Рэпартаж пра святкаванне ў ГДК 8 Сакавіка
Здаўна жыццё Жабінкі звязана з чыгункай. 4 сакавіка ў ГДК стартаваў незвычайны “цягнік № 8”. Напярэдадні першага цудоўнага веснавога свята ён прывёз падарункі ад таленавітых работнікаў культуры. Сёння раскажам, як паміж віншавальна-забаўляльнымі і музычна-танцавальнымі станцыямі шпарка рухаўся “Жаночы экспрэс”.
Жаданні і іх выкананні
Жанчына спалучае ў сябе шматлікія стыхіі. Яна адначасова Сонца, Мора, Вецер… Таму іх вобразы спачатку вечарыны намалявалі цені, што рухаліся пад чары музыкі і яркі верш. А надалей было і песеннае прысвятэнне народнага ансамбля “Каларыт”.
“Жаночы экспрэс” пад нумарам 8 павінен быў накіравацца ў дарогу, каб выканаць жаданні і несці радасць усім, хто “быццам Сонца, Мора, Вецер…”
Перад гудком, за хвіліну да пачатку руху слова атрымаў “начальнік нашага экспрэса”. У гэтай
ролі — кіраўнік раёна Вадзім КРАЎЧУК. Замест падрыхтаванага даклада ён выказаўся проста, без паперкі:
— Я ніколі ў сваёй практыцы не віншаваў з Міжнародным жаночым днём за чатыры дні да свята. І для нас, мужчын, гэта проста выдатна: ёсць цэлыя чатыры дні на пошук падарункаў!
Хоць, калі шчыра, найбольшы падарунак ад мілых, чароўных, надзвычай непаўторных усё ж атрымоўваем мы. Вадзім Васільевіч заўважыў: паводле статыстыкі, у Беларусі мужчыны жывуць у сярэднім 64 гады, а на Жабінкаўшчыне — 69.
— Сваім клопатам і дапамогай вы збераглі нам гэтыя пяць гадоў жыцця. А яшчэ — дорыце і гадуеце працяг жыцця. Нездарма летась у раёне нарадзіліся 104 хлопчыкі і 109 дзяўчынак. Дзеля жанчыны можна пайсці на самыя неверагодныя ўчынкі. Таму жадаю вам самых-самых-самых смелых жаданняў і іх выканання!
Некаторыя мары спраўдзіліся ўжо ў дзень, калі рушыў незвычайны экспрэс.
Мільгаюць станцыі з песнямі ды танцамі
За гадзіну з нечым, што доўжылася вечарына, было шмат песень, танцаў, шчырых віншаванняў. “Жаночы экспрэс” рухаўся ад станцыі да станцыі, дорачы прыемныя сюрпрызы.
Першы музычны прыпынак быў названы “Кветкі для дам”, бо жанчын нездарма завуць прыгожым полам, а краскі — цудоўнымі стварэннямі пры-роды. На першая станцыі слухачоў, а асабліва слухачак чакаў сапраўдны музычны букет віншаванняў, а ў ім разнакаляровасць — ад ста-рых неўмяручых песень у выкананні “Аляксандр-парку”, “Папуры” самадзейных артыстаў з Крыўлянскага СДК, музычнага нумара, падараванага “Натхненнем +”, да касмічных матываў групы “Stardas”.
Асабліва нечаканым, а таму вельмі прыемным момантам стаў розыгрыш трох букетаў, які правёў вядучы Ілья УЧАЕЎ.
Другая станцыя мела кра-наючую, вядомую кожнаму з маленства назву, — “Мама”. Самаму дарагому на свеце чалавеку, які дорыць кожнаму жыццё, прысвяцілі сваю творчасць гарэзлівыя “Каруначкі” і салістка Ірына ЧАРНОВА.
…А цягнік, адолеўшы “экватар”, тым часам наблізіўся да станцыі “Прыгажосць”, дзе загучалі “Мільён галасоў” у выкананні Златы ЛУКАШЭВІЧ і “Вальс”, створаны акардыяністамі дзіцячай школы мастацтваў.
Узняты імі настрой стаў яшчэ большым на наступным прыпынку, які называўся “Жаночы настрой”. Тут свае музычныя віншаванні дарылі салісты Галіна МІЦКОВІЧ, Валерый НЯМЕНЬШЫ, Марына МАНІШКА ды завадныя “Непаседы”.
Вядома, што ніякае свята не абыходзіцца без добрых сяброў. І яны прыбылі на станцыю “Гасцінная” з суседняга Брэсцкага раёна. Мужчынскі народны вакальны ансамбль “Благавест” з задавальненнем далучыўся да агульных творчых віншаванняў.
…І вось нарэшце святочны “поезд № 8” прыбывае на канцавую. Хоць назва станцыі падказвае — з гэтага пункта ў жыцці па сутнасці ўсё і пачынаецца.
Бо слова ёмкае “Каханне” — спрадвеку ёсць уладар Сусвету.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ

