ЗЯМЕЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА: НАВЭЛЫ І СУДОВАЯ ПРАКТЫКА

Яно закранае практычна кожнага грамадзяніна і суб’екта гаспадарання, што абумоўлівае асаблівую сацыяльную значнасць рэгуляваных праваадносін і зямельных спрэчак.
З 1 студзеня 2023 года ўступае ў сілу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ў новай рэдакцыі са зменамі, унесенымі Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2022 года
№ 195-З. Названы закон, між іншым, устанаўлівае парадак правядзення так званай “зямельнай амністыі”. Гэта адно са значных новаўвядзенняў. Унесеныя змяненні накіраваны на лібералізацыю прававога рэгулявання зямельных адносін і закліканы спрасціць вырашэнне назапашаных тыповых праблем грамадзян у названай сферы, стварыць спрыяльныя ўмовы землекарыстання.
Сёлета з 1 верасня ў землекарыстальнікаў узнікла дадатковая магчымасць для афармлення правоў на самавольна занятыя зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх капітальныя будынкі ў мясцовых выканаўча-распарадчых органах. Адно з важных змяненняў у заканадаўстве — спрашчэнне парадку прывядзення ў адпаведнасць з фактычным землекарыстаннем дакументаў на ўчасткі ў садаводчых таварыствах.
У новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі істотна аптымізаваны падыходы да падзелу зямельных участкаў, парадку змянення іх мэтавага прызначэння. Так, грамадзяне пры выкананні пэўных умоў змогуць падзяліць прадастаўлены ім участак для ажыццяўлення будаўніцтва і абслугоўвання іншага дома.
Зведалі змены гранічныя памеры зямельных участкаў, якія прадастаўляюцца грамадзянам. Прынамсі, памер участка, што прадастаўляецца для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме, размешчаных у Мінску, абласных цэнтрах і гарадах абласнога падпарадкавання, складае 0,15 га, у іншых гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 0, 25 га, у сельскіх населеных пунктах — 1 га.
Акрамя таго, прадугледжваецца пашырэнне пераліку выпадкаў, калі зямельны ўчастак можа быць набыты замежным грамадзянінам у прыватную ўласнасць або атрыманы на праве пажыццёвага спадчыннага валодання.
Замацаванне на заканадаўчым узроўні атрымалі магчымасць і парадак набыцця мужам ці жонкай (або былым мужам ці жонкай), што пры падзеле сумесна нажытай маёмасці атрымалі долю ў праве ўласнасці на набыты ў перыяд шлюбу аб’ект нерухомасці, размешчаны на зямельным участку, які з’яўляецца асабістай уласнасцю іншага мужа (жонкі), долі ў праве ўласнасці на такі ўчастак.
Змены ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ўнесены і ў пералік органаў, якія вырашаюць зямельныя спрэчкі. Да такіх аднесены Мінскія гарадскія, гар- і райвыканкамы — па спрэчках, звязаных з межамі зямельных участкаў незалежна ад віду права на гэтыя зямельныя ўчасткі, у дачыненні да якіх або ў дачыненні да аднаго з якіх фіксаваная мяжа не ўстанаўлівалася.
Да выключнай кампетэнцыі судоў аднесены спрэчкі, звязаныя з правам прыватнай уласнасці на зямельныя ўчасткі, атрыманне ў спадчыну зямельных участкаў, кампенсацыяй страт, а таксама паміж удзельнікамі сумеснага домаўладання, асобамі, якія маюць капітальныя будынкі (ці збудаванні) у агульнай уласнасці.
Адзначаецца значны рост зямельных спрэчак, якія разглядаюцца судамі Брэсцкай вобласці. Калі ў 2019 і ў 2020 гадах разгледжана па 157 такіх грамадзянскіх спраў, дык у 2021-м — 210.
Як паказвае судовая практыка, асноўную масу зямельных спрэчак складаюць справы аб вызначэнні парадку карыстання зямельным участкам, аб устраненні перашкод у карыстанні і аб правах на яго. Гэтыя спрэчкі, як правіла, узнікаюць паміж саўладальнікамі, саўласнікамі зямельных участкаў і паміж уладальнікамі, уласнікамі сумежных участкаў. Канфліктная сітуацыя паміж бакамі часам доўжыцца гадамі, адбіваецца на асабістых адносінах суседзяў, што абцяжарвае вырашэнне спрэчкі. Разгляд гэтай катэгорыі спраў у судзе мае пэўную складанасць, адрозніваецца высокай працаёмкасцю, часта спалучаны з прызначэннем дарагіх экспертыз, правядзенне якіх патрабуе часовых затрат. Таму змены ў зямельным заканадаўстве накіраваны і на памяншэнне колькасці зямельных спрэчак.
У апошнія гады значна актывізавалася работа мясцовых выканаўча-распарадчых органаў па кантролі за выкананнем зямельнага заканадаўства, і, як вынік, у суды паступае значная колькасць грамадзянскіх спраў аб адабранні зямельных участкаў, выдзеленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, калі грамадзянін не прыступіў ва ўстаноўлены законам тэрмін да заняцця прадастаўленага яму зямельнага ўчастка або не завяршыў у тэрмін будаўніцтва жылога дома. Суды разглядаюць і грамадзянскія справы аб прызнанні пустых дамоў безгаспадарнымі ў выпадках, калі іх уладальнікі фактычна страцілі цікавасць да сваёй нерухомасці і належным чынам іх не ўтрымліваюць.
Пры гэтым грамадзяне павінны памятаць: атрыманы зямельны ўчастак неабходна своечасова асвоіць, выкарыстоўваць яго па мэтавым прызначэнні, утрымліваць у належным стане, не дапускаючы безгаспадарлівасці.
Н.А. КАЛЯДА, суддзя Брэсцкага абласнога суда