ЗМАГАННЕ ЗА ВОЛЬНАСЦЬ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Старонка календара, на якой пазначана дата 17 верасня, цяпер нездарма мае чырвоную афарбоўку. І гэта не толькі таму, што дзень прыпадае на суботу. Больш значна, што ён адсылае нас да сапраўды векапомных падзей трыццаць дзявятага года і стаў у Беларусі дзяржаўным святам — Днём народнага адзінства. Пра тое, як адбывалася аб’яднанне ў адной краіне заходніх і ўсходніх беларускіх земляў, гэты расказ.
Бадай, няма на захадзе Беларусі гарадоў, дзе б не існавала вуліцы 17-га Верасня. Ёсць яна, вядома, і ў Жабінцы. Некалькі гадоў таму давялося адказваць на пытанне польскіх турыстаў: “Ці не названа жабінкаўская вуліца ў гонар Крупчыцкай бітвы?” Сапраўды, 17 верасня 1794 года ў межах нашага раёна адбыўся гэты знакаміты бой, але дачынення вуліца ў райцэнтры да гэтай даўняй падзеі не мае.
Справа ў тым, што 17 верасня, але 1939 года пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. На захадзе ўжо шугала вогнішча Другой сусветнай вайны, і, каб уратаваць беларусаў ад гэтай навалы, урад СССР вырашыў аб’яднаць у адзінай дзяржаве этнічныя беларускія землі.
Ужо глыбокай ноччу 21 верасня чырвонаармейцы падышлі да межаў сучаснага Жабінкаўскага раёна. Камдыў ЧУЙКОЎ выдаў загад камандзірам танкавых брыгад Сямёну КРЫВАШЭІНУ і Івану ГРЫЗУНОВУ выступіць са сваімі аддзеламі ў накірунку шашы Пружаны — Відамля і Кобрын — Брэст, занятымі немцамі. Пры гэтым была акрэслена лінія, якую было забаронена перасякаць, каб не выклікаць сутычак з вермахтам: “хутар Мельнікі — вёска Драмлёва — мястэчка Жабінка — вёскі Ракітніца і Малыя Радванічы”. (Заўважым, што ўсе згаданыя населеныя пункты ў пачатку 1940 года, калі быў створаны наш раён, увайшлі ў яго склад).
Гэтая мяжа пралягала за не-калькі кіламетраў ад часовай лініі, акрэсленай як “лінія, занятая германскімі войскамі”. Акрамя таго, існавала папярэдняя дамоўленасць: Брэст-Літоўск перадаецца чырвонаармейцам. Таму камдыў Чуйкоў загадаў танкістам пры сустрэчы з прадстаўнікамі германскіх войскаў “у ветлівай форме пытацца, калі і якім парадкам яны будуць адыходзіць”
У той самы час далёка ад нашых мясцін, у Маскве, быў падпісаны савецка-нямецкі пратакол, дзе гаварылася: “Германскае камандаванне прымае неабходныя меры ў гарадах і месцах, якія пераходзяць да часцей Чырвонай Арміі, для іх захавання, і звяртае асабліую ўвагу на тое, што гарады, мястэчкі і важныя ваенныя абарончыя і гаспадарчыя аб’екты (масты, аэрадромы, казармы, склады, чыгуначныя вузлы, вакзалы, тэлеграф, тэлефон, электрастанцыі, рухомы чыгуначны састаў і г.д.) павінны захоўвацца ад шкоды і знішчэння да часу перадачы іх прадстаўнікам Чырвонай Арміі”.
А 16-й гадзіне вайсковыя прадстаўнікі падпісалі дамову аб перадачы горада над Бугам, што і было здзейснена на наступны дзень.
Тады ж, 22 верасня, чырво-наармейцаў віталі і на нашай зямлі. Шматлікія сведкі пазней неаднойчы згадвалі, як у той дзень з нецярплівасцю сустракалі байцоў арміі-вызваліцельніцы ў Абрамавічах (сённяшняя паўночна-заходняя частка горада) і Сцяпанках, Алізаравым Ставе і Дзяменічах, Залуззі, Хадасах ды ў іншых мясцінах. Паўсюль ладзіліся людныя мітынгі, прысвечаныя падзеі, на якую ўскладалі вялікую надзею. У цэнтры тагачаснай Жабінкі, літаральна за некалькі крокаў ад сённяшняга райвыканкама, над будынкам паліцэйскага пастарунка залунаў чырвоны сцяг. Гэтак цягам аднаго месяца тройчы змянілася ўлада: замест польскага і нямецкага арлоў прыйшлі серп і молат.
Усталявалася Савецкая ўлада, і пачаліся пераўтварэнні на новы лад. Але паступовае развіццё перарвалася менш чым праз два гады векапомным нядзельным ранкам 22 чэрвеня 1941 года, калі вермахт зноў перайшоў праз Буг і пачалася Вялікая Айчынная.
Аднак нават таго адносна невялікага часу паміж восенню трыццаць дзявятага і летам сорак першага хапіла, каб прыйшло разуменне, што беларусам лепей жыць у адным агульным доме. Таму настолькі моцным было іх супраціўленне нямецка-фашысцкай навале з першага дня акупацыі да вызвалення і канчатковай перамогі, якую нездарма называюць вялікай.
Анатоль РОСТАЎ
На здымку: векапомны верасень 1939 года: жыхары Заходняй Беларусі сустракаюць чырвонаармейцаў.