Згадваючы пра ваенныя злачынствы, якія вяршылі акупанты на нашай зямлі, мы неаднойчы ўспаміналі ІІІ паліцэйскі батальён, які восенню сорак другога разгарнуў на Палессі аперацыю “Трохкутнік”. Аднак у гэтых страшных справах немцам дапамагала прыгаршча мясцовых жыхароў, што служылі ў паліцыі і жандармерыі. Сярод іх былі палякі, украінцы, беларусы…
Схаваць сляды
У сярэдзіне восені сцяпанкаўскі настаяцель Леанід Дружылоўскі пакінуў у метрычнай кнізе запіс: “Съ 17 Х 1942 года согласно распоряженія Г.(осподина) Гебитс-Комиссара в Бресте записи актов гражданского состоянія переносятся до Уряду Громадянськаго Стану в Жабинке”.
За гэтымі лаканічнымі словамі лёгка чытаецца жаданне “грамадзянскіх” акупацыйных улад схаваць свае брудныя сляды на нашай зямлі. І тыя, што ўжо цягнуліся за крывавым батальёнам, і тыя, што яшчэ планаваліся.
11 верасня — Галавасек — Драмлёва, на жаль, — гэта толькі “размінка” перад маштабным тэрорам, які распачаў ІІІ батальён у хуткім часе.
Уражвае нават выбарачны пералік, змешчаны ў “Журнале баявых дзеянняў” таго батальёна: Боркі — 705 забітых, Хадасы — 461, Забалацце — 289, Барысаўка — 169, Хмелішча — 128, Камяніца-Жыравецкая — 89, Пералум’е і Азяты — па 27 мірных грамадзян.
Самы страшны дзень у нашым раёне — 27 кастрычніка. Месцы расправы — Жабінка, Жыцінь, Сцяброва. Немцы налічылі роўна 500 забітых. У савецкіх крыніцах пазначана крыху меншая колькасць. Так, шэф Жабінкаўскага раёна Стэфан Нікіцюк абвінавачваўся ў тым, што “на ўсіх нарадах даваў устаноўкі бургамістрам валасцей весці барацьбу з партызанамі. Па яго распараджэнні 27.Х.42 г. былі сабраны 473 савецкія грамадзяне, якія расстраляны немцамі”. Двойчы (у 1945 і 1947 гадах) спрабавалі скласці пайменныя спіскі загінулых. Першы раз налічылі 254 усходнікаў, забітых у Жабінцы, другі — 289. Зразумела, гэтыя спісы нельга лічыць вычарпальнымі і дакладнымі.
Хто гэта зрабіў?
31 студзеня 1945 года старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Павел Красякоў сваім подпісам зацвердзіў “Спіс нямецка-фашысцкіх злачынцаў і іх пасобнікаў, якія здзяйснялі злачынствы” на Жабінкаўшчыне. Названа 27 прозвішчаў.
Адкрываюць пералік ужо згаданы вышэй шэф (кіраўнік) раёна Стэфан Нікіцюк і два каменданты паліцыі Мікола Гудыма і Чэслаў Рымкевіч, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў масавым расстрэле яўрэяў у Жабінцы. Ім у поўнай меры дапамагаў памочнік каменданта Павел Манец.
Дакумент дазваляе ўстанавіць таксама прозвішчы трох нямецкіх ваеннаслужачых — непасрэдных удзельнікаў знішчэння Драмлёва.
Шэф жандармерыі Шыйер. Пра яго “подзвігі” сказана красамоўна: “Кіраваў расстрэламі мірных савецкіх грамадзян, асабіста расстрэльваў, паліў, кідаў дзяцей у агонь і даваў указанні і ўстаноўкі жандарам і паліцэйскім падчас аблаў супраць мірных грамадзян”. Побач з шэфам шчыравалі, выконваючы злачынныя загады, два шараговыя жандары — Лейман і Хайна: расстрэльвалі, забівалі, падпальвалі вёскі, кідаючы ў полымя замест дроў старых, жанчын, дзяцей…
Не адставалі ад пералічаных яшчэ тры германскія афіцэры. Шульц вызначыўся ў Радваніцкім сельсавеце і Жабінцы. Ота Шрата дасюль нядобрым словам згадваюць старажылы ў Азятах і Старым Сяле, Ракітніцы і Стрыганцы. Гельмут Шалей узначальваў крэйсляндвірт (акружны сельскагаспадарчы аддзел). Ён указваў жандарам і паліцаям, дзе расстрэльваць і рабаваць людзей, непасрэдна накладваў непамерныя кантрыбуцыю і падаткі на насельніцтва. Між іншым, Шрат і Шалей актыўна рабавалі і нішчылі маёмасць настаяцеля Рагазнянскай Крыжаўздвіжанскай царквы айца Мікалая Міхалоўскага, які быў жыўцом закапаны ў зямлю 27 верасня 1943 года, на свята Уздвіжання Крыжа Гасподняга.
