Знайшла сябе ў правазнаўстве

Знайшла сябе ў правазнаўстве

З гэтай ветлівай жанчынай сустрэліся ў асаблівы для яе дзень, калі пракурорскія работнікі адзначалі прафесійнае свята. Сваёй справе Жанна Каралюк прысвяціла больш за 30 гадоў. І за такі працяглы час Жанна Мікалаеўна ніколі не пашкадавала, што выбрала сабе гэткую жыццёвую дарогу.

Увогуле, нараджэнка Маціевічаў перакананая, што выдатны збег акалічнасцяў дазволіў ёй “знайсці сябе ў правазнаўстве”. Жанне заўсёды падабалася атрымоўваць веды. Пакуль яна вучылася ў першай гарадской школе, адчувала, наколькі моцна прыцягвалі родная мова, геаграфія ды гісторыя. Аднак, па прыкладзе маці Алены Іванаўны, што працавала ў “Беларусбанку”, дзяўчына цягнулася да матэматыкі. Гэта вызначыла далейшы шлях, скіраваны ў Столін, дзе надзейныя веды давалі выкладчыкі сельскагаспадарчага тэхнікума. Падчас вучобы Жанна захапілася яшчэ і правам. Цікава было разбірацца ў азах заканадаўства. Нездарма юрыдычныя прадметы ацэньваліся ў Жанны толькі на выдатна.

Адначасова з навучаннем складвалася на выдатна і сямейнае жыццё, калі Жанна Мікалаеўна разам з Уладзімірам Георгіевічам стварылі цудоўную пару. Вынікам іх пяшчотнага кахання неўзабаве стаў сын Аляксандр. Як хлопчык крыху падрос, Жанна Каралюк пачала вырашаць, дзе далей прыкласці свае веды і навыкі. Яны аказаліся запатрабаванымі ў жабінкаўскай пракуратуры. Гэтак напрыканцы 1994 года маладая жанчына ў поўнай меры знайшла сябе ў правазнаўстве. Першым сваім сапраўдным настаўнікам Жанна Каралюк называе былога пракурора раёна Уладзіміра Кірылюка. Той цалкам – ад “а” да “я” – уводзіў новую працаўніцу ў адказную справу, тлумачыў, як належна рыхтаваць дакументы, праводзіць іх рэгістрацыю, захоўваць архіў і г.д. Амаль 30 гадоў жанчына была загадчыкам канцылярыі, а з вясны 2023 года па сённяшні час – вядучы спецыяліст па забеспячэнні асноўнай дзейнасці пракуратуры раёна.

– Цікава працаваць з людзьмі, – прызнаецца яна. – Даводзіцца мець зносіны не толькі з грамадзянамі, што звяртаюцца па дапамогу, але й з іншымі дзяржаўнымі, у тым ліку праваахоўнымі органамі. Ёсць разуменне агульнай справы, якая выконваецца на карысць чалавека і роднай дзяржавы.

Сярод шматлікіх адказных абавязкаў Жанны Мікалаеўны – поўная рэгістрацыя ўсіх без выключэння дакументаў не толькі ў электронным варыянце, але і ў папяровым фармаце. Карэспандэнцыя, што прыходзіць у пракуратуру, а таксама лісты, якія накіроўваюцца з яе, таксама не абмінаюць рук Жанны Каралюк. Наша суразмоўніца асабліва падкрэслівае: ёй даводзіцца весці работу з электроннымі зваротамі грамадзян. Рэгістрацыя ўсіх без выключэння зваротаў таксама ўваходзіць у непасрэдныя абавязкі вядучага спецыяліста па забеспячэнні асноўнай дзейнасці пракуратуры. Іншымі словамі, нават цяжка акрэсліць увесь спектр спраў, якія выконвае Жанна Мікалаеўна.

– Можна шмат гаварыць пра гэтага выдатнага чалавека, – заўважае пракурор раёна Дзмітрый Марачук. – Жанну Каралюк вызначаюць вопыт і стараннасць. Яна з ліку тых, хто цудоўнае ведае сваю справу. Гэта чалавек надзвычай адказны, працавіты, які перажывае за агульны вынік. Калі да яе звяртаюцца па парады, Жанна Мікалаеўна ніколі не адмаўляе ў дапамозе. Яе можна назваць правераным механізмам дзейнасці нашай арганізацыі!

У сваю чаргу наша гераіня не шкадуе цёплых слоў у адрас калег:

– Калектыў выдатны, з ім, лічу, мне моцна пашацавала. Існуе адчуванне сапраўднай каманды, дзе заўсёды дапамогуць, выслухаюць, бо працуюць на агульны станоўчы вынік. Нездарма яго ўзначальвае малады, ініцыятыўны кіраўнік і выдатны арганізатар Дзмітрый Марачук. Разам з Дзмітрыем Юр’евічам удзельнічаем у многіх спаборніцтвах.

Вось і сёлета жабінкаўцы сталі дыпламантамі ХІХ творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў пракуратуры. У гэтым агульным поспеху ёсць немалы ўнёсак і Жанны Каралюк. Калектыў пракуратуры за дапамогу выказвае падзяку таксама раённай газеце, ліцэю, сярэдняй школе №3 і тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Акрамя таго, Жанна Мікалаеўна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці – у святкаваннях 9 Мая, Дня Незалежнасці, Дня роднага горада ды мерапрыемствах, прымеркаваных да Года беларускай жанчыны. Ёй прыемна, што 2026-ы праходзіць пад зоркай прыгажосці. Нашы жанчыны, на думку Жанны Каралюк, сваёй працавітасцю і адданасцю сям’і заслужылі, каб пражыць цэлы год – нават усё жыццё! – у промнях кахання, славы і пашаны. Яна жадае сяброўкам моцнага здароўя, простага жаночага шчасця і дабрабыту на ўсё жыццё, рэалізацыі сваіх мар і жаданняў у стваральнай працы.

Анатоль РОСТАЎ

Фота аўтара