ЗОРКА ГЕРОЯ ЗА АДДАНАСЦЬ ЗЯМЛІ

4 снежня Брэсцкая вобласць будзе святкаваць чарговую гадавіну з дня нараджэння. Гэта выдатная падстава згадаць тых, хто праславіў нашу зямлю на палях вайны і ў мірнай працы. Адным з такіх людзей стаў герой сённяшняй публікацыі.
Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны
I ступені, медалёў “За Перамогу над Германіяй”, “За баявыя заслугі”, Георгія Жукава, а яшчэ — уладальнік сярэбранай і дзвюх бронзавых узнагарод, атрыманых на Выставах дасягненняў народнай гаспадаркі СССР… Усё гэта пра яго, нашага земляка Фёдара Канстанцінавіча ВАЛАСЮКА (1921-2000), якому сёлета было б сто гадоў.

Яго малую радзіму — Багуславічы — цяпер не адшукаеш на карце. Хоць у Залуззі кожны ведае, што паўвека таму Багуславічы зліліся з іх вёскай у адно паселішча. Памятаюць залуззеўцы і свайго выдатнага земляка. Тым больш, славы ён дабіўся зусім недалёка, узначальваючы калгас “XXI з’езда КПСС” у вёсцы Пескі Кобрынскага раёна.
Фёдар рос у сям’і, дзе цанілася нялёгкая сялянская праца і прывівалася любоў да роднай зялі. Фёдар Канстанцінавіч заставаўся адданым ёй да самай смерці.
У часы Вялікай Айчыннай Валасюкі ўсталявалі сувязь з партызанамі, якім перадавалі каштоўныя звесткі пра абстаноўку на чыгунцы і ў наваколлях.
Аднойчы Фёдар з братам ледзь не трапіў у пастку, расстаўленую акупантамі. Нехта данёс немцам, што хлопцы дапа-магаюць народным мсціўцам. Толькі выпадак збярог тады ад расправы, давялося спешна падацца ў атрад імя Фрунзэ, які дзейнічаў на Кобрыншчыне і Жабінкаўшчыне.
Адразу пасля вызвалення Фёдар Канстанцінавіч апрануў салдацкі шынель, дайшоў до Варшавы, дзе быў паранены і трапіў у шпіталь. Калі падлячыўся, быў накіраваны служыць у кобрынскую міліцыю. Амаль 15 год Валасюк прысвяціў ахове правапарадку, пакуль у 1958-м не атрымаў назначэнне старшынёй калгаса.
Праца на зямлі была блізкаю і зразу-мелаю. Аднак самому шчыраваць на ёй і кіраваць людзьмі — вельмі розныя рэчы. Спатрэбілася шмат сіл, каб узняць гаспадарку ў Песках на ногі пасля ваеннай разрухі.
Найперш Фёдар Валасюк вырашыў стварыць вакол сябе моцную каманду, здольную вырашаць самыя смелыя задумы. Не цураўся кіраўнік параіцца і з вопытнымі хлебаробамі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на зямлі. Асновай старшыня вырашыў зрабіць жывёлагадоўлю. Калі разгарнулася меліярацыя, калгас пашырыўся за кошт асушаных зямель і хутка стаў прыбытковай гаспадаркай.
Усе, хто ведаў Валасюка пры жыцці, падкрэслівалі: быў ён патрабавальным і да сябе, і да людзей. Любіў парадак і дысцыпліну, мог, калі неабходна, моцна грымнуць кулаком па стале і любога паставіць на месца. Але разам з тым быў справядлівым, заўсёды даваў чалавеку магчымасць выправіць свае памылкі, не трымаў доўга зла ў галаве. І вельмі шанаваў тых, пра каго ў народзе кажуць: “Чалавек на сваім месцы”.
Фёдар Канстанцінавіч цудоўна разумеў, што павінен заставацца прыкладам для іншых, таму не ўпускаў мажлівасці вучыцца і амаль у 50 гадоў скончыў Гродзенскі сельгасінстытут. І ўсё гэта — без адрыву ад працы.
Яго намаганні прынеслі плён. Вясной 1966 года за дасягнутыя поспехі Фёдару Валасюку было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Што яшчэ сказаць? Надзейнай апорай для героя заўсёды заставалася сям’я. Яна стварылася ў сорак другім годзе. Ішла вайна, аднак ліхалецце не стала перашкодай для кахання Фёдара і Марыі Валасюкоў. Неўзабаве ў іх нарадзілася Надзея, а за ёй і Галіна.
Гадоў дваццаць таму давялося паразмаўляць з Галінай Фёдараўнай. Тая ўспамінала:
— У таты знаходзіўся час для кожнага, хто звяртаўся з просьбай. Наш дом ніколі не пуставаў. Часта прыходзілі нават зусім незнаёмыя людзі з суседніх раёнаў: дзякуючы сарафаннаму радыё яны ведалі, што Канстанцінавіч (так па-свойску клікалі бацьку), дапамагае ўсім. Тата нярэдка казаў: “Сям’я для мяне заўсёды аддушына, месца сілы. А жонка, з якой прайшоў скрозь многія выпрабаванні, — надзейнае плячо і апора”.

Анатоль БЕНЗЯРУК

На здымку: старшыня-ардэнаносец Фёдар ВАЛАСЮК заўжды лічыў, што ў яго дзве радзімы: Багуславічы (дзе нарадзіўся) і Пескі (дзе згадзіўся).