Зноў знікаюць грошы з пластыкавых картак

Цэлая хваля падобных злачынстваў за апошні год узнялася вакол пластыкавых картак. Так, навучыліся спрытнюгі вывуджваць грошы з чужых картачак. Праўдамі і няпраўдамі стараюцца даведацца рэквізіты, каб пасля шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму заведама лжывай інфармацыі займець крадзеныя сродкі. Такім чынам толькі за апошні месяц Максім М. страціў 327 рублёў, Аляксандр К. — 234, а Тамара К. — 474 рублі.
Махляры навучыліся, як здабываць рэквізіты банкаўскіх картак. Так, невядомы прадставіўся спецыялістам службы бяспекі ААТ “Белаграпрамбанк”, і дабрадушная Ніна Б. паведаміла дадзеныя сваёй банкаўскай карты, а таксама назвала коды, што паступалі на яе тэлефон. У выніку мінула зусім няшмат часу, і злачынец скраў з рахунку жанчыны немалыя грошы — 1512 рублёў.
Прыблізна такім жа чынам Марына М. і Лілія П. недалічацца на сваіх рахунках адпаведна 250 і 481 рубель. Па ўсіх фактах узбуджаны справы паводле часткі 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.