Як чакаецца ў хаце свята, гаспадары прыбіраюцца, гатуюць, дом да прыёму гасцей рыхтуюць. А як прыходзіць у вёску свята, яна ўся пераўвасабляецца, прыгажэе ды аздабляецца.

У суботу, 2 жніўня, не пазнаць было Сакалова. У дварах быў рух і ажыўленне, а каля вясковай крамы, на імправізаванай сцэне, выступалі артысты, якія віншавалі сакалоўцаў са святам вёскі.

Па традыцыі ўсё пачалося з абходу падворкаў жыхароў. Самадзейныя артысты Хмелеўскага сельскага Дома культуры для дбайных гаспадароў спявалі і танцавалі, многая лета жадалі. Разам з юнымі ўдзельнікамі ўзорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца” сакалоўцы станцавалі “Кракавяк” і “Падэспань” ды падзяліліся, чым іх хаты багаты.

На падворку Раісы Дзмітрук разгарнула выставу карцін і вырабаў ручной работы яе дачка Наталля. З 2023 года яна афіцыйна займаецца рамесніцкай дзейнасцю: стварае заколкі-ўпрыгажэнні для валасоў, брошкі, аромакамяні, навагоднія вянкі, велікодныя сувеніры.






Маладая майстрыха ўваходзіць у склад Беларускай асацыяцыі творчых людзей і прымае ўдзел у выставах і мерапрыемствах, якія арганізуе асацыяцыя. Летась яна атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва на Х абласным фестывалі творчасці інвалідаў “Разам мы мацнейшыя”, які ладзіла абласная арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў. Перамога ў фестывалі дала права Наталлі прыняць удзел у Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў імя І.М.Лучанка “Віцебск-2025”, дзе майстрыха з Сакалова была адзначана спецыяльным дыпломам за крэатыўны падыход у творчасці.



Творчыя людзі сустракалі хмелеўскіх артыстаў і на наступным падворку. Раіса і Васіль Шахнюкі ўразілі выставай вышыванак, карцін, рушнікоў, створаных рукамі гаспадыні, і… кошыкаў, якія пляце гаспадар.




Раіса Уладзіміраўна і Васіль Рыгоравіч нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей, а сёлета адзначылі залатое вяселле, таму для маладых зноў гучалі крыкі “Горка!”.

Раіса і Васіль Шахнюкі – вядомыя ў нашым раёне людзі. Раіса Уладзіміраўна 27 гадоў узначальвала Сакалоўскую пачатковую школу, а затым Хмелеўскую сярэднюю.
– Першае свята вёскі Сакалова адбылося менавіта ў двары нашай пачатковай школы. І мы з мужам не прапусцілі ніводнага свята з тае пары, – расказала Раіса Уладзіміраўна. – Дай Бог, каб яны ладзіліся часцей, каб жыла наша вёсачка і працвітала!

Чакалі артыстаў і на падворках Кашалюкоў ды Кобецаў. Хлопчыкі і дзяўчаткі з “Дараносіцы” на чале з Таццянай Грыцук пад акампанемент Алены ды Аляксея Войнашаў парадавалі гасцінных гаспадароў выступленнямі і цёплымі пажаданнямі.







– У нас самая лепшая вёска і самая лепшая стараста – Наталля Абібок, – выказала сваё меркаванне Алена Кобец. – Дзякуй Наталлі Іосіфаўне за тое, што яна “рухавік” вёскі, за тое, што ў Сакалове працуе стацыянарны магазін, якім яна загадвае. А вы былі ў яе музеі старадаўніх рэчаў?
А як жа! Гэта ж “брэнд” Сакалова. Разам з хмелеўскімі артыстамі мы падзівіліся на карціны ХІХ стагоддзя, старадаўнія прасы, патэфоны, рарытэтныя кніжныя выданні пачатку ХХ стагоддзя.











– Большасць з гэтых рэчаў засталіся ад маёй бабулі Марыі Давідчык, – сказала Наталля Абібок. – Я дапоўніла сваёй калекцыяй унікальных ікон, карцін, посуду, іншых прадметаў побыту, і атрымаўся цэлы музей, на які прыязджаюць паглядзець нават са сталіцы.

Наталля Іосіфаўна як вясковая стараста павіншавала ўсіх жыхароў Сакалова ды іх гасцей са святам вёскі, пажадала ўсім здароўя і дабрабыту.

Прагучалі шчырыя віншаванні і ад старшыні Хмелеўскага сельвыканкама Алены Якімчук. Алена Аляксееўна выказала пажаданне, каб Сакалова з кожным годам станавілася яшчэ больш утульным, прыгожым і добраўпарадкаваным куточкам Жабінкаўскага раёна.

На свяце славілі працавітых сакалоўцаў, жыхара вёскі – баксёра Мікіту Чмуневіча, які вярнуўся з першынства Еўропы з бронзавым медалём. Асобныя віншаванні адрасаваліся ўсім Іллюшам, таму што 2 жніўня адзначаецца дзень памяці святога прарока Іллі.







Як вядома, вёска жыве, калі ў ёй нараджаюцца дзеці. Вядучыя з народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” прыгадалі самую маленькую жыхарку Сакалова, якая прыйшла на свет у ліпені ў шматдзетнай сям’і Тарчыла. Не прамінулі ўвагай на свяце і найстарэйшую сакалоўку – Веру Лукінічну Арцыбашаву, якой 29 чэрвеня споўнілася 95 гадоў.
Музычныя падарункі жыхары Сакалова прымалі ад “Дараносіцы” і “Хмелеўскіх валацуг”, юных вакалістаў Хмелеўскага СДК, ад міні-тэатра гумару і песні “Спявай, душа!” Крыўлянскага СДК, ансамбля “Нікольскі звон” з аграгарадка Азяты, хору ветэранаў цукровага завода.











Жыхары вёскі весяліліся, навінамі дзяліліся, танцавалі і спявалі – дакладана не сумавалі.






– Я не адсюль, у Сакалове жылі мае бабуля і дзядуля, мы прыязджалі да іх у госці, можна сказаць, выраслі ў гэтай вёсцы, – расказала жыхарка Брэста Ірына Мароз. – Але Сакалова – родны сэрцу куточак, месца, дзе адпачываеш душой. Мы прыязджаем сюды ў бабуліну хату (самой бабулі ўжо няма) і атрымліваем асалоду ад яднання з прыродай. Што тычыцца свята вёскі, то такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць жыхароў, дораць пазітыўныя эмоцыі і добры настрой.

З Санкт-Пецярбурга ў госці да сям’і Юрыя Кашалюка прыязджае Наталля Яфрэмава з мужам. Наталля падзялілася, што ўпершыню патрапіла на свята вёскі Сакалова і вельмі ўражана мясцовымі абрадамі, песнямі, танцамі. І прадоўжыла:
– Сям’я Кашалюкоў для нас – родныя людзі (Юра і мой муж служылі разам), а Сакалова – цудоўны куточак беларускай зямлі, дзе лёгка дыхаецца і дружна жывецца, дзе сёння адбываецца свята для сэрца.
Што ж, як спяваецца ў песні: “Калі сэрца ад шчасця пяе, гэта значыць, вёска жыве!”
Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%