Жывыя і мёртвыя

Анатоль БЕНЗЯРУК.

У 1959-м, альбо 60 гадоў таму, свет пабачыў раман Канстанціна Сіманава “Жывыя і мёртвыя”, які лічыцца адным з найбольш яркіх твораў аб вайне. Наш праект — спроба не столькі “дагрукацца да нябёсаў”, колькі абудзіць у жывых памяць пра тых, каго ўжо няма. Таму надзвычай карысна зваротная сувязь. Толькі яна дазваляе беспамылкова адчуць вынік уздзеяння на людзей журналісцкага слова. Ці кранула яно некага, ці расхвалявала, зацікавіла, не пакінула абыякавым? Днямі ў рэдакцыю завітала Наталля Бялых. З удзячнасцю.
НАТАЛЛЮ МІКАЛАЕЎНУ амаль да слёз кранула памяць пра яе блізкага родзіча. Між іншым, у рэдакцыі яна пакінула свой запіс, дзе былі і такія словы: “Хачу выказаць падзяку аўтару артыкула “Гэта трэба жывым” А. Бензеруку ад 10.04.19 аб біяграфіі маёй сям’і…” Нагадаем, у той заметцы расказвалася пра мажэйкаўца Кірыла Філіпавіча Карабана, якога памылкова ў раённай кнізе “Памяць” аднеслі да ліку загінулых на Вялікай Айчыннай вайне. Хоць, як даводзіць Наталля Мікалаеўна, яна цудоўна ведала Кірыла Карабана, роднага брата яе дзядулі, “у якога нарадзілася трое дзяцей”, а сам ветэран памёр толькі ўзімку 1997 года.
У артыкуле “Гэта трэба жывым” быў і такі пасыл: памылка ў біяграфіі Кірыла Філіпавіча, на жаль, не ўнікальная: у раённай гісторыка-дакументальнай хроніцы ёсць і іншыя прыклады, калі ў спісах загінулых аказваліся прозвішчы выжыўшых.
Сёння яшчэ адзін такі яскравы прыклад.
У сярэдзіне 70-х з карты Жабінкаўскага раёна знікла вёска Валковічы — малая радзіма Рыгора Пятровіча ДЗЕРКАЧА (1913–1958). Павестку з Жабінкаўскага ваенкамата ён атрымаў 18 жніўня 1944 года. Служыць выпала ў 1350-м стралковым палку славутай 234-й Ламаносава-Пражскай ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага стралковай дывізіі, якая дайшла з баямі да Эльбы. Аднак 21 кастрычніка 1944-га Дзяркач “адстаў” ад свайго палка. Прычына была ўважлівая: радавы 5-й стралковай роты быў моцна паранены пад Варшавай. У жорсткім баі за вёску Сіўкі галовы склалі многія чырвонаармейцы. Пахавальныя каманды закапалі забітых на паўднёвым ускрайку сяла, а палкавы пісар разаслаў родзічам горкія весткі.
Рыгору Дзеркачу пашчасціла: варожая куля яго кранула, ды не забіла. Аднак пра тое стала вядома пазней, калі па байцу ўжо адгаласілі ў Старым Сяле, дзе жыла ягоная жонка Акуліна Яфімаўна.
У пераможным сорак пятым на пахавальным лісце па шарагоўцу Дзеркачу з’явіліся адмысловыя надпісы: “Жывы, паранены, адраса яшчэ не ведаем. 20.01.45г.” і далей: “Знаходзіцца ў водпуску пасля ранення на лячэнні. 4/VI-45г. в. Старое Сяло Жабінскі раён”.
Аднак вайна пакінула незажыўны след. Ветэран памёр ад хваробы восенню 1958-га. Яму было ўсяго сорак пяць.
…А яшчэ праз сорак гадоў свет пабачыла “Памяць”. І ён “загінуў” зноў — ад бяспамяцтва. Прычым, двойчы: на старонках 319-й і 328-й.