Фёдар Валасюк: шлях ад народнага мсціўца да Героя Сацыялістычнай Працы

У 2000 годзе планета развітвалася з векам і тысячагоддзем. У той адметны год, названы Міленіумам, мы развіталіся з Чалавекам з вялікай літары, Героем Сацыялістычнай Працы, нашым земляком Фёдарам Канстанцінавічам Валасюком (1921 – 2000). Яму выпала праславіць зямлю, якая стала ад нараджэння калыскай, на палях вайны і ў мірнай працы.

Ён прыйшоў на свет у самым пачатку 1921 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Багуславічы, якую праз паўвека перайменавалі ў Залуззе. Калі сёння патрапіць у мясцовы сельскі Дом народнай творчасці, можна пабачыць, з якой беражлівасцю захоўваецца памяць пра нараджэнцаў вёскі, згадаюць тут і пра Фёдара Валасюка, яго жыццё і подзвігі.

Федзя рос у сям’і, дзе цанілі нялёгкую працу і прывівалася любоў да роднай зямлі, якой ён захаваў адданасць да самай смерці. Аднак у дваццаць гадоў юнак даведаўся, што зямлю неабходна не толькі абрабляць, але і бараніць. Гэтае ўсведамленне прыйшло 22 чэрвеня 1941 года, калі праз родную вёску пачалі рухацца нямецкія салдаты.

Уся сям’я Валасюкоў неўзабаве ўстанавіла сувязь з партызанамі. Патаемна Фёдар разам з братам перадавалі народным мсціўцам звесткі пра абстаноўку на чыгунцы. Аднаго разу яны ледзь не трапілі ў пастку. Нехта данёс акупантам, што хлопцы перадалі зброю, адшуканую ў полі, у партызанскі атрад. Тады толькі выпадак збярог братоў ад расправы, але давялося далучыцца да партызан-фрунзенцаў, якія дзейнічалі ў Жабінкаўскім і Кобрынскім раёнах.

Калі ў ліпені 1944 года прыйшло вызваленне, Фёдар Канстанцінавіч быў мабілізаваны ў войска. Ён дайшоў з баямі да Варшавы. Там, у крывавых напружаных баях чырвонаармеец быў паранены.

Пасля лазарэта яго накіравалі працаваць у Кобрын, у райаддзел міліцыі. Ажно да 1958 года Фёдар Валасюк служыў ахове правапарадку, пакуль не атрымаў прапанову ўзначаліць у Песках калгас “XXI з’езд КПСС”. Фёдар Канстанцінавіч прыклаў нямала сіл, каб узняць гаспадарку пасля ваеннай разрухі. Найперш новы старшыня стварыў вакол сябе моцную каманду, раіўся і з вопытнымі хлебаробамі – тымі, хто ўсё жыццё адпрацаваў на зямлі. Калі пачалася меліярацыя, калектыўная гаспадарка пашырылася за кошт асушаных зямель і хутка стала прыбытковай. Стаўку старшыня зрабіў на жывёлагадоўлю.

Фёдар Валасюк быў чалавекам патрабавальным найперш да сябе, а потым ужо і да падначаленых. Любіў парадак і дысцыпліну, мог, калі спатрэбіцца, усялякага паставіць на месца. Але разам з тым, быў ён справядлівым, не трымаў доўга зла. Фёдар Канстанцінавіч выдатна разумеў, што павінен заставацца прыкладам для іншых, таму вырашыў папаўняць веды і амаль у 50 гадоў без адрыву ад працы скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.

Яго намаганні прынеслі плён. Вясной 1966 года за дасягнутыя поспехі Фёдару Валасюку было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Пазней ён стаў таксама кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, а яшчэ – уладальнікам сярэбранага і двух бронзавых ганаровых знакаў, атрыманых на Выставах дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

Побач з узнагародамі, атрыманымі за выдатную працу, на грудзях ветэрана зіхацелі ордэн Айчыннай вайны I ступені і медалі “За Перамогу над Германіяй”, “За баявыя заслугі”, імя Георгія Жукава.

Надзейнай апорай для героя заўсёды заставалася сям’я, створаная ў 1942 годзе. Ішла вайна, аднак ліхалецце не стала перашкодай для кахання Фёдара і Марыі Валасюкоў. Нездарма Фёдар Канстанцінавіч нярэдка казаў:

– Сям’я для мяне заўсёды аддушына, месца сілы. А жонка, з якой прайшоў скрозь многія выпрабаванні, – надзейнае плячо і апора.

Вынікам іх шчырага кахання сталі дзве дачкі – Надзея і Галіна. Яны заўсёды з гонарам згадвалі пра жыццё і добрыя справы бацькі, які пакінуў добры след на жабінкаўскай і кобрынскай зямлі.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.