Гэтыя лістападаўскія выхадныя застануцца ў памяці Надзеі Любрыцкай і Уладзіслава Пушылы, пэўна, на ўсё жыццё. Маладыя людзі вырашылі стварыць сям’ю і пад гукі марша Мендэльсона ў Ленінскім сельсавеце абмяняліся пярсцёнкамі з абяцаннем кахаць і берагчы адзін аднаго ўсё сумеснае жыццё.
Адразу пасля рэгістраці шлюбу Надзея і Уладзіслаў адправіліся на выбарчы ўчастак, каб упершыню ў жыцці выканаць свой грамадзянскі доўг – аддаць свой голас за абранніка ў Парламент Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (здымак 1). Маладых людзей чакалі сюрпрызы – цёплыя словы віншаванняў ад членаў выбарчай камісіі, а таксама падарункі ад гасцей – першага сакратара Брэсцкага абкама ГА “БРСМ” Юрыя Сегенюка, старшыні Ленінскага сельсавета Мікалая Лугаўскога і сямейнай пары, што пазнаёміліся на камсамольскай будоўлі – Галіны Міхайлаўны і Канстанціна Іванавіча Казулькаў. Затым пара адправілася на падворак, каб пасадзіць “Алею маладзёжных дынастый”, прысвечаную 100-годдзю беларускага камсамола.
– Ніколі не думаў, што ў такі адказны і шчаслівы дзень зможам зрабіць двайны выбар, – хвалюючыся, кажа Уладзіслаў. – І другую палавінку знайшоў, і ў выбарах паўдзельнічаў, ды яшчэ дрэвы пасадзілі… Такое вяселле ніколі не забудзем…
Запомніць выбарчую кампанію і жабінкавец Мікіта Кузнец – ён і раней прыходзіў на ўчастак для галасавання з бацькамі, аднак у гэты раз – як паўнавартасны выбаршчык, які ўжо мае права голасу. Юнак не толькі выканаў свой грамадзянскі доўг, але і атрымаў падарунак з рук старшыні выбарчай камісіі (у СШ № 1) Людмілы Мацюхевіч (здымак 2).
Ну, а самы маленькі беларусік Мірон Кулак прытупаў на выбарчы ўчастак разам з мамай Марынай і татам Віталем Кулаком, кіраўніком раёна. Бюлетэні яго, праўда, не вельмі зацікавілі, таму на працэс галасавання паглядаў з вышыні татавых надзейных рук. Ён можа быць упэўнены – бацькі робяць правільны выбар (здымак 3).
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара



