У студзені ў горадзе над Бугам падведзены вынікі дзейнасці супрацоўнікаў Следчага камітэта на Брэстчыне. Пра тое, з якімі вынікамі завяршылі 2024 год жабінкаўскія следчыя, расказаў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік юстыцыі Віталь Галянчук.

– Перад супрацоўнікамі нашага аддзела стаяць няпростыя задачы, звязаныя з няспыннай барацьбой са злачыннасцю і прыцягненнем да адказнасці тых, хто адмаўляецца жыць у згодзе з законам, – зазначае Віталь Віктаравіч. – Вырашэнне гэтых задач залежыць ад прафесіяналізму і асабістай адказнасці нашых следчых, якія без перабольшвання стаяць на варце правапарадку на Жабінкаўшчыне. Як адзначалася на выніковай калегіі, што нядаўна прайшла ў Брэсце, супрацоўнікамі нашага аддзела дасягнуты значныя вынікі ў законнасці ўзбуджэння спраў, тэрмінаў расследавання, раскрывальнасці і прафілактыкі злачыннасці.
Прыкладаў паспяховай дзейнасці следчых нашага раёна дастаткова шмат. Увогуле, летась было ўзбуджана 150 крымінальных спраў, сотня завершана следчымі. Прычым, па словах Віталя Галенчука, усе крымінальныя справы, узбуджаныя супраць жыцця і здароўя, раскрыты, віноўныя панеслі ў судзе заслужаныя пакаранні.
Калі звярнуцца да статыстычных дадзеных, найбольшая колькасць злачынстваў, якія расследавалі ў раённым аддзеле Следчага камітэта, тычыліся маёмасці грамадзян. У 2024 годзе былі зарэгістраваны два асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў. Адной з такіх спраў паспяхова займалася старшы следчы Алеся Піскун. Нездарма па выніках мінулагодняй работы следчых Брэстчыны Алеся Леанідаўна за свае паспяховыя дзеянні была ўзнагароджана граматай начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.
Нельга таксама пакінуць па-за ўвагай поспехі іншых супрацоўнікаў Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта. Прынамсі, старшы следчы Аксана Шумко летась мела Падзяку абласнога кіраўніцтва Следчага камітэта, а праца намесніка начальніка раённага аддзела Аляксея Струка была адзначана нагрудным знакам “За добрасумленную службу”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
