Зямляцтва – як брацтва: яно альбо ёсць, альбо зусім няма. У мяне са стрыганчуком Валянцінам Кобецам такая зямляцкая повязь дакладна існуе з самага дзяцінства.
Пры сустрэчы Валянцін Дзмітрыевіч неяк прыгадаў выпадак з маленства, як за рэчкай Асіпоўкаю разам пасвілі кароў. Тыя мясціны для пастушка Валіка былі нават бліжэй, чым для мяне. Ён нарадзіўся ў Стрыганцы, а пасля больш за дзесяць гадоў жыў на хутары ў дзеда Паўла Зінчука. Валік пачынаў вучобу ў Азятах, штодзень мераючы нагамі да пяці кіламетраў у школу і назад. Яго бацькі Дзмітрый і Зоя вырашылі збудаваць свой дом. У той час у краіне вялася барацьба з “неперспектыўнымі” вёскамі, таму Кобецы перавезлі зруб з хутара ў вёску Стрыганец, і Валянцін пайшоў у пяты клас ужо ў Ракітніцкую школу. Аднойчы юнак у газеце “Заря” прачытаў, што Брэсцкае тэхнічнае вучылішча №1 радыётэхнікі набірае навучэнцаў на спецыяльнасць манцёра сельскай тэлефоннай сувязі і радыёфікацыі. Адразу ж вырашыў паспытаць свайго шчасця, бо яму падалося: працаваць з радыётэхнікай – вельмі цікава. І не памыліўся: была выбрана дарога на ўсё жыццё.

Праз год з дыпломамі маладыя спецыялісты прыступілі да працы. Валянціну Кобецу знайшлося месца ў Брэсце. Ды не надоўга, бо ў канцы восені позва паклікала ў армію. Служыць выпала сувязістам у асобнай групе войск у Германіі. Атрымаў выдатную практыку, бо нават ад навабранцаў патрабавалася за лічаныя мінуты адшукаць парыў, адрамантаваць сувязь і звязацца з абанентам.
Пасля войска (а менавіта з 10 снежня 1970 года) Валянцін Кобец быў прыняты на працу радыёаператарам, а затым стаў радыётэлеграфістам у Жабінцы. Пра тое, што Валянцін Дзмітрыевіч умеў і любіў працаваць, а ў калектыве яго паважалі, сёння можа расказаць цэлы стос заахвочванняў. Няхай сабе гэта не ордэны ды медалі, а Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты, але яны вельмі дарагія ветэрану працы. Зусім невыпадкова ў 1991 годзе менавіта Валянціну Кобецу даверылі дастаўку ўрадавай пошты. Ён таксама ахвотна расказвае, што яму даручылі праводзіць заняткі гуртка, дзе падлеткі знаёміліся з прафесіяй тэлеграфіста, прычым навучанне ў радыёкласе хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі падабалася.
У Валянціна і Марыі Кобецаў сёння не малая ўжо сям’я: двое дзяцей і пяцёра ўнукаў. Калі вас зацікавіць, як і дзе будучыя маладыя пазнаёміліся, дык пачуеце, што адбылося іх першае спатканне ў цягніку, які спяшаўся да Брэста. У Пінску ў вагон зайшла прыгожая светлавалосая правадніца. Як сустрэліся іх позіркі, Валянцін раптам адчуў родную душу. Маладыя людзі шмат перагаварылі па дарозе. Сталі сустракацца – і павёў Валянцін сваю суджаную пад вянец, а ў 1974 годзе нарадзілася дачка Інэса, якая сёння носіць прозвішча Тарасевіч і працуе завучам у сярэдняй школе №2.
А ў той час, як нараджалася маладая сям’я яе бацькоў, у Жабінцы сталі будаваць першы кааператыўны дом, у якім Кобецы ў верасні 1975 года атрымалі ключы ад уласнай кватэры. Гэтак было і ў мяне, так што ўсяляліся разам: я – у першы пад’езд, а Валянцін – у другі. Жылі поруч, сустракаліся, стараліся памагчы адзін аднаму. Помніцца, як прывезлі мне мэблю, трэба было занесці ў кватэру. Гукнуў земляку, і той па-суседску не адмовіў у дапамозе.
У сёлетнім красавіку Валянціну Дзмітрыевічу споўнілася 75 гадоў. Узрост салідны! Нельга было не адзначыць… Аднак, так сталася, што ішоў Вялікі пост, таму і вырашылі крыху перанесці святкаванне. Таму госці, аж да найменшага трохгадовага ўнука Андрэйкі, сышліся ў дзедавай кватэры на Вялікдзень.
Дзеці і ўнукі не скупіліся яму на душэўныя пажаданні, у тым ліку жыць у пары і ў добрым здароўі да ста гадоў. Ведаючы, што дзядуля дагэтуль любіць чытаць, падаравалі электронную кнігу.
Калі пры сустрэчы Валянцін з задавальненнем расказваў пра сямейнае свята, я тады сказаў:
– Не, я не стану табе дарыць другую электронную кнігу, а сваю, папяровую,з радасцю і па-зямляцку падпішу! – і на зборніку паэзіі “Вішнёвая квецень” вывеў дароўны надпіс.
Расціслаў БЕНЗЯРУК
На здымку: Валянцін Кобец у веснавой квецені з “Вішнёвай квеценню”.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%