Увечары 23 снежня сваімі агнямі заззяла галоўная ёлка Жабінкі.
Гэтак мы ўсе ўпэўнена наблізіліся да 23-га года
На Зямлі ў розных календарах ён будзе значыцца па-рознаму, аднак паўсюль сустракаюць яго з надзеяй на лепшае. І калі прынясе ён доўгачаканы мір на нашу блакітную планету, гэта стане выдатнай прыкметай, тым самым звычайным цудам, пра які мараць усе.
А каб цуд такі адбыўся, сустракаць Новы год патрэбна гарэзліва, радасна, песенна. Што і рабілі жабінкаўцы на сваёй галоўнай плошчы пад кіраўніцтвам казачных герояў, сярод якіх, як заў-жды, верхаводзілі Дзед Мароз са Снягуркай. Прычым, гаспадары свята прыбылі на… таксі, а потым нечакана… “размножыліся”. І вось ужо на сцэне свае строі дэманстравалі ды весела танцавалі 20 пар Марозаў са сваімі казачнымі ўнучкамі.
Каб жабінкаўцаў павітаць ды святу ўрачыстасці дадаць, на сцэну запрасілі старшыню райвыканкама Андрэя КУЗЬМІЧА. Той усім нагадаў, якія галоўныя каштоўнасці наш горад прыдбаў у годзе, што ў гісторыю сыходзіць.
Так, хапала ў нас поспехаў: дамы раслі, як грыбы (ужо парачка нават да дзевяці паверхаў дацягнулася!); узнік дзіцячы сад — малым і дарослым на радасць; прадпрыемствы з выгодай працавалі ды хлебаробы на жніве выдатна пашчыравалі; у спорце было поспехаў шмат, а ў таленавітай моладзі — узнагарод “зарапад”; між-народныя сувязі памнажаліся, але і пра сябе мы не забываліся, бо родны край добраўпарадкавалі ды мінулае малой радзімы ўспаміналі…
Усяго і не пералічыш, але ж галоўнае — ёсць надзеі і планы на будучыню. А яна ўжо не за гарамі — пачнецца адразу, як заззяе яркімі агнямі наша госця лясная.
Сёлета вялікую Ялінку арганізатары свята ўпершыню вырашылі запаліць незвычайна. Галоўны Дзядуля Мароз узнёсся (не хвалюйцеся: без усялякай казачнай магіі — з дапамогай сучаснай тэхнікі) да самай вершаліны навагодняй прыгажуні, дакрануўся сваім посахам да зоркі і пад дружныя крыкі гледачоў, сярод якіх было шмат малышоў, запаліў Ёлку. А затым, як правадзейны гаспадар, Мароз Іванавіч гучна сказаў:
— Дарагія жыхары горада Жабінка! Афіцыйна заяўляю: навагоднія і калядныя святы адкрытымі абвяшчаю!!!
І ў тое самае імгненне загарэліся чароўныя палачкі ў руках іншых Дзядоў Маразоў і Снягурак. Ім цяпер несці цудоўны агонь па гарадах ды вёсках, каб у кожным доме ў навагоднюю ноч была свая часцінка казачнай цеплыні. А каб стала яшчэ ярчэй сярод ночы, пасля песні “Вось прыйшоў Новы год” у выкананні народнага ансамбля “Каларыт”, на плошчы залатымі агнямі зайграла фаер-шоу.
А затым раздолле настала для самадзейных артыстаў, якіх у нас нямала. На сцэну ўзнімаліся і дарылі святочны настрой народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, народная эстрадная група “Аляксандр-парк”, артысты з ГДК “Новы стыль” ды студыі “Золак”, вакальныя калектывы “Вяснянка” і “Белыя росы”, эстрадная група “Страказа” і ансамбль палескай народнай песні “Вярбічанька”. Кожны з выступоўцаў нібыта атрымаў часцінку агню ад чароўнай Ялінкі і гарэзліва перадаваў яго гледачам і слухачам, якім было вельмі радасна атрымаць у дарогу звычайны навагодні цуд.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Наталлі АЛЯКСЕЙЧЫК












