КРОПКА НА КАРЦЕ

АЗЯТЫ: па вуліцы Новай – у новае жыццё

У Азятах журналісцкі праект “Взгляд” спыніўся нездарма. Паколькі надта вялікая колькасць цікавых людзей мае повязь з гэтым куточкам жабінкаўскай зямлі. Акрамя тых выдатных асоб, пра якіх “Жабінка актуальна” пісала ў мінулым выпуску газеты, згадаем яшчэ некалькіх, хто пакінуў у свеце добры след.

Сярод іх – дыпламат і першы кашталян Берасця Іван Гайка, навуковец і складальніца школьных падручнікаў Галіна Снітко, артыст лялечнага тэатра Мікалай Манец, рэгент мітрапалічага хору Віталь Сабалеўскі і першая жанчына-падпалкоўнік у беларускай арміі Надзея Гумянка. Самабытны азяцкі край і сёння радуе дасягненнямі сваіх людзей. Надышоў час з некаторымі неадкладна пазнаёміцца.

Прафесіі, перададзеныя ў спадчыну

– Азятчукі – вялікія працаўнікі, – гаворыць старшыня сельвыканкама Алена Зінкевіч. – Калі нехта нарадзіўся ці згадзіўся на гэтай зямлі, дык прырастае да яе моцна, на ўсё жыццё.

Алена Іванаўна падзякавала раёнцы за ўвагу да рупліўцаў, што жывуць у сельсавеце. А яны, выдатныя азятчукі, сапраўды, нярэдка становяцца героямі публікацый. Пры гэтым журналістам не даводзіцца і на макавую крупінку крывіць душою, бо нездарма ў народзе кажуць: па працы і пашана.

З такой шаноўнай сям’ёй хутка сустрэліся на вуліцы Новай. Уладзімір і Раіса Літвінчыкі не чакалі, аднак вельмі ўзрадаваліся прыемнай сустрэчы. Асабліва ўзрадавалася гаспадыня, калі даведалася, што газета з расказам пра Азяты і яе жыхароў выйдзе напярэдадні яе ўласнага 70-годдзя.

Дружная сям’я жыве ў сяле з 1979 года. Уладзімір Сцяпанавіч уладкаваўся ў тагачасны калгас “Беларусь” ветэрынарным урачом, пазней быў намеснікам старшыні гаспадаркі, а ўжо да пенсіі зноў працаваў ветурачом. А вось Раіса Мікалаеўна звязала лёс з медыцынай. Гэтак стварыўся саюз, дзе муж жывёлу лячыў, а жонка дапамагала зняць боль людзям.

Мінула вось ужо сорак пяць гадоў, як Літвінчыкі пусцілі ў Азятах карані.

– Поўныя карані! – ускліквае гаспадар.

І ў гэтым лёгка пераканацца, зірнуўшы на прыгажосць, што пануе на падворку або пераступіць парог Літвінчыкавай хаты. Тут – у сямейнай цеплыні і парадку, створаных бацькамі, – і дочкі нарадзіліся. Наталля і Алена атрымалі ў спадчыну татаву прафесію і зараз працуюць ветурачамі ў абласной ветэрынарнай лабараторыі.

Ёсць ужо і трэцяе пакаленне: два ўнукі і дзве ўнучкі. Да слова, найстарэйшая Аліна ўпадабала бабуліну прафесію – стала ўрачом Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. А старэйшы ўнук Улад пасля ўніверсітэта зараз служыць Радзіме, бароніць яе спакой у радах беларускага войска.

Самыя маленькія Мікіта і Даша пакуль школьнікі. Жывуць яны ў Ракітніцы, але ў Азятах бываюць вельмі часта. Лёгка ўявіць тое шчасце, калі да старэйшых Літвінчыкаў у госці прыходзіць хтосьці, асабліва такія вясёлыя, гаваркія, як Мікіта з Дашай, пра каго бабуля Рая з райскай усмешкай кажа:

– Радасць вы наша!

Не забывайце разоў дзвесце пажадаць: “Смачна есці!”

– Азяты – гэта дом, радзіма дзяцей, лепшае месца для жыцця, – перакананыя гаспадары ветлівага дома на вуліцы Новай.

І ўслед за Літвінчыкамі гэтыя цудоўныя словы гатовая паўтарыць повар мясцовай сталовай Вікторыя Мелюх. Яна нарадзілася ў Расіі, але яшчэ немаўляткам трапіла ў Азяты – у вёску, адкуль паходзіла матуля. Любоў Уладзіміраўна назвала дачушку Вікторыяй, жадаючы ёй поспеху і перамог у жыцці.

– І ў чым жа матуліны спадзяванні спраўдзіліся? – пацікавіліся ў маладой жанчыны.

