Сёння цяжка ўявіць сабе жыццё без электрычнасці, якая выкарыстоўваецца ў многіх галінах чалавечай дзейнасці. Але часам людзі забываюць, што яна тоіць у сабе смяротную небяспеку. Органы дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду рэгулярна папярэджваюць пра неабходнасць захавання мер электрабяспекі ў ахоўных зонах аб’ектаў электраэнергетыкі, пра тое, што небяспечнае набліжэнне да правадоў паветраных ліній электраперадачы і токаводных частак электраўстановак вельмі небяспечна для жыцця.
Усе мы памятаем са школы, што трапіць пад уздзеянне электрычнага току можна не толькі непасрэдна дакрануўшыся да токаводных частак, але нават пры набліжэнні да іх. Менавіта гэта павінны памятаць рыбакі, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці ад паветраных ліній электраперадачы. Бестурботнасць некаторых з іх здзіўляе: яны бясстрашна размахваюць вудзільнам
пад дзеючай лініяй напружаннем некалькі дзясяткаў і сотняў тысяч вольт. Аднак не ўсе, мабыць, ведаюць, што вельмі распаўсюджаныя ў наш час вудзільны з вугляпластыку — выдатныя праваднікі электрычнасці. Таму іх нельга выкарыстоўваць у навальніцу і пад паве-транымі лініямі электраперадачы. Аб гэтай небяспецы папярэджваюць і вытворцы вудзільнаў, размяшчаючы на іх адпаведныя знакі і надпісы.
Але, на жаль, няшчасныя выпадкі на рыбалцы, звязаныя з паражэннем электрычнасцю, адбываюцца і далей. Вось некалькі прыкладаў за апошнія гады. Так, 20 мая 2018 года жыхар вёскі Рыбна Кобрынскага раёна рыбачыў у раёне Днепра-Бугскага рыбгаса. Калі скончыў лоўлю, не склаў вудзільна і накіраваўся з ім да аўтамабіля. Праходзячы ў пралёце апор ВЛ-10 кВ ён спатыкнуўся аб штучны насып, наблізіўся вудзільнам на недапушчальную адлегласць да правадоў ВЛ, у выніку чаго трапіў пад напружанне і быў смяротна траўміраваны электратокам. На апоры быў усталяваны плакат “Ахоўная зона лініі электраперадачы. Небяспечна для жыцця. Рыбная лоўля забаронена”.
Летась, 6 жніўня, у прыёмнае аддзяленне Пінскай бальніцы быў дастаўлены мясцовы жыхар з электратраўмамі рукі і нагі. З яго слоў, ён атрымаў іх пры руху з раскладзенай шасціметровай вудай каля ВЛ-10 кВ на рацэ Ясельда. Пры аглядзе месца здарэння заўваг па тэхнічным стане лініі не выяўлена. Прычынай стала грубае парушэнне пацярпелым Правілаў аховы электрычных сетак, асабістая неасцярожнасць, грэбаванне правіламі электрабяспекі.
Гэтыя трагічныя выпадкі павінны стаць кожнаму аматару рыбнай лоўлі яшчэ адным напамінам аб захаванні элементарных мер бяспекі: не лавіць рыбу пад паветранымі лініямі электраперадачы, пры вымушаным перамяшчэнні пад правадамі варта пераносіць вудзільна ў складзеным выглядзе. Не забывайце: ім нельга дакранацца да правадоў, смяротна небяспечна нават набліжаць яго да правадоў высокага напружання. Зрабіце заўвагу тым, хто парушае правілы паводзінаў паблізу энергааб’ектаў. Памятайце: нават самы багаты ўлоў не каштоўней за чалавечае жыццё!
Аляксандр ДЗЕМІДЗЮК, інспектар энергаінспекцыі Жабінкаўскай РЭГІ
Главные новости
