Майстрыха з Жабінкі Ірына Шостыр: цуды залатых рук

Рукамі такіх людзей, як Ірына Шостыр, свет робіцца прыгажэйшым, а добры настрой становіцца проста выдатным. Вырабы, створаныя майстрыхай, вядомы далёка за межамі Жабінкі. Яе справы пашыраюць тыя межы і памнажаюць славу ды вядомасць горада-спадарожніка.

“Гаворачае” прозвішча

Яна чуе жывы подых зямлі, ствараючы прыгажосць з таго, чым багата наша прырода. Самы блізкі, амаль родны матэрыял для майстрыхі – гліна, з якой ва ўмелых руках нараджаюцца гожыя рэчы.

Свой талент Ірына Яўгенаўна атрымала ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў. Нездарма ў дзявоцтве з гонарам насіла “гаворачае” прозвішча – Гарбар. Мабыць, нехта з продкаў, які першым атрымаў сямейнае імя, быў гарбаром – майстрам, што ўмела абрабляў скуры і ствараў з іх розныя скураныя вырабы. За тое і меў славу ды павагу, а затым і прозвішча атрымаў.

Ірына Яўгенаўна – старэйшая з трох сясцёр. І кожная з іх вызначаецца як выдатная ўмеліца. Нездарма наша гераіня гаворыць:

– Уся наша сям’я – творчыя людзі!

Сярэдняя сястра Таццяна, калі выпадае вольная часіна, пацвярджае “гаворачае” прозвішча: сабе ды людзям на радасць яна займаецца гарбарствам – стварае розныя адметныя дзівосы са скуры, найперш дамскія сумачкі, вытанчаныя раменьчыкі ды кашалёчкі.

А малодшая сястра Алена, якая жыве ў Лунінцы, увогуле стала народнай майстрыхай па саломапляценні. Залатыя вырабы, створаныя залатымі рукамі Алены Гарбар, прынеслі ёй заслужаную пашану ў землякоў і далёка за межамі Лунінеччыны.

Такое суквецце талентаў не магло ўзнікнуць знянацку. Скуль вытокі такога ўмельства ў сясцёр? Мо ад вельмі адоранага бацькі Яўгена Мацвеевіча. Ён не толькі быў рацыяналізатарам, але і адукаваным ды спрактыкаваным чалавекам у аграрных справах (нездарма, між іншым, з’яўляўся намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама па сельскай гаспадарцы). Тата валодаў цудоўным почыркам ды маляваў адмыслова.

Калі гадуешся ў такім мастацкім асяродку, воляй-няволяй далучаешся да таямніцы творчасці. Разгадка гэтай таямніцы прыносіць захапленне і задавальненне. Каб яна хутчэй раскрылася, трэба вучыцца, талент неабходна развіваць – гэта Ірына Гарбар разумела цудоўна. На шчасце, у тым самым 1982 годзе, калі дзяўчына скончыла сярэднюю школу, у Кобрыне расчыніла свае дзверы для навучэнцаў – будучых выдатных умельцаў – тэхнічнае вучылішча народных мастацкіх промыслаў, якое нездарма хутка атрымала званне “Вучылішча высокай культуры”…

Анатоль БЕНЗЯРУК Фота аўтара

Цалкам нарыс змешчаны ў раённай газеце «Жабінка актуальна» ў нумары за 5 лютага

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.