З гэтых слоў пачыналася цудоўнае свята ў аграгарадку Мухавец, прымеркаванае да Міжнароднага дня міру. Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы абласнога этапа конкурсу “Мір у душы — мір у краіне!”.
Вынікі падводзіліся ў прыгожай зале гасцінічнага комплексу “Лагуна Янтарная”. Творчае спаборніцтва ладзілася ў рамках рэспубліканскага праекта “Шчасце жыць у мірнай краіне”. Больш за дзве сотні дзяцей з усіх куткоў Брэстчыны сваімі яркімі творамі даказалі, наколькі шмат талентаў мае наша зямля. А таму дарослыя былі проста абавязаны падтрымаць іх пошукі ў свеце прыгожага, дапамагчы дзіцячаму натхненню расправіць крылы. Нездарма сярод журы былі тыя, хто годна прадстаўляе творчыя і дабрачынныя арганізацыі краіны: члены Беларускага саюза мастакоў Мікалай КУЗЬМІЧ і Аляксандр УЛЫБІН, сябры абласной пісьменніцкай суполкі Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ і Анатоль БЕНЗЯРУК, кіраўнік аддзела па рабоце з моладдзю Брэсцкай епархіі іерэй Павел РАМАНОВІЧ і старшыня праўлення абласнога аддзялення айчыннага Фонду міру Лідзія РАМАНЮК.
Лідзіі Мікалаеўне выпала пачэсная місія першай уганараваць юных паэтаў — тых, для каго гэты конкурс стаў сапраўдным “зорным часам”. Гэта ж вельмі няпроста (калі нават ты ўжо дарослы) вершаванымі радкамі апісаць свет, прыгожа зарыфмаваць свае думкі пра Айчыну, мір, любоў да роднага краю. А тут на суд журы свае творы, прасягнутыя лірычнымі пачуццямі, прадстаўлялі пачынаючыя паэты. Дзясяцера былі прызнаны найлепшымі і атрымалі ўзнагароды з рук Лідзіі Мікалаеўны. На жаль, на свяце не прысутнічала наша зямлячка Вольга ДРУШЧЫЦ, але сертыфікат і дыплом пераможцы ў хуткім часе завітае ў яе дом у Старым Сяле. Дарэчы, у вёсцы, якую юная паэтка з любасцю апісала ў вершы, два тыдні таму з дапамогай абласнога аддзялення Фонду міру адчынілася адмысловая “Школа міру”. У тым, што гэта стала магчыма, мабыць, ёсць заслуга і Вольгі, якая ўжо не ў першы раз удзельнічае і перамагае ў творчым конкурсе.
Акрамя таго, спецыяльным дыпломам Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі быў адзначаны верш “Любімая старонка” Варвары АНДРЫЯШКА з Івацэвіцкага раёна.
У намінацыі “Проза” жабінкаўцы таксама не засталіся без узнагароды. Дыплом пераможцы з рук галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Аляксандра ЗАВЕРЫЧА атрымала вучаніца другой школы Вікторыя МАСІЕВІЧ.
А вось сярод юных мастакоў асабліва вылучылі работу Арцемія ДЗЕМЧУКА “Свята-Мікіцкая царква — жамчужына палескага дойлідства”. Найперш вучань СШ № 1 горада Жабінкі атрымаў падарункі ад епархіі і Ліст падзякі, уласнаручна падпісаны архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім ІААНАМ. (Да слова, так супала ці было наканавана, што праз лічаныя дні ўладыка прысутнічаў на прастольным свяце ў 520-гадовым храме, намаляваным дзіцячай рукой). А затым, калі да мікрафона запрасілі членаў журы, 12-гадовы жабінкавец пачуў добрыя словы ў свой адрас ад прафесійнага мастака Аляксандра Улыбіна, які зрабіў Арцемію прыемны дарунак — сваю карціну.
Віншавальныя словы прамовіла і Наталія ІЛЬНІЦКАЯ — гаспадыня цудоўнай “Лагуны”, дзе ў той дзень знайшла прытулак творчасць юных.
Наталія Емяльянаўна, вядомая сваёй дабрачыннасцю, шмат робіць для захавання мінуўшчыны. Яе клопатам узнікла “Алея памяці”, на якой усталяваны помнікі воінам Чырвонай Арміі, што загінулі, вызваляючы Польшчу.
Некалі яны месціліся ў польскіх гарадах і вёсках, цяпер знайшлі свой прытулак на брэсцкай зямлі. Хлочыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць прайсціся па той алеі, паслухаць расказ пра подзвіг воінаў-вызваліцеляў. А затым пераможцаў конкурсу чакала прыемная місія: яны разам з дарослымі пасадзілі малады дубок — сімвал жыцця і сувязі часоў ды розных пакаленняў.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымках: “Дубок, расці!” — гаворыць жабінкавец Арцемій ДЗЯМЧУК;
сапраўдным святам стала для юнай мастачкі з Лунінца Юліі БРЭЗІНАЙ перамога ў конкурсе і наведванне “Алеі памяці”.

