Зноў красавік сваімі краскамі фарбуе наваколлі. Ды разам з радасцю жыцця вяртаецца нагода ўспомніць тыя дні, што ў адначассе змянілі іх агульны лёс. Бо колькі б веку не адмерана, а з гэтым успамінам жыць Ганне Ярасаўне і Аляксандру Захаравічу Лаўшукам.
Вецер прызнання
Чалавечае жыццё часам цячэ нетаропка, нібыта плынь, а бывае інакш: раптоўна сарвецца шквалісты вецер і панясе далёка ад роднага парога…
У яго жыцці так і было: спачатку — штыль, затым — дзявяты вал, а сёння зноў — спакой, бязвоблачнае неба…
Летась Аляксандр Захаравіч адзначыў 70 гадоў — час, каб агледзецца дый падвесці пэўныя высновы:
— Лічу, свой век пражыў я не дарэмна, пашчасціла ў жыцці: у сям’і парадак і на працы меў я досыць поспехаў.
У пацверджанне слоў дастае цэлы стос узнагарод. Яны атрыманы за дваццаць гадоў, пакуль Лаўшук працаваў на Гомельшчыне. Тады, бадай, і года не мінала, каб ветэрынарная служба, якую ён узначальваў у саўгасе “Нараўлянскі”, не перамагала ў сацыялістычных спаборніцтвах. За тое ветурачу нават дазволілі па-за чаргой набыць “Жыгулі”. (Цяпер маладым і ўявіць цяжка: некалі з-за бясконцых чэргаў нават за ўласныя грошы нельга было купіць аўто — вялікую тады раскошу).
Добрая традыцыя быць сярод лепшых працягнулася і пазней, калі Аляксандр Лаўшук з сям’ёй перабраўся ў наш раён. Скарбонка асабістых узнагарод папоўнілася ў 2010-м Лістом падзякі ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, а праз пяць гадоў і Ганаровай граматай райвыканкама. Пра яго поспехі пісала нават рэспубліканская прэса, адзначалася, што ў саўгасе “Жабінкаўскі” стараннямі ветурача практычна не гінулі каровы — найлепшы быў паказчык ва ўсёй краіне!
Злы чарнобыльскі вецер
Не па сваёй волі Лаўшукі апынуліся на нашай зямлі. З родных мясцін, як і тысячы сем’яў, сагнаў атручаны чарнобыльскі вецер.
Дзень у дзень, 26 красавіка 1986 года, Аляксандр Захаравіч паехаў на семінар. Пытанне разглядалася звычаёвае — пра выпас жывёлы ў веснавую пару на жыце. Аднак сур’ёзна задумацца прымусіла не гэта, а словы ветурача з саўгаса “Прыпяцкі”, які патаемна падзяліўся весткай:
— Ноччу на чарнобыльскай станцыі надарыўся пажар.
Вярнуўшыся дамоў, гаспадар адразу пазакрываў вокны, паставіў на калодзеж абарону. Разам з жонкай параіўся і дзяцей Святланку, Сяргейку ды наймалодшага пяцігадовага Сашу адправіў да сястры ў сталіцу.
На Першамай у Нароўлю завіталі журналісты. Ад іх даведаліся: на ЧАЭС насамрэч не просты пажар, адбылася значная аварыя. Канечне, сапраўдных маштабаў ніхто тады і ўявіць не мог. Тым больш ніхто не думаў, што давядзецца пакідаць свае мясціны. Аднак праз два тыдні, калі Ганна Ярасаўна з дзецьмі вярнулася з Мінска, пачаўся масавы вываз школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў у летнікі і санаторыі спачатку ў Мазыр, затым у Гродна, Ліду.
Калі прыязджалі аўтобусы, усе плакалі ў прадчуванні доўгага расстання. Самыя малыя, мабыць, яшчэ не разумелі таго, што здарылася нешта благое. А старэйшыя заходзіліся слязьмі, тым больш, што маці галасілі, праводзячы ад школы тыя аўтобусы.
…Усё раптоўна апусцела. Яшчэ ўчора паселішча гудзела, гаманіла, было напоўнена, нібыта гнёзды, дзіцячым звонкім смехам. А сёння — цішыня. І толькі неспакой ды слёзы ў вачах і думкі — іх не адпіхнеш і не адгоніш: што робіцца? чаго чакаць? як жыць далей?
Да пачатку навучальнага года дзеці ўсё ж вярнуліся. Ды не было ўжо таго ранейшага настрою. Шмат хто задумаўся: раней або пазней, але ўсё ж прыйдзецца развітвацца з родным краем.
Пераменлівы вецер паклікаў на захад
Для Лаўшукоў такім днём развітання стала 2 жніўня 1992 года, на свята, на Ілью. Паглядзелі розныя вобласці, а прыехалі на Брэстчыну. Адрас падказаў зямляк, былы дырэктар саўгаса “Нараўлянскі” Генадзь Бульскі. Генадзь Яфімавіч тады працаваў у аблвыканкаме, дзе займаўся чарнобыльскімі справамі, дапамагаў абжывацца і працаўладкоўвацца перасяленцам. Ад яго Аляксандр Захаравіч і Ганна Ярасаўна даведаліся, што ў Азятах будуюцца ажно дзве вуліцы з добраўпарадкаванымі так званымі “прэзідэнцкімі домікамі” для чарнобыльцаў. На тых вуліцах — каля трох дзясяткаў хат, і адна з іх можа стаць новым сямейным гняздом для Лаўшукоў.
— Вядома, радаваліся вялікаму ўтульнаму дому, розным дабротам, прыроднаму газу, — прамовіў Аляксандр Захаравіч.
Тут уздыхнула гаспадыня і скрушна дадала:
— Прыродны — не прыродны, а ўсё ж штодня радзіму ўспамінаю. Родны Смалегаў Чарнобыль знішчыў, няма ўжо маёй вёскі на зямлі… І толькі сняцца мне мясціны, дзе была маладою дый марыла ўвесь свой век пражыць. Вось дзецям і ўнукам, ім лягчэй: маладому дрэўцу прасцей пусціць карані на чужой зямлі.
Старэйшая дачка Святлана Іванюк цяпер працуе ў райбальніцы, малодшы сын Саша — вадзіцель. Ну а сярэдні Сяргей амаль чвэрць веку адслужыў пагранічнікам. Яго дарогаю пайшлі сын Уладзіслаў і пляменнік Дзмітрый: цяпер абодва на мяжы ахоўваюць Радзімы рубяжы. Радуе дзядулю з бабуляй і Маша — наймалодшая ўнучка-шасцікласніца, амаль выдатніца. Яны нярэдка прыязджаюць, яшчэ часцей тэлефануюць, каб даведацца пра жыццё-быццё родных ім людзей дый пажадаць ім добрага здароўя.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
