Звароты грамадзян — на кантролі Савета Рэспублікі

23 верасня ў Бярозе адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны. У мерапрыемстве бралі ўдзел 12 айчынных сенатараў на чале са старшынёй вышэйшай палаты беларускага парламента Наталляй Качанавай. Брэсцкую вобласць, між іншымі, прадстаўляў старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК.
— Анатоль Вітальевіч, у якасці члена Савета Рэспублікі вы ўдзельнічалі ў працы Прэзідыума. Гэта дазваляе нашым чытачам з першых вуснаў даведацца, якія пытанні разглядаліся ў Бярозе.
— Галоўная тэма, вакол якой ішла размова, тычылася работы органаў мясцовай улады са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб на працягу васьмі месяцаў бягучага года. Да слова, гэта ўжо не першае падобнае мерапрыемства. Раней выязныя пасяджэнні Прэзідыума ладзіліся ў іншых абласцях, дайшла чарга і да нашай.
Былі дэталёва разгледжаны многія пытанні, якія ўзнімаюць людзі. Мелі месца і аналіз сітуацыі, і прапановы, як палепшыць работу органаў улады, і спробы акрэсліць перспектывы. З дакладамі выступілі загадчык аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролі Сакратарыята Савета Рэспублікі Вольга Нядвецкая, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк і гендырэктар абласнога “Упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Аляксандр Максімчук. Не толькі сваімі здабыткамі, але й праблемамі ў рабоце з насельніцтвам падзяліліся таксама кіраўнік Бярозаўскага раёна Сяргей Барташ і старшыня Пружанскага райсавета Мікалай Кудравец. Размова атрымалася сапраўды шчырай.
— Наколькі часта нашы суграмадзяне, каб вырашыць надзённыя пытанні, звяртаюцца па дапамогу ў органы ўлады?
— Адкажу мовай лічбаў, якія часам бываюць больш красамоўнымі за словы. На Брэстчыне ў студзені-жніўні агульна ва ўсе органы ўлады (ад сельвыканкамаў да аблвыканкама) паступіла 14840 зваротаў, што на 868 менш за аналагічны леташні паказчык. І разам з тым колькасць зваротаў непасрэдна ў абласны выканаўчы камітэт узрасла з 2669 у мінулым годзе да 2826 у гэтым. Што тычыцца жабінкаўцаў, дык сёлета яны 34 разы звярталіся ў гэту вышэйшую інстанцыю.
Акрамя таго, за восем месяцаў года ў абласны выканаўчы камітэт паступілі 304 звароты ад юрыдычных асоб, што на траціну менш за леташні паказчык.
— Анатоль Вітальевіч, а якія праблемы найчасцей хвалююць берасцейцаў?
— Бясспрэчным лідарам застаюцца пытанні, звязаныя з жыллёвым фондам і ЖКГ (яны гучалі ў 907 выпадках, лічыце, у кожным трэцім звароце). А калі сюды далучыць яшчэ блізкія па тэматыцы пытанні архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання і землекарыстання, атрымліваецца, што гэтыя тэмы ахопліваюць разам амаль палову зваротаў грамадзян. Ну, і зразумела, прыкметную закла-почанасць у людзей выклікаюць праблемы аховы здароўя, што зусім не дзіўна ў час пандэміі.
— Ці можаце прывесці канкрэтныя прыклады ўзаемадзеяння Савета Рэспублікі з аблвыканкамам?
— Паміж студзенем і жніўнем з Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу ў Брэсцкі аблвыканкам паступіла 16 зваротаў. Між іншым, адзін з іх, які ўзяты на кантроль, звязаны з нашым райцэнтрам. Прынамсі, пры рэканструкцыі ў 2022 годзе прыпынкаў у Жабінцы будзе разгледжана пытанне пра ўладкаванне новага аўтобуснага прыпынку на вуліцы Янкі Купалы.
— Якія яшчэ формы практыкуюцца органамі ўлады для работы са зваротамі грамадзян?
— Яны вядомы і даўно даказалі сваю эфектыўнасць. Гэта асабістыя прыёмы і “прамыя тэлефонныя лініі”. Колькасць грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, прынятых на асабістых прыёмах кіраўніцтвам аблвыканкама, склала 142, кіраўніцтвам гаррайвыканкамаў і адміністрацый раёнаў горада Брэста — 2216.
Вынікі такіх сустрэч дазваляюць зрабіць выснову, што абсалютная большасць пытанняў вырашальная на месцах. Аналагічнае можна сцвярджаць і ў дачыненні да “прамых тэлефонных ліній”, якія ладзяцца кожную суботу.
— Калі вынікі ёсць, думаецца, іх патрэбна агучыць.
— Не буду пералічваць паспяховыя вырашэнні пытанняў у іншых раёнах — паверце, іх дастаткова шмат. Прывяду тыя, што непасрэдна тычацца Жабінкаўшчыны. Так, яшчэ да канца бягучага года плануецца ўвод у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў Вежках. Акрамя таго, па чацвяргах і нядзелях адноўлены прыгарадны маршрут Брэст—Пелішча праз вёску Арэпічы. Людзі павінны быць упэўнены, што іх праблемы будуць пачуты і пры магчымасці вырашаны.
— Дзякую за размову.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы БЯЛЯК