Былі сярод паліцэйскіх і тутэйшыя: Сцяпан Андраюк, Грабоўскі, Васіль Міхно, Іван Буркоўскі, Раманюк, Максімук, Шыдлоўскі, Лука Алізарук, Іван Мікіцюк, Ісаак Зозан, Яўген Дзмітрук, Мацвей Давідчык, Крулікоўскі, Васіль Гуцул, Кананенка, Рыбка, Зыгмунт Валынскі, Аляксандр Гутко.
Заслужаная кара
Лёсы двух апошніх вядомы.
Аляксандр Анісімавіч Гутко — 50-гадовы паліцэйскі з Драмлёва — прыкладна за месяц да вызвалення пакінуў Жабінку. На допыце напрыканцы мая 1945 года ён расказаў наступнае: “Перад адступленнем нямецкай арміі я сумесна з паліцыяй каля 50 чалавек і 20 чалавек жандармерыі 29 чэрвеня 1944 года пакінулі мястэчка Жабінка. Выязджаючы з тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, мы забіралі жывёлу ў сялян вёсак Алізараў Стаў, Падрэчча, Хмелева, Жыцінь, Дзяменічы”. Пасля таго, як Чырвоная Армія заняла Навастрэлец, у якім спыніўся былы паліцай, ён 2 мая 1945 года выехаў на радзіму, дзе і быў арыштаваны. Ніякіх прэтэнзій наконт знішчэння Драмлёва следства ў адносінах Гутко не прад’явіла. І ўсё ж яго саўдзельніцтва з акупантамі паводле артыкула 63-1 КК БССР (“Здрада Радзіме”) прывяло 13 жніўня да смяротнага прыгавору, пазней замененаму на 20 гадоў катаргі. Вязень памёр праз два гады і тры дні пасля вынясення прыгавору ў Брэсцкай турме ад сухотаў.
Значна даўжэй хаваўся ад правасуддзя Зыгмунт Валынскі. Між іншым, яго абвінавачвалі ў гібелі старшыні калгаса “Шлях сацыялізму” Сямёна Дзеркача. Па даносе Валынскага былі таксама расстраляны камсамольцы і актывісты з вёсак Карды і Якаўчыцы. Калі наблізілася лінія фронту, паліцай збег на захад. Ён змяніў прозвішча, прыдумаў сабе незаплямленую біяграфію і працаўладкаваўся ў Варшаве. Валынскага шукалі доўга. Толькі праз дваццаць гадоў пасля Перамогі яго напаткала расплата.
З “Журнала баявых дзеянняў ІІІ паліцэйскага батальёна”, які дзейнічаў на Брэстчыне.
11 верасня 1942 г.
…У Чарнянах расстраляна група ў 60 чалавек, што рэгулярна дапамагалі бандам. У Радванічах спалены 2 двары, адкуль бандыты рэгулярна атрымоўвалі харчы. Расстраляна 1 жанчына, якая шпегавала на карысць бандытаў. (Паведаміць пра знішчэнне ў гэты дзень вёскі Драмлёва батальённы пісар чамусьці “забыўся”).
22 верасня. Аперацыя “Трохкутнік” часова спынена. (Тыя забойствы, што адбываліся на наступны дзень ніяк нельга назваць “спыненнем” аперацыі).
Батальён атрымлівае заданне знішчыць сумесна з падпарадкаванымі яму падраздзяленнямі і далучаным жандарскім мотаўзводам 16-га палка размешчаныя на поўнач і паўночны ўсход ад Макранаў пункты: Боркі, Забалацце і Барысаўку, якія, як высветлілася, з’яўляюцца апорнымі пунктамі банд.
