Здаецца, толькі нядаўна пачалі ўборку збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарках Жабінкаўскага раёна, як у трох сельгасарганізацыях ужо адзначылі “Дажынкі”. У першы дзень жніўня заканчэнне ўборачнай кампаніі – 2026 святкавалі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Хмелева”, у панядзелак, 3 жніўня, фінальныя акорды ўборкі прагучалі ў ААТ “Арэпічы” і “Жабінкаўскі”.
Карэспандэнты раённай газеты “Жабінка актуальна” пабывалі ў сельгасарганізацыі, якая носіць назву нашага раёна і знаходзіцца найбліжэй да горада-спадарожніка, а адміністрацыйны будынак таварыства – нават у самой Жабінцы.
Па полі з невялікай плошчай нязжатага трыцікале плылі восем камбайнаў. Пад’язджаючы да краю поля, камбайнёры гучна пасігналілі, абвясціўшы такім чынам дажынкі.
Ля святочна аформленых снапоў выстраіліся ў рад грузавыя аўтамабілі, побач – магутныя камбайны. У цэнтры – на цюках саломы, на вышытых беларускім арнаментам рушніках – духмяныя караваі, якія дырэктар ААТ “Жабінкаўскі” Міхаіл Вячорка ўручыў найлепшым рупліўцам жніва.
Усіх пералічыць не хопіць газетнай плошчы, мы агучым імёны тых, хто пераадолеў тысячную планку. Звыш тысячы тон збожжа намалацілі камбайнеры Вячаслаў Пясецкі, Андрэй Валасюк ды сямейны экіпаж бацькі і сына Юрыя і Уладзіслава Карнейчукоў. Больш за тысячу тон зерня перавезлі ад камбайнаў вадзіцелі Сяргей Башкоў і Віктар Шастачук. А ўвогуле на свяце “Дажынкі” ў ААТ “Жабінкаўскі” не абмінулі ўвагай ні аднаго працаўніка, што ўнёс свой уклад ва ўборку ўраджаю. Словы падзякі прагучалі ў адрас механізатараў, кладаўшчыкоў, начальнікаў аддзяленяў №1 Аляксандра Андрасюка і №2 Сяргея Батуры, галоўнага агранома Уладзіслава Пашкевіча, галоўнага інжынера Віктара Майшука, намесніка дырэктара па раслінаводстве Сяргея Юшкевіча. Не забыліся і на раздатчыцу абедаў Святлану Буневіч, якая карміла аграрыяў у полі.
– Гэты сухі гарачы год стаў чарговым выпрабаваннем на трываласць для ўсіх хлебаробаў. Работнікам сельскай гаспадаркі прыйшлося змагацца за кожны колас. І вы годна справіліся. Гэта заслуга кожнага, хто мае дачыненне да ўборачнай кампаніі. Дзякуючы вашай працавітасці, самааддачы, прафесійнаму падыходу да справы забяспечана харчовая бяспека Радзімы, а, значыць, на нашых сталах па-ранейшаму будзе смачны і духмяны хлеб, – адзначыў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Вячорка.
Міхаіл Мікалаевіч павіншаваў работнікаў сельгаспрадпрыемства з “Дажынкамі”, пажадаў здароўя і дабрабыту.
Намеснік дырэктара па раслінаводстве Сяргей Юшкевіч дапоўніў, што сёлета ў ААТ “Жабінкаўскі” з 1794 гектараў намалацілі крыху больш як 5,8 тысячы тон збожжа. Спякотнае лета падкарэкціравала ўраджайнасць, у сярэднім з кожнага гектара ўзялі па 32 цэнтнеры збожжа. Асабліва парадавала азімая пшаніца – атрымалі яе 36,6 цэнтнера на круг.
Героям палёў і іх працавітым рукам, што пахнуць хлебам, прысвячаліся музычныя кампазіцыі ад міні-тэатра гумару і песні “Спявай, душа!” Крыўлянскага СДК. Гучалі-луналі песні над полем, радуючы рупліўцаў, дорачы надзею: будзем з хлебам!


Наталля ВАЛОШКА
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
