12 кастрычніка 1940 года – гістарычны дзень: 85 год таму раёны на захадзе Беларусі былі падзелены на сельсаветы. Тады на Жабінкаўшчыне іх узнікла 13, зараз засталося ўсяго сем, аднак гэта “цудоўная сямёрка”, дзе жывуць і працуюць выдатныя людзі.
У раёна і сельсавета – адно імя
Жабінкаўскі сельсавет, размешчаны ў самым “сэрцы” раёна, носіць з ім аднолькавае імя. Сённяшнія свае абрысы на карце ён набыў восенню 2017 года, калі да горада адышлі суседнія вёскі. Таму сельсавет хоць і мае 13 населеных пунктаў, самы маланаселены. Акрамя таго ў яго два дні нараджэння (скасаваны ў 1952-м сельсавет аднавіўся вясной 1998 года). На яго землях размяшчаюцца ўгоддзі ААТ “Жабінкаўскі”, фермерскіх гаспадарак “Улас”, “Цалюк”, “Ягадны вальс”, “Лясны Арэшак”, існуюць установы культуры ў Залуззі і Вялікіх Якаўчыцах, сярэдняя школа і дзіцячы сад у аграгарадку, ФАПы ў Залуззі ды Пшанаях.
Сярод найбольш знакамітых тутэйшых нараджэнцаў Герой Сацыялістычнай працы Фёдар Валасюк, доктар матэматычных навук Яўген Завулічны, партызаны атрада імя Чарнака Іван Філіпук і Аляксей Дзмітрук.
2 аграгарадкі і 22 вёскі
Утвораны восенню 1940 года Крыўлянскі сельсавет спачатку меў цэнтр у вёсцы Глыбокае. Хоць па памерах ён і невялікі, аднак мае найбольшую колькасць населеных пунктаў: ажно 24-ы, у тым ліку аграгарадкі Крыўляны і Мацеевічы. Увогуле, тут усё ў пары: два сельгаспрадпрыемствы – ААТ “Вазнясенскі” і “Мацеевічы”, дзве школы (сярэдняя ў Крыўлянах і базавая ў Мацеевічах), пара ўстаноў культуры, а на ахове здароўя вяскоўцаў знаходзяцца медыкі двух ФАПаў і Крыўлянскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
Паміж нараджэнцаў гэтай зямлі ёсць сапраўды выдатныя асобы: епіскап Ігнацій Жалязоўскі, міністр сувязі Беларусі Іван Грыцук і дырэктар Бярозаўскай ГРЭС Іван Баярчук.
Ленінцаў найбольш!
Ленінскі сельсавет месціцца на бойкім месцы, каля шашы М 1, якая нібыта беларускі “экватар”, падзяляе Жабінкаўшчыну на паўднёвую і паўночную часткі. Сваё імя сельсавет атрымаў у пачатку 1971 года. Раней ён зваўся Рагазнянскім. Гэтае імя дасюль захавалася за вельмі паспяховым сельгаставарыствам. Акрамя таго, сельсавет – “і жытніца, і здраўніца”: ва ўрочышчы Сасновы Бор працуюць вядомыя далёка за межамі раёна санаторыі “Буг” і “Надзея”. Увогуле, Ленінскі сельсавет – край, прыцягальны для турыстаў, вядомы найбольшай колькасцю гістарычных помнікаў. Зараз тут пражывае каля 2300 чалавек (і гэта найбольшы паказчык на Жабінкаўшчыне). У яго складзе 11 населеных пунктаў, сярэдняя школа і школа мастацтваў, яслі-сад, сельскі Дом культуры і бібліятэка, а таксама амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Тут працуюць не толькі на зямлі, але і ў яе глыбінях, прынамсі, на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі”. Ленінцы паўсюль намагаюцца быць лідарамі. Вось і аграгарадок у іх узнік найпершым у раёне – роўна 20 гадоў таму.
Край старажыты, партызанскі
Вось ужо 85 гадоў старажытныя Азяты – цэнтр самага буйнога і ляснога сельсавета. Ён ніколі не скасоўваўся і не мяняў назву. Чалавек, што прынёс славу гэтай зямлі, – легендарны партызан Міхаіл Чарнак, старшыня Старасельскага сельсавета, які летам 1954 года быў далучаны да Азятаў.