Вечарам 9-я рота сумесна з жандарскім мотаўзводам 16-га палка прыбывае ў Дзівін; 10-я і 11-я роты прыбываюць у Макраны. У кожным апорным пункце застаецца адно аддзяленне. Батальённы камандны пункт усталёўваецца ў Макранах.
23 верасня. Аперацыя пачынаецца з акружэння населеных пунктаў, якое завяршаецца на золку. З надыходам дня жыхароў збіраюць, іх правярае асобая служба. Пасля вылучэння цалкам дабранадзейных сем’яў у Барысаўцы, паводле загаду, расстрэльваюць 169 мужчын, жанчын і дзяцей, у Борках — 705 і ў Забалацці — 289 мужчын, жанчын і дзяцей. Затым прыступаюць да канфіскацыі хатняй жывёлы, маёмасці і зерня.
24 верасня. Камандны пункт батальёна — Макраны.
Працягваецца ачыстка населеных пунктаў. Ачышчаныя двары спальваюцца. Карны атрад высочваў банду да мясцовасці усходней Лелікава, але ўжо не застаў яе там. Па ўсім відаць, гэтая банда далучылася да агульгага руху з захаду на ўсход і выйшла ў вярхоўі Прыпяці.
25 верасня. Пасля знішчэння населеных пунктаў роты вяртаюцца вечарам на свае апорныя пункты. Карніцкі атрад прыбывае ў Кобрын у 16.00.
29 верасня. Дзень і ноч узводы высылаюць карныя каманды сілай у адно аддзяленне. Асобы, ведаючыя мовы, здзяйсняюць выведку, пераапранутыя ў грамадзянскія строі. Расстраляны 4 хаўруснікі бандытаў.
3 кастрычніка. 9-я рота высылае дзённыя карныя атрады ў лес каля дорогі Кобрын — Дзівін, паўночней Руховічаў, і на хутары ў раёне Ягманава, па абодва бакі Канала Казацкага.
Начныя карныя атрады ў раёне Ляхчыцаў, Руховічаў і Ізабеліна. Сутычак з бандытамі не было. На поўдзень ад Ляхчыцаў арыштаваны 1 бандыт. У раёне Пералум’я, прыблізна за 7 км на паўднёвы ўсход ад Азятаў, 10-я рота знішчыла 2 двары і 25 асобаў, што там пражывалі. У Міхалінах адзін тайны агент данёс аб іншых асобах, якія падазраюцца ў бандытызме. Там арыштаваны 1 бандыт.
6 кастрычніка. 11-я рота арыштоўвае ў Камяніцы-Жыравецкай 89 савецкіх падданых і 86 з іх расстрэльвае. За 6 км на паўночны захад ад Вялікарыты расстраляна 6 чалавек, за 1 км паўночней Камяніцы-Жыравецкай расстраляны 17 чалавек. У Чарнянах расстраляна
6 савецкіх падданых.
На дарозе Вялікарыта — Пажэжын бандыты застрэлілі бургамістра Пажэжына, які супрацоўнічаў з ротай. Распачаты пошукі віноўнікаў.
7 кастрычніка. 11-я рота расстраляла ў Чарнянах і Нова-Раматове 21 хаўрусніка бандытаў і спаліла 2 двары.
8 кастрычніка. У Азятах расстраляны 27 савецкіх падданых; у Вялікарыце забіты пры спробе збегчы 1 хаўруснік бандытаў.
9 кастрычніка. Праводзяцца карныя мерапрыемствы за забітых у час нападу 4 кастрычніка 1942 г., 10-я і 11-я роты ў пунктах Антанова, Зялёныя Буды, Ляцавец-Суботы (у той час гэты населены пункт быў у складзе Жабінкаўскага раёна), Ляцавец-Нізіны, Ляцавец-Горы і Карастоўка праводзяць дазнанні аб сем’ях, чые члены знаходзяцца сярод бандытаў. Сем’і расстрэльваюцца, двары спальваюцца. Усяго знішчана 17 двароў і расстраляна 19 мужчын, 22 жанчыны і 41 дзіця.
