На гэты раз размова не пра жніво ці вясковыя клопаты пасля збору ўраджаю. Гэта вельмі патрэбна, але й паказчык, наколькі папаўняюцца сем’і жабінкаўцаў дзіцячымі галасамі, згадзіцеся, таксама надзвычай важны. Можна нават сказаць – найважнейшы!

Дык вось, па выніках першага асенняга месяца супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама і рэдакцыі газеты “Жабінка актуальна” з вялікім задавальненнем віншуюць бацькоў ажно 17-ці маленькіх жыхароў горада-спадарожніка і Жабінкаўскага раёна. Менавіта столькі немаўлятак было зарэгістравана ў мінулым верасні, з іх сем хлопчыкаў дзесяць дзяўчынак.
Пры гэтым усе імёны, дадзеныя бацькамі сваім нованароджаным, даволі арыгінальныя і непаўторныя (асабліва гэта тычыцца юных прадстаўніц прыгожага полу).
Так, маленькіх багатыроў у верасні называлі Аляксандрам, Дамірам, Максімам, Мацвеем, Міронам, Міхаілам і Раманам.
А вось і імёны зусім юных прынцэс: Аляксандра, Амелія, Арына, Варвара, Вераніка, Кацярына, Марыя, Ульяна, Сафія і Эбігейл. Апошняе ў спісе імя ўвогуле крайне рэдкае. Вядома, з’яўленне дзіцяці ў бацькоўскім хаце шчасце як для мамы, так і для таты. І ўсё ж у дадзеным выпадку можам дапусціць, што большую радасць займеў менавіта гаспадар таго дома, паколькі імя Эбігейл так і перакладаецца: “радасць бацькі”!
Наталля ВАРАТНІКОВА, начальнік Жабінкаўскага загса; Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