На абшарах Азяцкага сельсавета 11 населеных пунктаў, працуюць Старасельская сярэдняя школа і Азяцкі дзіцячы сад, клубныя ўстановы ў аграгарадку і Старым Сяле, амбулаторыя ды фельчарска-акушэрскі пункт. Азяцкі край па праве завуць старажытным, дзе дасюль захоўваюцца дзясяткі курганоў – памятак сівой даўніны. А нашы сучаснікі падаюць прыклад у працы на палетках і фермах СУП “АграАзяты”.
Азяты – малая радзіма многіх знакамітых людзей, бадай, найбольш услаўленыя асобы – беларускі і рускі вучоны-фалькларыст, педагог і палітычны дзеяч Юльян Крачкоўскі, а таксама вядомы механізатар Васіль Андруховіч.
Наймалодшы сельсавет
Ён узнік 60 гадоў таму і спачатку называўся Пятровіцкім, а з восені 2000-га цэнтр сельсавета перанеслі ў Ракітніцу і сельсавет атрымаў сённяшнюю назву. Акрамя мясцовага сельгаставарыства, вынікамі сваёй працы цешаць і мясцовыя фермеры з “Ева-Лэнда”, “ЯКВІЛа” ды іншыя. Цудоўнымі прыроднымі куткамі багата Пятровіцкае лясніцтва. Сапраўдны цэнтр жыцця – аграгарадок, дзе ёсць амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, школа і дзіцячы сад, СДК і бібліятэка.
Гэтая зямля ўзгадавала многіх славутасцяў, у іх ліку паэт Альбін Дзяконскі і акадэмік Андрэй Трафімук, заслужаны артыст Беларусі Іван Герасевіч і айчынны пісьменнік Расціслаў Бензярук.
А вось і найстарэйшы!
Створаны ў 1940 годзе Сцяпанкаўскі сельсавет ніколі, як і Азяцкі, не губляў свайго імя. У яго складзе 17 населеных пунктаў. На тэрыторыі сельсавета функцыянуе ААТ “Арэпічы”, ёсць Сцяпанкаўскі дзіцячы сад, а таксама ўстановы культуры і аховы здароўя ў Арэпічах ды Сцяпанках.
Асобна вылучым Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, размешчаны ў Малых Сяхновічах. Аднак не толькі для таго, каб прайсціся па музейных залах, гэтыя мясціны вельмі часта наведваюць госці. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца памятны і прыцягальны гістарычны аб’ект – мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, узведзены на месцы нашай “вогненнай вёскі”.
Сцяпанкаўская зямля заўсёды нараджала таленавітых людзей. У іх ліку – архітэктар Рыгор Будзько, а таксама слынныя вучоныя-медыкі: кандыдат навук Васіль Вашчук, прафесар Рыгор Шорах і акадэмік Данііл Крыўчэня.
Са знакам якасці
Дзень нараджэння Хмелеўскага сельсавета – 3 ліпеня 1972 года. Зараз у яго складзе аграгарадок ды восем вёсак. Усё, што звязана з Хмелевам, здаўна ўспрымаецца са знакам якасці. Выдатна працуюць хмелеўцы ў аднайменнай гаспадарцы і добра ўмеюць адпачыць пад акампанемент непаўторных самадзейных артыстаў з народнага тэатра гульні, гумару і песні “Хмелеўскія валацугі” ды ўзорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца”.
Акрамя аграгарадка Хмелева, дзе ёсць сярэдняя школа, сельскі Дом культуры з бібліятэкай, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, ёсць яшчэ адзін буйны населены пункт сельсавета – вёска Падлессе, дзе працуюць дзіцячы сад і фельчарска-акушэрскі пункт.
А яшчэ гэты куток Жабінкаўшчыны шырока вядомы ў свеце дзякуючы 300-гадоваму храму, мужчынскаму манастыру і цудатворнай іконе Божай Маці Чанстахоўскай. Хмелеўцы ганарацца сваімі землякамі, найперш военачальнікам Маркіянам Германовічам, Ганаровым грамадзянінам Жабінкаўскага раёна айцом Серафімам і паэтам Іванам Арабейкам.






Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