10 кастрычніка. 11-я рота высылае патрулі ў раён Чарнянаў і Пажэжына. У Чарнянах растраляна 8 савецкіх падданых, у Пажэжыне — 18.
12 кастрычніка. У Забалацці і Камяніцы-Біскупскай, паблізу Падлесся, расстраляны 2 савецкія падданыя, у Вялікарыце — 5 хаўруснікаў бандытаў.
21 кастрычніка. 9-я рота высылае атрад у раён на захад ад Бельска і другі атрад у раён Ляхчыцаў. За 3 км паўночней Ляхчыцаў выяўлена і разбурана зямлянка. У Ляхчыцах расстраляны 2 сям’і, якія падтрымлівалі сувязь з бандытамі. Двары і жывёла канфіскаваныя. Расстраляны 8 хаўруснікаў бандытаў, 1 бандыт і 5 яўрэяў.
У адным лагеры ля дарогі Брэст — Кобрын 10-я рота расстраляла 461 яўрэя. (Маецца на ўвазе масавае забойства паблізу вёскі Хадасы, дзе ў 2004 годзе ўсталяваны помнік).
27 кастрычніка. 10-я рота праводзіла праверку насельніцтва ў раёне Жабінкі. Закатавана 500 перася-ленцаў з Савецкага Саюза.
30 кастрычніка. 10-я рота накіравана ў Пінск для правядзення аперацыі па вынішчэнні яўрэяў.
11-я рота праводзіць выведку ў Маларыце. У Азятах высветлена, што адзін дом служыў лагерам для бандытаў, другі дом, у якім месцілася схованка абмундзіравання, быў спалены. 24 чалавекі расстраляныя. 5 чалавек з Вялікарыты арыштаваны і дапытаны.
31 кастрычніка. 9-я рота выступае ў Самары (24 км усходней Макранаў) для вынішчэння яўрэяў у гэтым месцы.
У Блотах-Велькіх і Цакальнечах (11 км на паўднёвы ўсход ад Кобрына) арыштаваны і пакараны смерцю па 3 яўрэі. У Блотах-Велькіх, Дарапеевічах (14 км паўночней Макранаў), Паўлаполі, Оры, Замордзіне і Клецішчы безвынікова дзейнічалі карныя каманды, бо поспеху не прынеслі. На дарозе Хабовічы — Кобрын захоплены 2 яўрэі і перададзены СД у Кобрыне.
10-я рота працягвае вынішчэнне яўрэяў у Пінску.
Пакінутая на апорным пункце варта захапіла ў Міхалінах яўрэйку і расстраляла яе.
1 лістапада. 9-я рота заканчвае аперацыю па знішчэнні яўрэяў у Самарах, закатавана 80 чалавек. Адна карная каманда накіравана ў Блоты-Велькія.
10-я рота працягвае знішчэнне яўрэяў у Пінску.
3-ці ўзвод 11-й роты арыштаваў 2 яўрэяў, што збеглі з Брэста, і пакараў іх смерцю.
2 лістапада. 9-я рота праследуе 4 узброеных бандытаў з Блотаў-Велькіх да Руховічаў і там губляе іх след. Пасланая зноў у накірунку Ізабеліна карная каманда нікога не выявіла.
9-я рота высылае карныя каманды ў Вялікія Корчыцы, Дарапеевічы і Верхалессе (10 км на паўночны захад ад Бельска). Безвынікова. Выведка працягваецца.
Пакараны 11 чалавек, што перасяліліся сюды з СССР.
10-я рота давяла да канца аперацыю па вынішчэнні яўрэяў у Пінску без асаблівых здарэнняў і вярнулася назад у свае апорныя пункты. (Вынік дзейнасці падначаленых обер-лейтэнанта Мюлера: Пінск перастаў быць яўрэйскім горадам…).
P.S. Папера, як вядома, не чырванее і выдатна захоўвае сведчанні. Агульны вынік крывавай дзейнасці ІІІ батальёна: за няпоўныя тры месяцы забіта 44837 чалавек, з іх усяго 113 партызан… Агульная колькасць закатаваных у Жабінцы і Драмлёве, Жыціні і Хадасах паводле дакументаў склала амаль 1200 мірных грамадзян.
Анатоль БЕНЗЯРУК
