Зверыць гадзіннік з біярытмамі

У нашай краіне было прынята рашэнне не пераходзіць на зімовы час. Як летам, так і зімою карыстацца летнім, які адпавядае паясному часу Масквы. Але наш паясны час адрозніваецца ад маскоўскага амаль на гадзіну. У прыродзе існуюць біярытмы, якія залежаць ад нашага свяціла — сонца. Птушкі і жывёлы прытрымліваюцца іх, за рэдкім выключэннем. Жывёльны свет жыве ў згодзе і гармоніі з прыродай. А людзей чамусьці прымусілі жыць у дысгармоніі з ёй. Вельмі адчувальныя дзеці, бо гэта ўплывае на іх здароўе. Пра гэта гавораць медыкі. Апошнім часам шмат спрэчак па гэтым пытанні. З высокіх інстанцый прапаноўвалі пачынаць заняткі для малодшых школьнікаў з дзевяці гадзін раніцы. Але хто бу-дзе збіраць і адпраўляць дзяцей у школу, калі бацькі на працу спяшаюцца на восем гадзін?
Лічу, з гэтага становішча ёсць выйсце, калі перайсці на наш паясны час. А што думаюць на гэты конт іншыя?
Міхаіл КУЗІЧ.