
І ўдзень, і ўначы спакою не даюць кібермахляры
У наш час, здаецца, для чалавечай зручнасці прыдуманы і развіваюцца сацыяльныя сеткі. Ды бывае, што карыстаюцца імі зламыснікі, якія спакою не даюць сумленным грамадзянам. Вось, напрыклад, захацелася Юноне З. (тут і далей імёны з этычнага пункту погляду змененыя) атрымаць дзіцячыя рэчы. Звярнулася жанчына праз інтэрнэт да невядомага, які быццам абяцаў забяспечыць продаж і дастаўку цацак ды адзежы для маленькіх. Хоць насамрэч кібермахляр і не збіраўся выконваць узятыя на сябе абавязкі, затое пераканаў Юнону, што ёй патрэбна перавесці больш за сотню рублёў на названую плацежную картку. Жанчына так і зрабіла, у выніку не толькі новых рэчаў не пабачыла, але й без грошай засталася.
Яшчэ большыя матэрыяльныя страты панесла іншая жабінкаўчанка, што паверыла тэлефоннаму зламысніку, якому назвала рэквізіты сваёй карткі. Той “добразычлівец” абяцаў абараніць жанчыну ад… злачынства, а ў выніку сам нахабна залез да яе ў кішэню, спісаўшы з карткі грашовыя сродкі на суму ў тысячу рублёў. Хочацца зноў звярнуцца да жыхароў раёна: будзьце пільнымі, не дазваляйце махлярам нажывацца на вас.
Не парушай ніколі прэвентыўны нагляд!
Грамадзянка І. неаднойчы была асуджана ў розных судах нашай краіны. Апошняя па часе справа, у якой фігурыравала жанчына, разглядалася летам мінулага года ў Жабінцы. Адбыўшы пакаранне, яна выйшла на волю, аднак на шлях выпраўлення ўстаць не спяшалася. У адносінах да І. судом быў накладзены прэвентыўны нагляд, які патрабаваў ад вінаватай шэраг абмежаванняў, у тым ліку тройчы на месяц з’яўляцца для рэгістрацыі ў аддзел унутраных спраў, не выязджаць без згоды міліцыі за межы раёна, не набываць спіртное, не наведваць кафэ, бары, рэстараны для распіцця алкагольных напояў і гэтак далей.
Грамадзянка І. своечасова была праінфармавана аб сваіх абавязках, тым не менш парушала іх не раз і падвяргалася адміністрацыйнаму спагнанню па частцы 1 артыкула 25.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях. Тым не менш, на шлях перавыхавання яна не стала, а здзейсніла новыя правапарушэнні, так што супраць І. узбуджана крымінальная справа паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса нашай краіны.
Не ведае матуля клопату па сыне, а тата – па дачцэ
Такіх жанчын, што не выконваюць сваіх мацярынскіх абавязкаў, прынята ў народзе параўноўваць з зязюлямі, якія перакладаюць свае святыя бацькоўскія клопаты на плечы іншых. Нават цяжка зразумець, як маці можа сына, сваю крывіначку, не любіць? А ўявіце сабе, што Тамару А. суд Маскоўскага раёна горада Брэста некалькі гадоў таму з-за недастойных паводзін пазбавіў мацярынскіх правоў, абавязаў жанчыну штомесячна кампенсаваць страты на ўтрыманне хлопчыка, які знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Тамара была працаўладкавана на адным з прадпрыемстваў горада-спадарожніка, дзе пачала працаваць прыбіральшчыкам тэрыторый. Але ж як пачала? Такую працу іншым у прыклад ніяк не паставіш. Толькі з пачатку верасня 2025 года па сёлетні люты жанчына без уважлівых прычын дапусціла няяўку на месца працы сорак разоў, што пацягнула за сабою няпоўнае выкананне штомесячных абавязацельстваў на кампенсацыю расходаў на непаўналетняга сына. Гэта падпадае пад частку 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Аднак не толькі ў Тамары прытупіліся пачуцці да сына. Забываецца на выхаванне дачкі і грамадзянін Л. Ён быў раней судзімы за ўхіленне ад уплаты сродкаў на выхаванне непаўналетняй, адбыў пакаранне, аднак на шлях выпраўлення не стаў. Пагэтаму на гора-бацьку ўзбуджана справа па частцы 3 артыкула 174 КК.
Чакае горкая расплата за… горкую настойку
На памежжы гадоў за адносна невялікі час Віялета Д. ужо двойчы апынулася не ў ладзе з законам. У самым канцы 2025-га яе асудзілі за крадзеж да выканання грамадскіх работ. Аднак жанчына пакаранне не адбыла, на шлях выпраўлення не стала і, маючы нязнятую ды непагашаную судзімасць, здзейсніла новае злачынства. Так, 4 студзеня 2026 года яна зайшла ў прадуктовы магазін. З гэтай крамы сярод белага дня жанчына скрала бутэльку горкай настойкі “Белавежская” ды літр “Кока-колы”. Хоць агульна крадзеж каштаваў менш за 17 рублёў, аднак цяпер парушальніцу закону чакае горкая расплата за горкую настойку, пакольку яе дзеянні падпадаюць пад частку 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэкса.
Па інфармацыі начальніка райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыялы для друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК
Popularity: 1%















































































































































































