Зоркі на пагонах і ў жыцці

Зоркі на пагонах і ў жыцці

Самы пачатак вясны для Вольгі Крупко заўсёды звязаны з дзвюма важнымі датамі. Па-першае, сёння маёр міліцыі разам з калегамі, што стаяць на ахове правапарадку, адзначае прафесійнае свята. А ўслед за гэтым, праз чатыры дні, настане момант, калі Вольга Сяргееўна будзе з задавальненнем прымаць віншаванні з 8 Сакавіка. Удвая прыемней, што гэта адбудзецца ў асаблівы год, прысвечаны беларускай жанчыне.

З юнацтва яна мела мару, да яе свядома крочыла па жыцці. Дзяўчына заканчвала дзявяты клас у Жабінкаўскай сярэдняй школе №2, калі паведаміла сваё цвёрдае рашэнне тату і маме: хачу стаць правазнаўцам. Гэта было выключна яе рашэнне, якое знайшло разуменне ў бацькоў. Тыя ўхвалілі такі дарослы погляд на жыццё дачкі, аднак Сяргей Аляксеевіч і Галіна Мікалаеўна папярэдзілі: калі выбіраеш самастойную дарогу – за яе і адказваеш. Прынамсі, штодня ў любое надвор’е давядзецца дабірацца на заняткі ў Брэст самастойна. Вольга гатова была пагадзіцца на любыя ўмовы, каб толькі наблізіць сваю мару.

Гэтак восенню 2005 года яна стала вучаніцай профільнага юрыдычнага класа ў школе № 28 у горадзе над Бугам. Былі ў навучальнай установе і дысцыпліна, і здаровая канкурэнцыя. Кожны ведаў: асаблівы гонар – несці варту ў Брэсцкай крэпасці каля Вечнага агню. Аднак, калі раптам у дзённіку з’явіцца дрэнная адзнака, паста нумар адзін не відаць! Вось пагэтаму кожны стараўся вучыцца і мець добрыя паводзіны. Асаблівая ўвага была скіравана на спецыялізаваныя дысцыпліны: штодня прадмет “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”, двойчы на тыдзень – “Правазнаўства”, якому вучылі выкладчыкі-практыкі з Маскоўскага РАУС горада Брэста. Ну і заняткі па самаабароне займалі належнае месца, бо будучы міліцыянер павінен умець і за сябе пастаяць, і дапамагчы чалавеку ў любы момант, а як спатрэбіцца, дык і злачынцу спыніць.

З такой добрай і рознабаковай падрыхтоўкай Вольга Сяргееўна паступіла ў 2007 годзе на юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Прычым хоць дзяўчына і скончыла спецыялізаваны клас, але асаблівых льгот не мела, давялося вытрымаць усе іспыты, каб у чарговы раз сабе ды іншым даказаць, што яна годная стаць правазнаўцам. Вядома, зорак з неба не хапала – шукала іх на зямлі, сярод людзей, якія гатовыя былі навучыць, падказаць, дапамагчы.

У перыяд вучобы ва ўніверсітэце быў заснаваны маладзёжны атрад правапарадку, у які разам з сябрамі ўваходзіла і Вольга. Даводзілася ўдзельнічаць у сумесных дзяжурствах, займацца нядобранадзейнымі сем’ямі, праяўляць клопат аб дзецях з такіх сем’яў – і гэта далёка не ўся дзейнасць атрада правапарадку. Асаблівы ўплыў падчас вучобы на студэнтку аказала Святлана Цюга – выкладчык і куратар групы, у якой вучылася наша суразмоўніца.

У 2012 годзе адразу пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі яе чакаў Цэнтр падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у Мінску. Там яна і атрымала першае сваё званне – прапаршчык міліцыі. А неўзабаве на пагонах заззялі і першыя афіцэрскія зоркі. Лейтэнанта міліцыі чакала праца ў Жабінкаўскім РАУС. Вольга Сяргееўна стала інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Даводзілася выконваць пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі і ізаляцыі ад грамадства, а таксама праводзіць прафілактычную работу з асобамі, што вярталіся з турмы. Гэтай службе ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі быў прысвечаны тузін гадоў. За тое, што горад у нас у асноўным спакойны, можна выказаць падзяку многім праваахоўнікам, і ў іх ліку – Вользе Крупко, якая на любой пасадзе выдатна ведае і выконвае свае справы.

У красавіку 2024 года ў яе біяграфіі адбыліся значныя змены. У раённым аддзеле ўнутраных спраў з’явілася новая пасада: старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы групы арганізацыйна-аналітычнай работы і адміністрацыйна-працэсуальнага кантролю міліцыі грамадскага кантролю. Гэтую пасаду і займае маёр Вольга Крупко. Усе матэрыялы (акрамя тых, што тычацца ДАІ) праходзяць праз яе рукі і кантралююцца непасрэдна нашай гераіняй. Як заўсёды, яна выконвае свае абавязкі належна і вельмі адказна.

У гэтым Вольга Сяргееўна мае падтрымку ў сям’і. І гэта зусім не дзіўна, бо ў жніўні 2014-га ў Жабінцы была створана сапраўды міліцэйская сям’я, калі наша гераіня пабралася шлюбам са старшым дзяржаўтаінспектарам Раманам Крупко. Прыгожым вынікам іх кахання сталі дзве цудоўныя дачкі – Марыя і Міраслава.

– Яны і танцуюць, і спяваюць, і плаваюць – безліч талентаў маюць! Ды і ў школе нашыя дзяўчынкі – зорачкі-выдатніцы, – гаворыць з усмешкай пра сваіх юных прынцэс Вольга Крупко і адчувальна, што вельмі імі ганарыцца.

Паколькі пачатак вясны прынёс ёй, як заўсёды, два святы, Вольга Сяргееўна з задавальненнем праз газету перадае віншаванні ўсім, хто звязаў свой лёс са службай у праваахоўных органах, а таксама прамовіла свае пажаданні прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва напярэдадні Міжнароднага жаночага дня.

– Чыстага мірнага неба над галавой, спакойнай службы, надзейнага тылу. Няхай зоркі самай значнай велічыні ззяюць на пагонах і ў вашым жыцці! – жадае маёр міліцыі шаноўным калегам, а ў адрас жанчын гаворыць: – Заставайцеся здаровымі, будзьце прыгожымі і непаўторнымі, як кветкі, што робяць жыццё яркім, цёплым, напоўненым каханнем!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