Яна крыху засаромелася, аднак пачала расказваць, як пасля заканчэння Азяцкай сярэдняй школы вывучылася на кандытара, і цяпер ад яе торцікаў (а гэта такое смакоцце, што пальчыкі абліжаш!) у захапленні і муж, і дзеці, і добрыя суседзі.

Аднак больш ахвотна, чым пра сябе, Вікторыя распавядала пра мужа Леаніда, у якога сапраўды залатыя рукі: ён і дом узвёў, і хоць мае той дом нумар 13, ды напоўнены шчасцем. Тое шчасце падзяляюць бацькі ды цудоўныя дачушкі Насця і Саша. Першая – творчая натура – зараз вучыцца ў Пінску ў каледжы мастацтваў, а яе сястра – сямікласніца Старасельскай школы.

– Мы любоў паміж імі не дзелім, – гаворыць Вікторыя Вячаславаўна, – абедзве нашы дачушкі – праменьчыкі святла, крыніца нашай радасці.

Амаль дваццаць гадоў Вікторыя Мелюх працуе ў мясцовай гаспадарцы. З іх апошняя пяцігодка прысвечана кухарскай справе. Яе смачныя катлеты, кампоты, супы могуць ацаніць не толькі работнікі СУП “АграАзяты”, але й свінакомплексу ў Сычове. Воляй-няволяй за дзень даводзіцца разоў дзвесце жадаць рупліўцам смачна есці.

На развітанне жанчына сказала:

– Нават у дрэнным сне не магу ўявіць, што калі-небудзь з’еду з Азятаў. Я – іх частка, а яны – мая аснова!

Жывуць на карысць зямлі сапраўдныя гаспадары

Апошнія азятчукі, з кім адбылася сустрэча ў той дзень, жывуць таксама на вуліцы Новай, у доме № 22.

Толькі з добрага боку аб сям’і Ласёў выказваецца дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага таварыства “АграАзяты” Ігар Пілюк. Ігар Міхайлавіч пералічвае членаў працоўнай дынастыі, што рупіцца ў яго гаспадарцы: Галіна, Міхаіл, Дзмітрый, Пётр і Наталля. Кожны на сваім месцы прыносіць карысць роднай зямлі.

Сустрэліся асобна з Галінай Мікалаеўнай. Нараджэнка суседняга Кобрынскага раёна, яна больш за сорак гадоў жыве і працуе на Жабінкаўшчыне, з іх палова – у Азятах.

На календары быў 2005 год, калі наша суразмоўніца разам з мужам Міхаілам Міхайлавічам пераехала на сталае жыццё ў старадаўняе сяло. Яны атрымалі службовае жытло ад гаспадаркі і сталі абжывацца. У сельгаспрадпрыемстве Міхаіл Лось стаў фельчарам, а яго жонка – спецыялістам па кадрах. Да слова, Галіна Мікалаеўна і Міхаіл Міхайлавіч і зараз, калі надышоў сярэбраны ўзрост, працягваюць працаваць (адпаведна дыспетчарам і вартаўніком у гаспадарцы).

З часам у “АграАзяты” прыйшло наступнае пакаленне гэтай працавітай сям’і. Старэйшы сын заснавальнікаў вясковай дынастыі Дзмітрый аднойчы таксама вырашыў звязаць лёс з сельскай гаспадаркай. У выніку дзесяць гадоў таму пасля Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Дзмітрый Міхайлавіч вярнуўся ў родныя Азяты, каб стаць інжынерам – сапраўднай правай рукой кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Побач працуе спецыялістам па кадрах і яго жонка Наталля. Гэткім чынам Наталля Уладзіміраўна падхапіла эстафету, закладзеную свекрывёю.

У такой даверлівай размове было проста неабходна пацікавіцца, ці будзе працяг працоўнай дынастыі.

На гэта, відаць, адкажа час. Бо ўнукі Галіны і Міхаіла Ласёў пакуль у такім узросце, калі галоўная праца – вучоба. Яны вучацца ў Старасельскай сярэдняй школе: Цімафей – чацвёртакласнік, а Палінка ў гэтым верасні першы раз пераступіла школьны парог. Вялікае шчасце маленькай вучаніцы падзяляла з радасцю дружная сям’я.

Пажадаем і мы на развітанне юнай жыхарцы аграгарадка набірацца ведаў і мацаваць здароўе. А як надыдзе патрэбны час, мо й стаць прадаўжальніцай справы бацькоў і дзядоў на азяцкай зямлі, якую тыя шчыра любяць.

Пасля такіх пажаданняў наш праект з ахвотай рухаецца ў Старое Сяло, дзе гучаць дзіцячыя галасы ў школе, куды ходзіць Паліна ды іншыя дзеці з Азяцкага сельсавета. Гэтая кропка на карце асаблівая, авеяная імем легендарнага Міхаіла Чарнака.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з архіва сям’і ЛОСЬ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.