашовыя сродкі на прапанаваную банкаўскую плацежную картку. Як толькі мужчына гэта зрабіў, невядомы прысвоіў сабе 1750 рублёў.
У верасні таксама пацярпелі ад ашуканцаў яшчэ тры жыхары горада-спадарожніка. Па ўсіх фактах узбуджаны крымінальныя справы. Аднак адшукаць злачынцаў будзе няпроста, бо часта махляры званілі з-за мяжы. Таму мы ў чарговы раз папярэджваем жыхароў раёна быць асабліва асцярожнымі з тымі “дабрадзецелямі”, хто на вашы грошы, як кажуць, вока паклаў.
Зноў без правоў. Куды гэта прывяло вадзіцеля?
Яшчэ ўлетку Спірыдон Ш. судом Івацэвіцкага раёна быў аштрафаваны на 20 базавых велічынь, або 840 рублёў, за кіраванне аўтамабілем без вадзіцельскіх правоў. Аднак не прайшло і месяца, як парушальніка правілаў дарожнага руху зноў запынілі работнікі Дзяржаўтаінспекцыі за рулём аўтамабіля паблізу вёскі Федзькавічы нашага раёна. Вадзіцель зноў аказаўся без правоў, бо ён іх не меў. На аматара пакатацца на машыне, не маючы на гэта дазволу, узбуджана справа па частцы 1 артыкула 317-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Парваў пашпарт. А гэта караецца па законе
Хаця Міраслаў П. разам з жонкай не жыве, але аднойчы, калі Кацярына позна вярнулася дадому, ён у злосці парваў яе пашпарт. Мабыць, мужчына раней і не ўяўляў, што такія дзеянні падпадаюць пад крымінальную адказнасць. У выніку супраць Міраслава была ўзбуджана справа па артукуле 378 Крымінальнага кодэкса, які забараняе красці або знішчаць асабістыя дакументы, у тым ліку пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Высвятленне адносін… нажом
Магчыма, будучы цвярозай, Нінэль Б. не ўзяла б у рукі нож, але яна была ў стане алкагольнага ап’янення. Жанчына ў злосці стукнула нажом Савелія Б. у вобласць жывата, тым самым нанесла яму раненне, якое адносіцца да цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Цяпер Нінэлі давядзецца адказваць у судзе паводле часткі 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса нашай дзяржавы.
Па інфармацыі начальніка райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыялы да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
