Зноў паклікала сталіца, або Не забудзьце ўключыць тэлевізар!

Што казаць, прыемна атрымліваць падарункі ў дзень нараджэння. Але ў сто разоў лепш самому іх ствараць. Гэтак адбылося ў Арцёма Філіманюка, якому ў мінулую суботу споўнілася 15. А напярэдадні юнак паспяхова паўдзельнічаў у тэлегульні “Я знаю!” на Першым нацыянальным канале.
Дзевяцікласнік з першай гарадской — асоба таленавітая. За што ні бярэцца — паўсюль яму спрыяе поспех. Спачатку, вядома, вяла Арцёма за ручку па жыцці мама-настаўніца Алена Уладзіміраўна. У чатыры гады з хвосцікам запісала сына ў “Каруначкі” да Ірыны Румко і на плаванне да Людмілы Гаўрылюк. Летась хлопец скончыў яшчэ і “музыкалку” па класе гітары ў Антона Зотава.
Юнак падрос і ўжо сам выбірае шлях па душы ды інтарэсах. Па-ранейшаму танцуе і гітару не закінуў пыліцца на шафу. Больш за тое — сабраў грошай і набыў акустычную, а тую класічную, на якой іграў у дзіцячай школе мастацтваў, перадаў у “спадчыну” сястры Дарыне (дзяўчынка зараз таксама вучыцца музыцы ў Антона Ігаравіча). Летась з падзякаю Арцём закончыў яшчэ адну школу — нядзельную пры Пакроўскім храме.
Пры такім насычаным жыцці, мабыць, вучыцца няпроста? Зразумела, без работы не зносіш боты, без працы не станеш багаты…
— Ён у нас вучыцца не лянуецца, — з гонарам гаворыць маці. — Спачатку казаў: хачу, як тата, быць архітэктарам, ды цяпер больш захапіўся прыродазнаўчымі навукамі, асабліва фізікай, якую выкладае Аліна Антонаўна Барысюк.
Напрыканцы 2018-га юнак з Жабінкі ездзіў у Нацыянальны дзіцячы цэнтр “Зубраня”, дзе збіралася змена выдатнікаў вучобы. І сярод адораных дзяцей з усёй Беларусі Арцём не згубіўся: вярнуўся з граматамі, яго імя было занесена ў Кнігу ведаў, куды ўпісваюць прозвішчы найлепшых выхаванцаў цэнтра. Стаў выніковым і мінулы год. У лістападзе Арцём паўдзельнічаў у заключным этапе міжрэгіянальнай шматпрофільнай алімпіяды па фізіцы, што ладзілася ў БДУ на базе факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій.
І вось цяпер сталіца зноў паклікала Арцёма Філіманюка — на гульню “Я знаю!”.
Вядома, вельмі хацелася праверыць свае веды. А яшчэ, прызнаецца юнак, навучыцца майстэрству вядучага, якім валодае Георгій Калдун. Да слова, у Арцёма ўжо ёсць пэўны вопыт выхаду на сцэну не толькі ў ролі ўдзельніка спаборніцтваў эрудытаў, танцора ці гітарыста, але і вядучага. Спачатку, у 2016-м, калі святкаваліся 500-я ўгодкі Азятаў (скуль, дарэчы, паходзіць род Філіманюкоў), а летась — на конкурсе “Галасы юнацтва”.
Напярэдадні Арцёмавага 15-годдзя на “Беларусфільме” праходзіў запіс чарговай гульні “Я знаю!”. Пакуль не будзем раскрываць усе калізіі гэтай перадачы. Скажам толькі: юнак выступіў вельмі годна. Эфір чакаецца 29 лютага. Таму не забудзьце ў суботу ўключыць свае тэлевізары на першай кнопцы, каб стаць сведкамі захапляльнай гульні маладых інтэлектуалаў.
Анатоль БЕНЗЯРУК