Зіма спытае пра пашпарт гатоўнасці

Святлана БЯЛЯК.

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося пад старшынствам Дзмітрыя Гарадзецкага.
На абмеркаванне выносілася пытанне аб гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд. Дакладвала па гэтым пытанні намеснік начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Ганчук.
Яна паведаміла, што запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы кацельняў, электрычных і цеплавых сетак, аб’ектаў сацыяльнай сферы і ЖКГ да работы ў асенне-зімовы перыяд у асноўным ажыццяўляюцца згодна з намечанымі тэрмінамі і ў патрабуемых аб’ёмах. Усе кацельні, што выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, аснашчаны павецямі і складамі, што забяспечвае належныя ўмовы для яго захоўвання.
Па стане на 17 верасня райэнергаінспекцыя зарэгістравала 48 з 57 (84 %) пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і 96 са 122 (78 %) — спажыўцоў.
Юлія Леанідаўна ў сваім дакла-дзе больш падрабязна спынілася на станоўчых захадах, якія прымаліся пэўнымі арганізацыямі напярэдадні халадоў. Так, напрыклад, работнікі КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” выканалі прафілактычны рамонт 16 кацельняў (100 %), ачыстку ўнутранай паверхні 49 катлоў; назапасілі 1590 кубічных метраў дроў (пры заданні 1600), 102 тоны брыкету (заданне — 100), драўнінных шчэпак — 471 тону. Таксама адрамантаваны чатыры артсвідравіны, гідрант, заменена каналізацыйная помпа. На балансе прадпрыемства знаходзіцца 42 км цеплавых сетак, з якіх заменена ПІ-труб 39,6 км; перакладзена нанова 0,225 км водаправодных сетак і калектараў; прамыта 18,8 км водаправодаў і інш.
Што тычыцца надыходзячай зімы, то ўжо нарыхтавана 359 тон пясчана-салянай сумесі, заказаны два вагоны солі. Вызначана чарговасць ачысткі вуліц ад снегу, а таксама месцы яго часовага захоўвання. Таксама КУШВП “Жабінкаўская ЖКГ” заключыла з фізічнымі асобамі 1872 дагаворы на цеплазабеспячэнне (план — 3406).
На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у поўным аб’ёме рэалізаваны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, створаны нарматыўны запас топкавага мазуту (67 тон). На ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” запланаваныя мерапрыемствы таксама выкананы ў поўным аб’ёме.
Праведзена цеплавая мадэрнізацыя вонкавых сцен дзіцячага ясляў-сада № 5, капітальны рамонт ясляў-сада № 4 з устаноўкай аўтаматычнага рэгулятара сістэмы ацяплення. Створаны неабходны запас паліва для ўстаноў адукацыі, спорту і турызму.
Жабінкаўскім ДРБУ № 103 распрацаваны графікі зімняга ўтрымання дарог з замацаваннем машын, механізмаў, вадзіцельскага саставу і інжынернай службы. У філіяле для абслугоўвання мясцовых аўтамабільных дарог у зімовы перыяд маюцца ў наяўнасці 9 снегаачышчальных машын і 4 пескараскідвальнікі. Уся тэхніка спраўная.
Па стане на 1 верасня насельніцтву раёна філіялам “Жабінкаўскі райпалівазбыт” адпушчана 1950 тон паліўных брыкетаў і 940 кубічных метраў дроў. Таксама з пачатку года торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” паставіў 1950 тон брыкету, што на 201 тону больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
Пасля абмеркавання ўсіх пытанняў былі прыняты адпаведныя рашэнні.