У першыя студзеньскія дні кожны з нас чакае цудаў, а калі яны здараюцца, знаходзіцца ў святочным і ўзнёслым настроі. Гэтыя адчуванні звязаны з Раством Хрыстовым – часам, калі з года ў год запальваецца калядная зорка. Гэтыя падзеі знайшлі ўвасабленне як у біблейскіх тэкстах, так і ў народнай традыцыі.

Евангельскі сюжэт…
У аднаго з самых галоўных (двунадзясятых) праваслаўных святаў ёсць некалькі імён, якія паказваюць яго сутнасць: Божае Нараджэнне, Нараджэнне Хрыстова, Раство, Ражджаство або Каляды. Гэткім чынам, 7 студзеня праваслаўныя вернікі (пасля саракадзённага Піліпаўскага посту) з радасцю сустрэлі светлае свята, ад якога фактычна бярэ адлік увесь год. У царкве ў гэты дзень адзначаецца нараджэнне Дзевай Марыяй Ісуса Хрыста – Месіі і Сына Божага, у якім былі спалучаны боская і чалавечая прыроды. Ён пазней, паводле Новага Запавету, добраахвотна прыняў пакутніцкую смерць, каб выкупіць людскія грахі.
Увогуле, першыя паведамленні пра з’яўленне такога асобнага свята, як Раство, выяўлены ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны IV стагоддзя. На той час хрысціянства ўжо моцна пусціла свае карані ў Рымскай імперыі, дзе стала дзяржаўнай рэлігіяй. Імперыя жыла па Юліянскім календары, таму свята прыпадала на 25 снежня, прымеркаванае да з’яўлення Непераможнага Сонца. А хрысціяне, са свайго боку, імкнуліся выцесніць гэты сонечны культ, замяніць яго Нараджэннем Хрыстовым.
Падрабязны расповед пра з’яўленне на Зямлі Ісуса Хрыста вядомы выключна па біблейскіх тэкстах. Ён прыводзіцца евангелістамі Лукой і Матфеем. Прынамсі, у Евангеллі паводле Лукі гаворыцца: “Пайшоў таксама і Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іўдзею, у горад Давідаў, называны Віфлеемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага, запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная. Калі ж былі яны там, настаў час нарадзіць Ёй; і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслі, бо не было ім месца ў гасцініцы”.
Пасля нараджэння Ісуса першымі прыйшлі яму пакланіцца пастухі, якія даведаліся пра гэту падзею ад анёла. Паводле евангеліста Матфея, на небе была цудоўная зорка, якая прывяла да маленькага Ісуса вешчуноў з дарамі – золатам, ладанам і смірнай. Цар Іўдзеі Ірад, каб знішчыць маленькага Ісуса, загадаў забіць усіх немаўлятак. Аднак Хрыстос быў цудоўна выратаваны ад смерці, таму што анёл загадаў Іосіфу бегчы ў Егіпет разам з сям’ёй, дзе яны і жылі да смерці Ірада.
…і народныя традыцыі
Непасрэдна ў нашым народным календары, якім беларусы карысталіся спрадвеку, на працягу тузіну дзён (з 6 па 19 студзеня) ладзілася народнае зімовае свята Каляды. У гадавым коле народных земляробчых абрадаў гэтае свята бясспрэчна займала першае месца і мела працяг ад Раства да Вадохрышча (або Хрышчэння Гасподняга).
Для Калядаў характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці). Першая, вялікая, спраўляецца перад пачаткам святочных дзён. Затым ідзе багатая (ці тоўстая) куцця з мяснымі стравамі, што адзначаецца ў Шчодры вечар, які бывае перад Старым Новым годам. І нарэшце, посная (вадзяная) куцця – перад Вадохрышчам.
У гэты час, як адзначаў этнограф і гісторык, нараджэнец жабінкаўскай зямлі Юльян Крачкоўскі (1840 – 1903), у нашым палескім краі традыцыйна ладзіліся калядаванне з песнямі і танцамі, шматлікія забавы, гульні ды варажба.
Асабліва вылучаўся вечар напярэдадні Новага года (адзначаўся ў ноч з 13-га на 14 студзеня па новым стылі, які нярэдка называюць Старым Новым годам). Куцця сапраўды была шчодраю. На стол ставілі смажаныя каўбасы, сыр, яечню, бліны з верашчакаю. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася як сімвал урадлівасці.
Гэты вечар абавязкова суправаджаўся шчадраваннем з музыкамі, песеннікамі ды “казой” – жвавым хлопцам, апранутым у вывернуты кажух, які здатны да танцаў і вясёлых розыгрышаў.
На Палессі хадзілі калядаваць са “звяздой” – зоркай на кіі. Зорку абцягвалі белай тканінай, у сярэдзіне гарэла знічка. Прыходу калядоўшчыкаў сяляне чакалі з нецярпеннем. У народзе сцвярджалі, што “калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць”, а таму казалі: “Каляда прыйдзе – добры год будзе!”
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
